Датэрміновае галасаванне ў Беларусі праходзіць спакойна. Важнасць гэтага адзначыў БелТА Се Сяаюн, кіраўнік місіі назіральнікаў ад Кітайскай Народнай Рэспублікі на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
«Вельмі рады ўзначаліць кітайскую назіральную місію на выбарах Прэзідэнта ў Беларусі. Я быў шчаслівы, калі даведаўся, што зноў наведаю краіну, дзе жывуць мае сябры, — падкрэсліў Се Сяаюн. — Для мяне гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць. Рады, што ў чарговы раз буду назіральнікам на выбарах у Беларусі. Да гэтага, на парламенцкіх выбарах у вашай краіне ў 2019 годзе, я ўзначальваў назіральную місію ШАС у якасці намесніка генеральнага сакратара гэтай арганізацыі. Парламенцкія выбары адбыліся тады ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі патрабаваннямі. Дарэчы, тады я заўважыў, што выбары для беларусаў — гэта свята, добры настрой, людзі прыходзяць цэлымі сем’ямі. І важна, што на выбарчых участках у вас ствараюцца ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ёсць безбар’ерная прастора», — звярнуў увагу кіраўнік місіі назіральнікаў ад КНР.
Да сярэдзіны верасня мінулага года Се Сяаюн з’яўляўся Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Беларусі, у якой ён прапрацаваў чатыры гады. Кіраўнік місіі назіральнікаў ад Кітайскай Народнай Рэспублікі на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таксама адзначыў:
«У Беларусі — стабільная палітычная абстаноўка, людзі жывуць мірна і адчуваюць сябе спакойна. І назіраецца прадказальнасць у заўтрашнім дні. Хаця я завяршыў сваю дыпламатычную місію ў вашай краіне і зараз жыву ў Кітаі, але па-ранейшаму стараюся быць у курсе таго, што адбываецца ў Беларусі, як развіваюцца беларуска-кітайскія адносіны. Мы бачым, што на фоне складанай міжнароднай абстаноўкі ў Беларусі — спакойная сітуацыя, развіваецца эканоміка і сацыяльная палітыка. Бачу, што цяперашняя выбарчая кампанія арганізавана на высокім узроўні, і я шчыра спадзяюся на паспяховае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў. Упэўнены, што людзі зробяць свой правільны выбар на карысць сваёй шчаслівай будучыні. Мы высока цэнім сяброўства народаў Беларусі і Кітая».