Работнікаў гэтай гаспадаркі адзначаюць не толькі на ўзроўні Слонімскага раёна, але і вобласці. Сярод лепшых механізатараў — Сяргей ЯКІМЕЦ, з якім мы пазнаёміліся, калі прыехалі глядзець, як вядзецца нарыхтоўка кармоў. Сціплы, нешматслоўны, ён не любіць хваліцца сваімі заслугамі, тым, што яго прозвішча размяшчалася на абласной Дошцы гонару, што быў адзначаны як «Чалавек года Гродзеншчыны». Маўляў, ён проста выконвае сваю работу так, як прызвычаіўся з дзяцінства, як пераняў ад бацькоў, якія таксама ўсё жыццё аддалі сельскай гаспадарцы.
Сяргей Якімец — з мясцовых. Як вярнуўся з арміі, так і працуе на бацькоўскай зямлі. На такіх людзях і трымаецца гаспадарка. Вопытным кадрам не трэба тлумачыць, як важна ўкласціся ў пэўныя тэрміны, затрымацца ці выйсці ў выхадныя дні, калі «нябесная канцылярыя» ўносіць свае карэктывы. Нават у дажджлівае надвор'е яны гатовы дзяжурыць і ў майстэрнях, і ў полі, каб з першымі прамянямі сонца ўжо прыступіць да работы.
Вёска мяняецца
«Ад якасці кармоў у немалой ступені залежыць наша паспяховасць», — заўважае намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ «Сянькоўшчына» Таццяна АЎСЯЕЦ.
Гаспадарка спецыялізуецца на адкорме буйной рагатай жывёлы і вытворчасці малака з развітой кормавытворчасцю і вырошчваннем буракоў. Дарэчы, гэта адзіная ў раёне элітгаспадарка, якая вырошчвае насенне збожжавых і зернебабовых. Усяго пару гадоў, як пачаў працаваць малочна-таварны комплекс у вёсцы Байкі. Зараз вядзецца будоўля сучаснага прафілакторыя для цялят.
Агульная плошча гаспадаркі — 7,2 тысячы гектараў, у яе склад уваходзіць тэрыторыя 15 вёсак. Лепшых работнікаў заўсёды гатовы падтрымаць, на заробкі ніхто не крыўдзіцца — у сярэднім па гаспадарцы яны каля трох тысяч рублёў, а на ўборцы рэальна атрымаць 6—7 тысяч.
Што датычыцца жылля, можна разлічваць на домік у вёсцы, а можна пасяліцца і ў райцэнтры. Гараджан забірае і развозіць транспарт гаспадаркі. На тэрыторыі аграгарадка ёсць дзіцячыя садок і школа, а яшчэ добрыя музычная школа і Дом культуры. Мясцовы творчы калектыў «Славяначка» пакарае розныя рэгіёны. Дадатковы бонус — зарыблены вадаём.
Гаспадарка развіваецца. Новая тэхніка дапамагае палегчыць работу. Сяргей Міхайлавіч узгадвае, што раней механізатары былі ў мазуце, цяжка было ў спякоту, калі на вуліцы плюс трыццаць, у кабіне станавілася зусім невыносна. Сучасная ж тэхніка — з кандыцыянерамі. Ды і вытворчасць на ёй вырасла ў разы.
Сяргей Якімец памятае, як атрымаў першы кормаўборачны камбайн. Тэхніка гэта тады была новая ў гаспадарцы, не было з кім параіцца, сам разбіраўся, што да чаго. Рукі нават трэсліся, што трэба было выходзіць на такой працаваць. Настолькі вялізнай і магутнай яна падавалася побач з яго ранейшай «ешкай» (легендарнай касілкай Е-серыі, якая была шырока распаўсюджана ў гаспадарках).
Гісторыя вяртання
«За ўсё жыццё Сяргей Міхайлавіч толькі раз ездзіў у санаторый, але адпачынак яму не спадабаўся. Ён не аматар падарожжаў, актыўнасцяў. Заўсёды трымаецца свайго месца, яму лепш на працы, чым у вандроўку выехаць. Настолькі чалавек адданы рабоце, калгасу», — распавядае пра свайго мужа Наталля ЯКІМЕЦ.
Яна таксама працуе ў гаспадарцы — бухгалтарам. Такіх называюць душой кампаніі: падключаецца да розных мерапрыемстваў, якія праводзіць гаспадарка, — турзлётаў, забегаў і іншых.
Наталля прыехала у Беларусь з бацькамі з Казахстана, калі ёй было 19 гадоў. Яе бабуля была сярод беларусаў-цаліннікаў, пра той час яна згадвала: «Не дай Бог, дзеткі, вам такога жыцця!» Цаліннікі туліліся ў невялікім доміку, елі на чамаданчыку. Але калі побач багата такіх жа маладых энтузіястаў, завязвалася сяброўства, ствараліся сем'і.
«Бабуля вельмі хацела вярнуцца на радзіму і спраўдзіла сваю мару, калі яе дзеці ўжо выраслі. Пазней услед за ёй у Беларусь паехалі мае бацькі і іншыя сваякі з Казахстана, раз'ехаліся і сябры, аднакласнікі», — расказвае Наталля Аляксандраўна.
З развалам Савецкага Саюза цаліннікі і іх нашчадкі, якія, здавалася, ужо пусцілі карані ў Казахстане, адчулі сябе там непатрэбнымі, ім нават работу знайсці было цяжка: перавага давалася сваім па нацыянальнасці. Наталля памятае, што яе сям'і пераезд даваўся не проста, жыццё трэба было пачынаць з нуля. Спачатку бацькі спыніліся ў вёсцы ў бабулі, пасля перабраліся ў Слонім — у Казахстане ж сям'я была гарадской. Наталля тады нават думала, што ніколі не пойдзе замуж «у вёску», але сэрцу не прыкажаш — сустрэла надзейнага добрага хлопца. Калі яшчэ да вяселля прапанавала яму перабрацца ў горад, той адмовіўся.
Сёння яна нават не шкадуе, што так сталася. Ад гаспадаркі яны атрымалі цагляны дом з выгодамі ў аграгарадку, які ўжо выкупілі. Дом спадзяюцца перадаць дзецям. Тыя хоць і перабраліся ў горад, але кожныя выхадныя едуць да бацькоў.
«Выходзіш з дома ў свой двор — прыгажосць! Унучцы ёсць дзе пабегаць. Тут адпачываем, шашлыкі смажым. Ды і ў горад з'ездзіць не праблема. Калі ёсць машына, гэта можна запланаваць і пасля працы — да Слоніма ўсяго каля 12 кіламетраў».
Наталля прызнаецца, што так ужо прызвычаілася да вясковага жыцця, што нават стамляецца ад гарадской мітусні. Само жыццё вывела ў патрэбнае рэчышча. Яна ўдзячна лёсу, што ўсё склалася, як ёсць, што апынулася ў Беларусі, дзе кожны горад, як і любы ёй Слонім, з ідэальнай чысцінёй, кветкамі і зелянінай. Што сустрэла мужа, з якім жыве ў павазе і згодзе. Што тут яны вырасцілі двух сыноў, якімі ганарацца. Што патрапілі ў цудоўны калектыў. Што праца на зямлі і паважаецца, і годна аплочваецца. Што родных можна сабраць пад адным дахам. І яшчэ шмат-шмат такіх вось «што».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ