Top.Mail.Ru

Кіраўнік Нацбанка Беларусі сустрэўся з прадстаўніком Аманскага інвестагенцтва

У планах — буйныя праекты

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка 9 красавіка правёў сустрэчу з дырэктарам па інвестыцыях Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Ібрагімам аль-Эйсры, перадае БелТА.

«Беларусь удзяляе значную ўвагу развіццю двухбаковых адносін з Аманам, у якім бачыць аднаго з важнейшых стратэгічных партнёраў у рэгіёне. Паміж дзяржавамі складваецца высокі ўзровень дружалюбных адносін як у палітычнай, так і ў гандлёва-эканамічнай сферы. Дасягнутыя дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў нашых дзяржаў даюць магчымасць значна інтэнсіфікаваць наша ўзаемадзеянне і рухацца наперад па тых напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Толькі на мінулым тыдні ў Маскаце прайшло першае пасяджэнне беларуска-аманскага сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях, а ўжо сёння ў Мінску мы абмяркоўваем пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і канкрэтныя ініцыятывы», — сказаў Раман Галоўчанка.

Кіраўнік Нацбанка адзначыў прагрэс па шэрагу буйных праектаў, якія плануюцца да рэалізацыі з удзелам Аманскага інвестагенцтва ў Беларусі. «Мы адкрыты да любых вашых прапаноў па ўзаемадзеянні як у інвестыцыйнай, так і ў гандлёва-эканамічнай і банкаўскай сферах. Разлічваем на актывізацыю двухбаковых адносін з разуменнем таго, што ў нас няма праблем, якія не могуць быць вырашаны», — падкрэсліў ён.

Як абазначыў Ібрагім аль-Эйсры, мэта работы агенцтва — развіццё доўгатэрміновага партнёрства, аказанне ўсебаковай інвестыцыйнай падтрымкі і садзейнічанне ўстойліваму росту партнёраў. «З’яўляючыся галоўным інвестыцыйным агенцтвам Амана, мы маем разгалінаваную сетку з больш як 15 рэгіянальных прадстаўніцтваў па ўсім свеце. У Беларусі таксама адкрыты офіс і сфарміравана каманда прафесіяналаў для эфектыўнай работы на мясцовым рынку. Мы гатовы разглядаць самыя розныя фарматы супрацоўніцтва, задзейнічаючы не толькі ўласныя рэсурсы ў якасці інвестыцый, але і магчымасці вядучых інвестараў. Пад стратэгічным кіраўніцтвам прэзідэнта Аманскага інвестыцыйнага агенцтва, для якога гэты праект стаў асабістым прыярытэтам, мы маем намер запусціць адну з асноўных ініцыятыў — стварэнне так званай харчовай карзіны будучыні», — адзначыў ён.

«Прымаючы пад увагу, што Беларусь мае багатыя зямельныя і водныя рэсурсы, мы плануем развіваць маштабныя праекты, якія могуць не толькі аб’яднаць нашы краіны, але і забяспечыць значны камерцыйны эфект для ўсіх удзельнікаў», — сказаў на заканчэнне дырэктар па інвестыцыях Аманскага інвестыцыйнага агенцтва.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю