Штогод у першы дзень лета ў нашай краіне адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэтае свята, заснаванае яшчэ ў 1949 годзе, нагадвае пра тое, што дзяцінства павінна быць бяспечным, радасным і напоўненым клопатам. Па добрай традыцыі ў гэты радасны дзень беларусы наведваюць дзяцей, якія воляю лёсу апынуліся не ў самай радаснай сітуацыі. І наведванне РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі кіраўніцтвам і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў не стала выключэннем. Народныя выбраннікі азнаёміліся з работай медыцынскай установы і зладзілі сапраўднае свята для яе маленькіх пацыентаў.


«Сплаў навукі і медыцынскай практыкі»
Кожны год у краіне выяўляецца 300-350 новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў у дзяцей. Але калі ў 90-я гады дыягназ «рак» гучаў як прысуд, то сёння гэта хвароба, якая паспяхова лечыцца. Тут немалая заслуга РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Галоўнае дасягненне цэнтра — больш за 7 тысяч выратаваных жыццяў. Агульная пяцігадовая выжывальнасць дзяцей са злаякаснымі новаўтварэннямі перавышае 80 %, а па некаторых назалагічных формах — больш за 95 %.
Звяртаючыся да медработнікаў і пацыентаў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў вялікую ўвагу, якая аказваецца ў нашай краіне тэме дзяцінства: «На гэта пастаянную ўвагу звяртае кіраўнік дзяржавы. І ў мэтах павышэння ўвагі да тэмы дзяцінства рэалізуецца шэраг дзяржаўных праграм і ў адукацыйнай сферы, і ў сферы аховы здароўя. Ужо стала добрай традыцыяй, калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у гэты дзень прыязджаюць у навукова-практычны цэнтр, каб сказаць словы шчырай падзякі медыцынскім работнікам, урачам, навукоўцам, медсёстрам, абслуговаму персаналу за ўвагу, што аказваецца тым пацыентам, якія ў гэты дзень знаходзяцца на лячэнні ў цэнтры».
Паводле слоў спікера, РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі за гісторыю свайго існавання прайшоў усе этапы станаўлення і развіцця. Навукова-тэхнічная база медустановы таксама пастаянна развіваецца. «Укараняюцца новыя методыкі лячэння, якія спрыяюць выздараўленню дзяцей. Так, не заўсёды гэта адбываецца хутка. Але тая дапамога, якая аказваецца сёння дзяржавай, — на ўзроўні ўсіх сусветных стандартаў. І самае галоўнае, што яна аказваецца бязвыплатна». Старшыня Палаты прадстаўнікоў пажадаў пацыентам цярпення, а супрацоўнікам цэнтра яшчэ раз перадаў словы ўдзячнасці за тое, што яны робяць для нашага грамадства і краіны, вырашаючы такую складаную задачу. Ігар Сергяенка ўручыў кіраўніцтву медустановы сертыфікат на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама падзякі найлепшым супрацоўнікам.

«Мы, беларусы, жывём у мірнай, спакойнай, працалюбівай краіне»
У размове з журналістамі кіраўнік дэпутацкага корпуса нагадаў, што Міжнародны дзень абароны дзяцей быў заснаваны ў 1949 годзе:
«Актуальнасць той даты, напэўна, захоўваецца і сёння — звярнуць увагу на тэму шчаслівага дзяцінства, на праблемныя пытанні. Мы бачым, што сёння адбываецца ў свеце. Дзесьці грымяць выбухі, снарады, гінуць дзеці... Але сёння мы, беларусы, жывём у мірнай, спакойнай, працалюбівай краіне, дзе ўдзяляецца ўвага і дзяцінству, і мацярынству».
Што датычыцца пытанняў удасканалення заканадаўства ў сферы аховы дзяцінства, спікер падкрэсліў, што ў Беларусі ў паўсядзённым жыцці рэалізуюцца адпрацаваныя часам нормы. Цяпер можна весці гаворку толькі аб кропкавым удасканаленні заканадаўства. «Усе пытанні, якія звязаны і з арганізацыяй навучальнага працэсу ў школах, вышэйшых навучальных установах, пытанні, звязаныя з адпачынкам дзяцей у летні час, вырашаюцца мясцовымі выканаўчымі органамі ў адпаведнасці з распрацаванымі праграмамі», — адзначыў Ігар Сергяенка.

Сур’ёзная ўвага, паводле яго слоў, удзяляецца захаванню дзіцячага здароўя: «Мы пабывалі сёння ў цэнтры і ўбачылі, наколькі магутная тут навуковая база. Гэта, па сутнасці, сплаў навукі і медыцынскай практыкі. Спецыялісты робяць цуды, аднаўляючы здароўе дзяцей».
Ён адзначыў, што на такіх прыкладах, як тут, можна бачыць, якую ўвагу сёння ўдзяляе дзяржава здароўю дзяцей у шырокім сэнсе слова.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў паведаміў, што сёлета на тэрыторыі цэнтра плануецца завяршыць будаўніцтва новага корпуса, у якім размесцяцца аперацыйная і лабараторыя. Гэта будзе спрыяць ранняй дыягностыцы, пастаноўцы больш дакладнага дыягназу і, адпаведна, — прызначэнню своечасовага лячэння.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА