Top.Mail.Ru

Кіраўнік НАК: цэнім адкрыты дыялог з European Aquatics і сусветнай супольнасцю водных відаў спорту

Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка наведаў этап Кубка свету па плаванні ў Астане, дзе сустрэўся з кіраўніком Еўрапейскай федэрацыі водных відаў спорту (European Aquatics) Антоніа Сілва, паведамілі БелТА ў прэс-службе НАК.

Віктар Лукашэнка выказаў удзячнасць European Aquatics за канструктыўныя адносіны да Беларускай федэрацыі плавання і іншых нацыянальных арганізацый па водных відах спорту. На перагаворах таксама прысутнічалі генеральны сакратар НАК Ксенія Санковіч і старшыня БФП Вольга Сцепусь. Бакі абмеркавалі гатоўнасць Беларусі прымаць міжнародныя спаборніцтвы ўжо ў бліжэйшы час.

«Для нас каштоўны адкрыты дыялог з кіраўніцтвам European Aquatics і сусветнай супольнасцю водных відаў спорту. Такі фармат дае магчымасць знаходзіць збалансаваныя рашэнні нават у няпростых умовах, і мы вельмі зацікаўлены ў далейшым умацаванні гэтых партнёрскіх адносін. Хачу асабліва адзначыць вашы намаганні і ўклад у забеспячэнне допуску беларусаў да ўдзелу са сцягам і гімнам краіны, нягледзячы на спробы абмежаванняў з боку некаторых дзяржаў. Для нас вельмі важна, каб маладыя спартсмены не цярпелі ад палітычных рашэнняў», — сказаў кіраўнік НАК.


«Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з беларускім бокам. Пасля майго візіту ў лістападзе 2025 года ў Мінск адносіны сапраўды развіваюцца канструктыўна і дынамічна. Еўрапейская федэрацыя водных відаў спорту высока цэніць падтрымку НАК Беларусі і, упэўнены, у нас наперадзе яшчэ нямала сумесных цікавых праектаў», — адзначыў Антоніа Сілва.

Таксама Віктар Лукашэнка сустрэўся з нацыянальнай камандай па плаванні і павіншаваў спартсменаў з заваяваннем медалёў на ІІІ этапе Кубка свету па плаванні на кароткай вадзе. У сталіцы Казахстана беларусы выйгралі дзве бронзы: Настасся Куляшова — на стаметроўцы батэрфляем, Рыгор Пякарскі — на дыстанцыі 50 м батэрфляем.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю