Top.Mail.Ru

Кіраўнікі мінфінаў G7 занепакоіліся праблемай выкарыстання нафты са стратэгічных запасаў

Кіраўнікі міністэрстваў фінансаў краін «Вялікай сямёркі» (G7) на пазачарговай сустрэчы з кіраўніком Міжнароднага энергетычнага агенцтва (МЭА) Фаціхам Біролем 9 сакавіка абмеркавалі магчымасць сумеснага выкарыстання нафты са стратэгічных запасаў, паведамляе газета Financial Times са спасылкай на крыніцы, у тым ліку высокапастаўленага чыноўніка адной з карін «сямёркі».



«Міністры фінансаў G7 абмеркавалі магчымае сумеснае вызваленне нафты з запасаў пры каардынацыі Міжнароднага энергетычнага агенцтва ў рамках пазачарговай сустрэчы ў панядзелак», — гаворыцца ў матэрыяле выдання.

Па даных газеты міністры стэлефанаваліся з Біролем для абмеркавання наступстваў канфлікту ў Іране. Па словах крыніц, тры краіны G7, у тым ліку ЗША, ужо пагадзіліся на задзейнічанне рэзерваў. Як заявіў адзін з суразмоўцаў выдання, у ЗША лічаць, што трэба задзейнічаць 25-30% рэзерву.

Праблема энергетычнай бяспекі становіцца для некаторых краін асабліва актуальнай на фоне, напрыклад, такіх паведамленняў: Вялікабрытанія мае запасы звадкаванага прыроднага газу ўсяго на два дні, што можа выклікаць яго дэфіцыт з-за канфлікту на Блізкім Усходзе. Аб гэтым піша газета The Daily Mail.

«У Вялікабрытаніі запасаў прыроднага газу хапае ўсяго на два дні, што выклікае асцярогі наконт дэфіцыту, паколькі канфлікт на Блізкім Усходзе прывёў да закрыцця найбуйнейшага ў свеце газавага аб’екта і праблем з ключавым суднаходным каналам», — гаворыцца ў матэрыяле выдання.

Паводле новых даных, апублікаваных кампаніяй National Gas, запасы газу ў Вялікабрытаніі скараціліся з 18 тыс. ГВт•гадз у мінулым годзе да сённяшніх 6,7 тыс. ГВт•гадзін, чаго хопіць усяго на 1,5 дня ўнутранага спажывання. Паводле інфармацыі выдання, зараз Вялікабрытанія плаціць самую высокую аптовую цану на газ у Еўропе. Прадстаўнік вядучага брытанскага выдавецтва даных аб сыравінных таварах Argus Media заявіў, што «кошт на брытанскім газавым хабе зараз вышэйшы, чым на галандскім TTF (галоўным еўрапейскім газавым хабе), і так будзе да канца мая».

Кантынентальная Еўропа значна лепш падрыхтавана да ваганняў паставак, паколькі запасы газу разлічаны на некалькі тыдняў. У Вялікабрытаніі раней захоўваўся запас газу на 12 дзён, але сістэма абвалілася пасля таго, як міністры ўрада, якія змянялі адзін аднаго, спынілі яе фінансаванне.

Раней цэны на газ у Вялікабрытаніі выраслі адразу на 32 %, што стала максімумам з лютага 2022 года.

А па даных газеты Financial Times, эскалацыя сітуацыі на Блізкім Усходзе прывяла да росту цэн на газ у цэлым у Еўропе да самага высокага ўзроўню з 2023 года ў пачатку гэтага тыдня — цана ўзрасла з 27 лютага на 53%. Суднаходства праз Армузскі праліў фактычна спынілася, а ўдары Ірана па аб’ектах у Катары вымусілі яго спыніць вытворчасць ЗПГ, нагадвае выданне. Акрамя таго, у мінулую сераду танкер са звадкаваным прыродным газам, які першапачаткова накіроўваўся ў Францыю, стаў першым грузавым суднам у Атлантычным акіяне, якое змяніла маршрут і адправілася ў Азію, што сведчыць аб узмацненні канкурэнцыі за пастаўкі, піша FT.


Паводле яе інфармацыі, узмацненне канкурэнцыі за пастаўкі ЗПГ адбываецца ў той час, калі асабліва халодная зіма знішчыла запасы газу ў Еўропе. Сховішчы ў краінах блока запоўнены менш як на 30%, тады як сярэдні пяцігадовы паказчык для гэтай пары года складае каля 45%, сведчаць даныя Gas Infrastructure Europe (GIE). Асабліва нізкія паказчыкі назіраюцца ў такіх краінах, як Нідэрланды, Швецыя, Харватыя і Латвія.

ЗША і Ізраіль 28 лютага пачалі наносіць удары па аб’ектах на тэрыторыі Ірана, у тым ліку па Тэгеране, паведамляецца аб разбурэннях і гібелі мірных людзей. Іран ажыццяўляе ўдары ў адказ па ізраільскай тэрыторыі, а таксама па ваенных аб’ектах ЗША ў рэгіёне Блізкага Усходу.

Пачатак ваеннай аперацыі Вашынгтон і Тэль-Авіў растлумачылі прэвентыўным ударам і нібы наяўнасцю пагроз з боку Тэгерана з-за яго ядзернай праграмы. Аднак зараз яны ўжо не хаваюць, што хацелі б бачыць змену ўлады ў Іране.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю