Беларусь намеціць з расійскай дзяржкарпарацыяй «Расатам» наступныя крокі па развіцці супрацоўніцтва. Аб гэтым на палях Глабальнага атамнага форуму ў Маскве заявіў журналістам міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз, перадае БелТА.
«Запланаваны шэраг сустрэч са спецыялістамі дзяржкарпарацыі „Расатам“ для таго, каб намеціць наступныя крокі па развіцці нашай сістэмы ўзаемаадносін. У нас ёсць запыты на ўзаемадзеянне з намі ад краін-навічкоў (у сферы атамнай энергетыкі. — Заўвага БелТА), каб мы змаглі з імі падзяліцца тымі крокамі, якія мы зрабілі ў рамках будаўніцтва БелЭС. Тыя крокі, якія рабіліся Беларуссю па ўзвядзенні АЭС, аналізуюцца на ўзроўні МАГАТЭ, многія з нашых крокаў былі ўнікальныя і цяпер уключаны ў пералік рэкамендаваных для краін-навічкоў. У сувязі з гэтым вельмі многія краіны да нас звяртаюцца, каб больш дэталёва вывучыць, як мы гэта рэалізоўвалі», — сказаў міністр.
Кіраўнік Мінэнерга расказаў, што ўзаемадзеянне з «Расатамам» вядзецца не толькі ў сферы атамнай энергіі, але і па іншых перадавых напрамках. Адзін з іх — адытыўныя тэхналогіі.
«У „Расатама“ ёсць унікальныя тэхналогіі вытворчасці складаных канструкцый і дэталей з дапамогай адытыўных тэхналогій. Гэта металічны парашок, які спякаецца спецыяльнымі лазерамі і ператвараецца ў складаную дэталь. Гэта больш эфектыўны спосаб вытворчасці прадукцыі. Ён дае магчымасць вырабляць канфігурацыйна вельмі складаныя дэталі, якія немагчыма вырабіць традыцыйнымі спосабамі», — растлумачыў міністр.
Паводле яго слоў, у расійскіх партнёраў ёсць вялікі спектр прадпрыемстваў, якія валодаюць гэтымі тэхналогіямі, і ў бліжэйшы час цэнтр адытыўных тэхналогій будзе адкрыты і ў Беларусі. Дзякуючы гэтаму айчынныя прадпрыемствы атрымаюць доступ да 3D-прынтараў, на якіх вырабляюцца складаныя дэталі.