«Выбары — гэта ўнутраная справа суверэннай дзяржавы»
Па выніках кожнай электаральнай кампаніі Цэнтральная выбарчая камісія аналізуе прымяненне на практыцы выбарчага заканадаўства. Гэтымі днямі арганізатары выбараў з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся ў Мінску, каб абмеркаваць вынікі выбарчага цыкла 2022 — 2025 гадоў, а таксама практыку прымянення абноўленага выбарчага заканадаўства пры правядзенні выбараў.
Выступаючы на пленарным пасяджэнні семінара-нарады, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар КАРПЕНКА адзначыў, што мінулая прэзідэнцкая выбарчая кампанія не проста завяршыла працэс палітычнай мадэрнізацыі нашай краіны пасля рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года, а, па сутнасці, вызначыла стратэгічны шлях далейшага развіцця.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркама агучыў шэраг асаблівасцяў электаральнай кампаніі 2025 года. «Выбары кіраўніка дзяржавы праводзіліся на падставе абноўленых палажэнняў Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса, якія поўнасцю адпавядаюць патрабаванням Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі па забеспячэнні электаральнага суверэнітэту як неад’емнага права дзяржавы самастойна праводзіць выбары і рэферэндумы без умяшання звонку, — канкрэтызаваў ён. — У ходзе кампаніі мы прадэманстравалі, што выбары — гэта ўнутраная справа суверэннай дзяржавы і мы не дапусцім знешняга ўплыву на ўнутраны палітычны працэс у нашай краіне».
Ігар Карпенка звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце, калі размываюцца маральныя і этычныя нормы, як ніколі неабходна аб’яднаць намаганні розных дзяржаўных інстытутаў і грамадскіх аб’яднанняў для фарміравання ўстойлівага разумення грамадзянамі сваіх духоўна-маральных асноў, вытокаў патрыятызму, адказнасці за захаванне міру, згоды і бяспекі на нашай зямлі. «А гэта магчыма дасягнуць не толькі шляхам удасканалення прававой прасторы і правядзення работы па павышэнні прававой культуры насельніцтва, але і шляхам укаранення ў грамадстве агульнавядомых пастулатаў аб дабрыні і зле, праўдзе і сумленнасці, сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнай ідэнтычнасці, вернасці і любові да бліжняга», — лічыць старшыня ЦВК.
Па яго словах, усё гэта знайшло адлюстраванне ў Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы». «Гэты нарматыўны прававы акт грунтуецца на канстытуцыйных палажэннях, а яго актуальнасць вызначаецца неабходнасцю далейшага развіцця канцэптуальных асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы, пошуку аптымальных шляхоў работы з насельніцтвам і, у першую чаргу, з моладдзю, — канстатаваў кіраўнік Цэнтрвыбаркама. — Гэта сугучна з адным з новых кірункаў дзейнасці Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая сёння актыўна ўключылася ў працэс фарміравання прававой культуры моладзі, павышэння даверу грамадзян да выбарчай сістэмы»
Яшчэ адной асаблівасцю выбарчай кампаніі 2025 года, як адзначыў старшыня ЦВК, з’яўляецца беспрэцэдэнтна высокі ўзровень рэалізацыі прынцыпаў адкрытасці і галоснасці. «Гэтаму садзейнічала поўнамаштабнае інфармаванне насельніцтва аб ходзе выбарчай кампаніі, — перакананы Ігар Карпенка. — Выкарыстоўваючы розныя формы і метады інфармацыйнай работы ва ўзаемадзеянні ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый, нам удалося стварыць атмасферу празрыстасці на ўсіх этапах кампаніі, што садзейнічала ўмацаванню даверу да выбарчай сістэмы ў цэлым».
Акрамя таго, значна пашырылася геаграфія міжнароднага назірання. «Для ўдзелу ў назіранні за выбарамі ў Беларусі Цэнтральнай камісіяй было акрэдытавана 486 назіральнікаў з 52 краін, — канкрэтызаваў старшыня ЦВК. — Гэтая колькасць назіральнікаў не з’яўляецца максімальнай у параўнанні з папярэднімі кампаніямі, а вось прадстаўніцтва краін у замежным назіранні можна назваць рэкордным».
Ігар Карпенка нагадаў, што нароўні са станоўчымі ацэнкамі міжнародных назіральнікаў і незалежных экспертаў, дэпутаты Еўрапарламента за некалькі дзён да выбараў прынялі рэзалюцыю аб непрызнанні выбараў у Беларусі. АБСЕ адмовілася пасылаць назіральнікаў, спаслаўшыся на позняе запрашэнне. «Усё гэта сведчыць аб тым, што калектыўны Захад не пакідае спроб ціску на нашу краіну з мэтай змены палітычнага курсу, — растлумачыў ён. — Мяркуючы па ўсім, такая палітыка будзе працягнута і далей. Таму задача ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту і бяспекі па ўсіх кірунках і ў электаральнай сферы, у прыватнасці, будзе заставацца ключавой для органаў дзяржаўнага кіравання ў наступны міжэлектаральны перыяд».
Старшыня ЦВК падкрэсліў, што выбары ў Беларусі праводзяцца выключна ў інтарэсах беларускага народа, і мы не павінны дапусціць якога-небудзь умяшання ў наша суверэннае права праводзіць выбары ў адпаведнасці з нашым выбарчым заканадаўствам. «Пры гэтым трэба разумець і тлумачыць насельніцтву, што калектыўны Захад ніхто не ўпаўнаважваў даваць ацэнку легітымнасці выбараў у Беларусі і ніхто не надзяляў яго выключным правам быць „галоўным“ ацэншчыкам выбарчага працэсу ў суверэннай краіне, — акцэнтаваў увагу Ігар Карпенка. — Вынікі выбараў Прэзідэнта прызналі ўсе кандыдаты, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі. Вынікі галасавання не апратэстоўваліся ў судах, не ініцыіраваліся працэдуры разгляду пытанняў аб канстытуцыйнасці або легітымнасці выбараў, прадугледжаныя беларускім заканадаўствам. Легітымнасць нашых выбараў таксама пацвярджаюць накіраваныя ў адрас выбранага Прэзідэнта віншаванні з больш як 40 краін свету».
Рэзюмуючы, Ігар Карпенка заўважыў, што выбарчы цыкл, які прайшоў, дае старт новаму этапу, нацэленаму на 2029-ты і 2030-ты гады. Таму актуальнасць рэспубліканскага семінара-нарады, па яго словах, абумоўлена неабходнасцю аналізу праведзенай работы ў ходзе прэзідэнцкіх выбараў, а таксама вызначэннем асноўных кірункаў дзейнасці па забеспячэнні электаральнага суверэнітэту на перспектыву.
Фота БелТА