Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 385, якім зацверджаны найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2026 год. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Галоўная мэта — забеспячэнне ўстойлівасці эканомікі і павышэнне дабрабыту насельніцтва.
Рост валавога ўнутранага прадукту вызначаны на ўзроўні 102,8 % да ўзроўню 2025 года, чаму будуць спрыяць нарошчванне інвестыцый у асноўны капітал, апераджальны рост экспарту тавараў і паслуг і стымуляцыйны рост даходаў насельніцтва. Адпаведныя прагнозныя параметры таксама ўстанаўліваюцца ўказам. Плануецца, што на інвестыцыйныя мэты ў наступным годзе за кошт усіх крыніц фінансавання будзе накіравана на 3,1 % больш, чым сёлета. Экспарт тавараў і паслуг павялічыцца на 3,7 % з пераважным нарошчваннем яго фізічных аб’ёмаў. Для гэтага намечана пашырэнне супрацоўніцтва з апорнымі пунктамі ў краінах далёкай дугі і аднаўленне прысутнасці на традыцыйных рынках збыту краін СНД. Мэтанакіраваная работа над якасным развіццём і пашырэнне экспартнага патэнцыялу дазволіць забяспечыць рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 4,8 %. Для Нацыянальнага банка і ўрада ўстанаўліваецца мэтавая задача па абмежаванні інфляцыі на ўзроўні, які не перавышае 7 %. Указам устанаўліваецца патрабаванне па зацвярджэнні ўрадам плана сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 год, які выступіць інструментам дасягнення пазначаных арыенціраў.
«Рэалістычны, але напружаны сцэнарый»
Важна адзначыць, што кожная з гэтых лічбаў была ўважліва вывучана і прааналізавана спецыялістамі розных ведамстваў, прагнозныя паказчыкі неаднаразова абмяркоўваліся і разглядаліся. Таму можна смела сцвярджаць, што яны ідуць, як патрабуе кіраўнік дзяржавы, ад жыцця. Аб гэтым ён казаў 16 кастрычніка на нарадзе, прысвечанай праектам прагнозных дакументаў на 2026 год. Тады Прэзідэнт патрабаваў рэалістычнага, але напружанага сцэнарыя. Аляксандр Лукашэнка таксама ставіў задачу абгрунтаваць кожную лічбу і пры планаванні раіў думаць, «як гэта будзе ўспрынята грамадствам і як будзе жыць Беларусь».
«Гэта павінны быць рэальныя, але прыдатныя на практыцы планы пад канкрэтны і эфектыўны вынік», — арыентаваў беларускі лідар.
«Каб выканаць прагнозныя параметры, спатрэбіцца зладжаная работа»
У размове з журналістамі Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын расказаў, што на пачатку работы над прагнознымі дакументамі параметры былі «ўмерана напружанымі». Сёння, па яго словах, яны выглядаюць звышнапружана, — сказаў кіраўнік урада.
«Сітуацыя ў краіне і на знешнім контуры вельмі дынамічна мяняецца. І, вядома, тыя параметры, якія зацверджаны Прэзідэнтам, вельмі напружаныя. Для таго каб іх выканаць, спатрэбіцца зладжаная работа ўсіх зацікаўленых у нашай краіне: пачынаючы ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і заканчваючы дзяржаўным апаратам», — звярнуў увагу Прэм’ер-міністр.
Аляксандр Турчын падкрэсліў, што ўрад удзячны кіраўніку дзяржавы за падтрымку прапаноў па ключавых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. «Дакументы падпісаныя ў тым выглядзе, у якім іх уносіў урад», — адзначыў ён, дадаўшы, што гэтаму папярэднічала велізарная падрыхтоўчая работа. Яна ўключала ўзгадненне ўсіх лічбаў з зацікаўленымі структурамі: не толькі членамі ўрада, але і дзяржорганамі, КДК, а таксама абедзвюма палатамі парламента.
«Паверце, што лічбы, якія мы прапануем Прэзідэнту, вывераныя. Але я яшчэ раз хачу сказаць: у сённяшніх рэаліях яны выглядаюць вельмі і вельмі напружана», — удакладніў Прэм’ер-міністр.
Ён дадаў, што ў развіццё зацверджаных Прэзідэнтам найважнейшых прагнозных параметраў урад рыхтуе яшчэ цэлы шэраг нарматыўных прававых актаў, якія «павінны дазволіць, не разгойдваючыся, ужо з 1 студзеня 2026 года прыступіць да рэалізацыі намечаных планаў».
«Прагнозныя параметры цалкам рэалістычныя і дасягальныя»
Як адзначыў Прэм’ер-міністр, у рабоце над дакументамі актыўна ўдзельнічалі і члены абедзвюх палат парламента. Яны таксама расказалі «Звяздзе», у чым сутнасць прагнозных параметраў, якое значэнне яны маюць для краіны і як іх дасягаць.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега пераканана, што з зацверджанымі параметрамі эканоміка павінна паказаць устойлівы рост. «Асноўнай мэтай становіцца дасягненне павелічэння валавога ўнутранага прадукту на 2,8 працэнта да паказчыкаў мінулага года. Гэта цалкам рэалістычны і ў той жа час дастаткова напружаны сцэнарый. Яго ажыццяўленне стане магчыма дзякуючы рэалізацыі шэрагу ініцыятыў, накіраваных на актыўнае прыцягненне інвестыцыйных рэсурсаў, павышэнне прадукцыйнасці працы і мадэрнізацыю ключавых сектараў эканомікі. Асаблівая ўвага нададзена развіццю знешнеэканамічнай дзейнасці. Прырост экспарту тавараў і паслуг складзе 3,7 працэнта, што створыць спрыяльныя ўмовы для выхаду на новыя рынкі і ўмацавання пазіцый беларускіх вытворцаў на міжнароднай арэне. Менавіта аб гэтым Прэзідэнт гаварыў у час нядаўняй нарады па пытаннях супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, назваўшы іх лакаматывам, у звязцы з якім Беларусь будзе рухацца наперад. Такім чынам, зацверджаныя Прэзідэнтам эканамічныя паказчыкі на будучы год накіраваны, у першую чаргу, на стварэнне доўгатэрміновых перспектыў устойлівага росту і паляпшэнне якасці жыцця грамадзян, замацаванне дасягнутых поспехаў апошніх гадоў і адкрыццё новых гарызонтаў для будучага ўстойлівага развіцця краіны», — адзначыла сенатар.
Як заўважыла член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Вольга ЖУК, найважнейшым прыярытэтам прагнозных параметраў развіцця краіны на будучы год застаецца рост даходаў насельніцтва. «Указам вызначаны ўзровень рэальных грашовых даходаў насельніцтва, — удакладніла яна. — Гэта даходы за вылікам падаткаў, збораў, узносаў і ўжо скарэкціраваны індэкс спажывецкіх цэн. Гэты параметр складзе 104,8 %. Захаваюцца тыя мерапрыемствы, якія рэалізоўваліся па абмежаванні інфляцыі. У адпаведнасці з нормамі ўказа, інфляцыя ў наступным годзе не перавысіць 7 %. Таксама прыведзены значэнні такіх найважнейшых паказчыкаў, як рост экспарту тавараў і паслуг, рост інвестыцый у асноўны капітал. Зацверджаны нормы аб тым, што на працягу двух месяцаў будзе распрацаваны план сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026 год. Гэтым планам будуць вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы па дасягненні пастаўленых мэт і забеспячэнні эфектыўнага развіцця нашай эканомікі». Дэпутат падкрэсліла, што практыка апошніх гадоў паказвае: у Беларусі рэалізоўваецца комплекс мерапрыемстваў, якія дазваляюць паспяхова ўкладвацца ў прагнозныя параметры, устаноўленыя кіраўніком дзяржавы.
«Тэмпы росту інвестыцый, прадугледжаныя ўказам, абгрунтаваныя, — лічыць Вольга Жук. — Яны будуць накіраваны найперш на рэгіёны. У краіне рэалізоўваецца шэраг праграм, у тым ліку „Рэгіянальная ініцыятыва“, якімі вызначаны пералік найважнейшых інвестыцыйных праектаў. Таму ў рэгіянальным разрэзе гэта сума інвестыцый, безумоўна, будзе дасягнута».
Аляксандр Гарошкін, старшыня Магілёўскага аблсавета, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, назваў указ, падпісаны Прэзідэнтам, дакладным сігналам аб стратэгічным напрамку развіцця краіны па стварэнні трывалай асновы для ўстойлівага эканамічнага росту пры адначасовым забеспячэнні цэнавай і фінансавай стабільнасці. «Указ Прэзідэнта Беларусі аб зацвярджэнні мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год — важны крок у фарміраванні доўгатэрміновай стратэгіі эканамічнага развіцця краіны. Ён дэманструе імкненне да дасягнення балансу паміж эканамічным ростам і фінансавай стабільнасцю, што з’яўляецца залогам устойлівага працвітання. Паспяховая рэалізацыя пастаўленых мэт патрабуе комплекснага падыходу, зладжанай работы ўсіх дзяржаўных органаў і актыўнага ўдзелу бізнесу. У цэлым дакумент стварае пазітыўны сігнал аб намерах дзяржавы забяспечыць прадказальнасць і стабільнасць эканамічнага асяроддзя, што з’яўляецца крытычна важным для прыцягнення інвестыцый і павышэння дабрабыту грамадзян», — канстатаваў сенатар.
Па словах члена Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Юліі Волкавай, прынятыя прагнозныя параметры ў поўнай меры рэалістычныя, дасягальныя. «Яны будуць канкрэтызаваны пры прыняцці праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучы год, дзе прадугледзяць канкрэтныя механізмы рэалізацыі пастаўленых мэт», — удакладніла дэпутат.

Парламентарый заўважыла, што заканадаўствам прадугледжаны ўсе неабходныя нарматыўныя прававыя акты, якія будуць садзейнічаць дасягненню ўстаноўленых параметраў развіцця краіны на 2026 год. «Усе паказчыкі заснаваны на рэальных разліках, але з улікам магчымых карэкціровак, якія могуць узнікнуць у выніку не зусім спрыяльнага развіцця падзей, — дадала Юлія Волкава. — Дакумент у цэлым накіраваны на тое, каб забяспечыць эканамічную бяспеку нашай краіны, павысіць узровень дабрабыту грамадзян, узровень іх жыцця, забяспечыць стабільнасць і прадказальнасць эканамічнай сітуацыі».
Паводле паведамленняў нашых карэспандэнтаў