Top.Mail.Ru

Кіраўнік МУС Беларусі сустрэўся з Саветнікам па нацыянальнай бяспецы і Міністрам у Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М’янмы

Адкрытасць і канструктыўны дыялог

У Беларусі з рабочым візітам знаходзіцца дэлегацыя на чале з Саветнікам па нацыянальнай бяспецы і Міністрам у Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М’янмы Цін Аун Сан. На базе АМАП ГУУС Мінгарвыканкама гасцей вітаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў прэс-службе міліцэйскага ведамства.

Замежную дэлегацыю азнаёмілі з сучасным спартыўна-тактычным комплексам, дзе створаны ўсе ўмовы для баявой і фізічнай падрыхтоўкі асабістага складу. Калегі пабывалі ў барцоўскім і трэнажорнай залах, ціры з найноўшым абсталяваннем, уключаючы сучасныя лазерныя сістэмы, якія дазваляюць адточваць трапнасць на прынцыпова новым узроўні. 

Асаблівую цікавасць выклікаў клас для падрыхтоўкі спецыялістаў па кіраванні БПЛА. Развіццё гэтага кірунку сёння мае асаблівае значэнне для забеспячэння бяспекі і аператыўнага рэагавання. Таксама была прадэманстравана адпрацоўка шэрагу ўводных: зачыстка гандлёвага цэнтра, дзе схаваліся злачынцы, вызваленне заложнікаў з чыгуначнага вагона, штурм шматпавярховага дома, спыненне масавых беспарадкаў.


Азнаёміўшыся з экспазіцыяй пакоя баявой славы АМАПа ГУУС, Цін Аун Сан пакінуў у Кнізе ганаровых гасцей цёплыя словы, якія сталі шчырым водгукам на аказаны прыём.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падкрэсліў, што дзякуючы палітыцы прэзідэнтаў з кожным днём актывізуюцца беларуска-м’янманскія кантакты ва ўсіх галінах: эканоміцы, гандлі, культуры, адукацыі, прамысловасці. І праваахоўныя органы дзяржаў не павінны адставаць у актыўным развіцці ўзаемадзеяння.

— Ваш візіт важны не толькі для сталічнага атрада міліцыі асаблівага прызначэння, але і для ўсяго Міністэрства ўнутраных спраў. Упэўнены, з гэтага дня пачнецца больш шчыльнае ўзаемадзеянне паміж сілавымі блокамі дзвюх краін, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Іван Кубракоў таксама адзначыў, што замежным гасцям прадэманстравалі толькі невялікую частку баявой работы. 

— Таксама ў нас ёсць падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, унутраныя войскі, якія забяспечваюць ахову грамадскага парадку, канваяванне затрыманых, ахову папраўчых калоній і аказваюць дапамогу органам унутраных спраў пры затрыманні небяспечных злачынцаў. Мы гатовы падзяліцца вопытам па розных напрамках службовай дзейнасці, — запэўніў міністр. 

У сваю чаргу Цін Аун Сан падзякаваў за цёплы прыём і адзначыў зацікаўленасць у навучанні па напрамках эканамічнай бяспекі, барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, незаконным абаротам наркотыкаў і гандлем людзьмі, экспертнай дзейнасці.

Іван Кубракоў перадаў запрашэнне міністру ўнутраных спраў М’янмы наведаць МУС Беларусі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота МУС


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю