Top.Mail.Ru

Кіраўнікі Міншчыны і Гродзеншчыны прадстаўлены сваім абласным актывам

У аўторак на пасяджэннях пазачарговых сесій Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага аблсавета зацвердзілі на пасады новых кіраўнікоў рэгіёнаў — старшыню Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнку і старшыню Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева.


Дэпутаты Мінскага аблсавета аднагалосна падтрымалі асобу новага губернатара, афіцыйна замацаваўшы прызначэнне Аляксея Кушнарэнкі на пасаду кіраўніка рэгіёна.

«Ад работы Мінскай вобласці, як заўсёды адзначаў кіраўнік дзяржавы, залежыць работа нашай краіны ў цэлым, — сказаў прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН, прадстаўляючы новага кіраўніка Мінаблвыканкама. — Я ўпэўнены, што Аляксей Іванавіч падтрымае дынаміку, якая ёсць у вобласці, надасць ёй імпульс, паскарэнне, паглядзіць на некаторыя рэчы новым свежым поглядам. Перакананы, што пад яго кіраўніцтвам вобласць будзе развівацца ў патрэбным кірунку. Безумоўна, з вамі — з камандай, якая ёсць у Мінскай вобласці, гэта будзе рабіць прасцей».

Паводле слоў кіраўніка ўрада, усё ў жыцці ідзе наперад, мяняецца: «І гэта новы этап развіцця. Ну, а ўрад, вядома, не будзе забываць пра Мінскую вобласць, будзе ўсяляк дапамагаць. Я ўпэўнены, што разам у нас усё атрымаецца».

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА запэўніў прысутных, што прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб працягнуць тыя слаўныя традыцыі, якія ёсць, і што ён настроены на сумесную плённую работу.

На пазачарговай сесіі Гродзенскага аблсавета Юрый Караеў быў зацверджаны на пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый КРУТОЙ паставіў перад Юрыем Караевым шэраг важных задач, сярод якіх «бясшвовы» пераход у рабоце фінансавага блока. Ён растлумачыў, што мае на ўвазе: напэўна са зменай кіраўніка ў рэгіёне актывуюцца дзясяткі дзялкоў з рознымі прапановамі пад выкарыстанне дзяржаўных інвестыцый, якія раней папярэднім старшынёй былі адкінуты як неэфектыўныя. На думку Дзмітрыя Крутога, сёння важна не дапусціць дысбалансу ў бюджэтнай сферы. Наступны блок — гэта інвестыцыйныя праекты і, у прыватнасці, рэалізацыя праграмы «Адзін раён — адзін праект»: «Цяпер даручана перагледзець усе рэгіянальныя праграмы, якія існуюць у краіне, з тым, каб не распыляць намаганні. Ёсць неабходнасць комплексна перагледзець гэты кірунак. Моцныя рэгіёны — моцная краіна. І падпісаны ўказ аб перадачы паўнамоцтваў на месцах на раённым узроўні, вядома, запатрабуе асаблівай увагі да стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці ў раёнах. Мы разлічваем на тое, што ключавыя праекты, якія рэалізуюцца або будуць рэалізоўвацца ў вобласці, будуць знаходзіцца пад асабістым кантролем Юрыя Хаджымуратавіча».

Акрамя гэтага, Дзмітрый Крутой распарадзіўся асаблівую ўвагу ўдзяляць захаванню людзей у рэгіёне, у прыватнасці стварэнню спрыяльных умоў для маладых спецыялістаў. Таксама ён акцэнтаваў увагу на падтрыманні лідарскіх пазіцый рэгіёна ў сферах нарошчвання валавога рэгіянальнага прадукту, развіцця прамысловасці, імпартазамяшчэння, сельскай гаспадаркі і добраўпарадкавання. Асабліва падкрэсліў неабходнасць развіцця турыстычнага патэнцыялу.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ абазначыў ключавыя кірункі работы на найбліжэйшую перспектыву. Сярод прыярытэтных задач — развіццё эканомікі, падтрымка аграпрамысловага комплексу, умацаванне інвестыцыйнай прывабнасці вобласці, а таксама мадэрнізацыя сацыяльнай інфраструктуры. Асаблівая ўвага будзе аддадзена пытанням дэмаграфіі, аховы здароўя і адукацыі.

Фота Лізаветы ГОЛАД І БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю