На думку Рамана Галоўчанкі, мерапрыемства было вельмі значнае і статуснае зыходзячы з узроўню ўдзельнікаў:
— Напэўна, палова членаў урада Расіі прысутнічала, найбуйнейшыя прадпрымальнікі, замежныя госці. Гэта сведчыць аб той увазе, якая ўдзяляецца ў расійскай экспертнай супольнасці, ва ўрадавых, дзелавых колах, асноўнаму пытанню, што цяпер актыўна абмяркоўваецца на самых розных пляцоўках (ад вышэйшых эшалонаў улады да спецыялістаў, экспертаў, эканамістаў), — пошук разумнага балансу паміж эканамічным ростам і грашова-крэдытнай палітыкай.
Спікер падкрэсліў актуальнасць гутаркі:
— Не сакрэт, што тэма вельмі актыўна дэбатуецца, таму што ўсё часцей і часцей гучаць пасылы аб тым, што расійская эканоміка не проста запавольваецца, а знаходзіцца на мяжы рэцэсіі, прычым з даволі працяглым прагназавальным тэрмінам. Таму неспакой існуе. І, вядома, цяпер актыўна ідзе выпрацоўка далейшых крокаў, каб не дапусціць ператварэння мяккай пасадкі, як той казаў, у жорсткую і згасання. Таму адсюль і вялікая цікавасць, і такая колькасць часта палярных меркаванняў, вельмі вострая дыскусія.
На думку кіраўніка Нацбанка, беларускую эканоміку яна наўпрост не закранае, але тым не менш тэма для нас актуальнасці не страчвае:
— Вельмі шмат важнага можна падкрэсліць, таму што з тых фактараў, якія называюцца ў якасці ключавых, якія нясуць самыя сур’ёзныя рызыкі для росту расійскай эканомікі, ёсць і сугучныя нашым праблемам.
Раман Галоўчанка агучыў асноўныя тры ключавыя фактары:
— Іх шмат называлася, сярод удзельнікаў нават было праведзена анлайн-галасаванне адносна таго, што яны лічаць самым няпростым або самым складаным. У прынцыпе, для нас гэта таксама актуальна. Першы — дэфіцытны рынак працы і вельмі напружаная сітуацыя на рынку працы, якая правакуе бескантрольны рост заработных плат і так званую вайну за персанал. Другі фактар — абмежаванне доступу (або недастаткова свабодны доступ) да сучасных тэхналогій і, адпаведна, недастатковая прадукцыйнасць працы. І трэці — ключавая стаўка Банка Расіі, якая вызначае ўмовы крэдытавання эканомікі.
Спікер адзначыў, што вакол гэтых трох фактараў і канцэнтравалася гутарка:
— Першыя два для нас таксама актуальныя, мы часта звяртаем на іх увагу, але не проста канстатуючы, што яны існуюць, а ў кантэксце таго, што трэба знаходзіць і выпрацоўваць рашэнні, каб знівеліраваць уплыў гэтых фактараў.
Раман Галоўчанка заўважыў, што гатовага рэцэпта падчас бізнес-сняданку знойдзена не было, але агучаныя довады і аргументы вельмі карысныя і для беларускага боку ў выпрацоўцы ўласных крокаў, і растлумачыў чаму:
— Структура эканомікі ў нас дастаткова падобная, за выключэннем, напэўна, горназдабываючай і энергетычнай сфер. Таму асабіста для сябе пэўныя высновы зрабіў.
Ён вельмі даходліва растлумачыў сутнасць грашова-крэдытнай палітыкі і яе ўплыву на эканоміку:
— Калі спрошчана ўявіць і параўнаць яе з нейкім кранам або вентылем, што стаіць на трубе і палівае нейкія расліны, якія яшчэ не набралі дастатковага росту. Калі закруціць вентыль — расліны засохнуць. Калі ж яго моцна адкрыць — струмень вады ўсё змые. Таму пошук аптымальнага балансу — вельмі складаная кіраўнічая задача для дзяржаўных органаў, фінансавага і эканамічнага блокаў.
Кіраўнік Нацбанка канстатаваў, што падчас праведзенага бізнес-сняданку атрымаў дастатковую колькасць новай інфармацыі:
— Больш выразна бачу, якіх вострых вуглоў мэтазгодна пазбегнуць у правядзенні нашай уласнай грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі.
У завяршэнне ён дадаў, што грашова-крэдытная палітыка — велічыня непастаянная, яна змяняецца зыходзячы з фактараў, якія маюцца на рынку:
— Таму сёлета, магчыма, давядзецца прымаць пэўныя рашэнні ў той ці іншы бок. Але зноў-такі вопыт нашых расійскіх калег вельмі карысны ў гэтым.
Маргарыта ЗАРОЎКІНА