«Вайна закранула кожную беларускую сям’ю...»
Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка і дэпутаты ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў Савецкай Арміі, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1944 гадах.
Па прыблізных падліках, тут было пахавана каля 10 тысяч чалавек. Помнік над месцам масавага пахавання ўяўляе сабой манументальную скульптуру журботнай жанчыны на бетоннай падмурку з рэльефным надпісам.
— 9 Мая, Дзень Перамогі, — гэта асаблівае свята. З аднаго боку, радаснае: 8 мая быў падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі фашысцкай Германіі, 9 мая пастаўлена кропка ў кровапралітнай Вялікай Айчыннай вайне. З іншага, сумнае, паколькі мільёны людзей загінулі ў горне вайны, — адзначыў у размове з журналістамі пасля ўскладання кветак Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка.
І сёння, паводле слоў спікера, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аддаюць даніну памяці ўсім: і воінам Савецкай Арміі, і партызанам-падпольшчыкам, і мірным жыхарам, якія загінулі ў канцлагерах, ваеннапалонным, грамадзянскаму насельніцтву...
— Мы прыходзім на магілы, наведваем сельскія невялікія помнікі, наведваем манументы воінам-вызваліцелям, свята шануем памяць нашых гераічных продкаў. З іншага боку — бачым, як па-блюзнерску ставяцца да гэтых святыняў, да гэтых свят на Захадзе, дзе забаронена сёння адзначаць Дзень Перамогі, выходзіць з адпаведнай савецкай сімволікай. У той час як мільён нашых суайчыннікаў загінулі толькі за вызваленне Польшчы і краін Балтыі, — заявіў спікер Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Сергяенка падкрэсліў, што ў кожнай беларускай сям’і свята шануюць памяць сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
— Вайна закранула кожную беларускую сям’ю... Хтосьці ваяваў у партызанскім атрадзе, хтосьці дапамагаў, даглядаў параненых, выпякаў хлеб. У тыле ворага таксама кавалася Перамога. Многія прайшлі дарогамі вайны. І я выдатна памятаю расказы бацькі, які ваяваў у складзе 330-й Магілёўскай стралковай Чырванасцяжнай дывізіі, прайшоў з баямі і завяршыў вайну ў Германіі, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, дадаўшы, што рэліквіі, фатаграфіі таго часу захоўваюцца ў кожнай сям’і.
Асаблівая роля ў захаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, паводле слоў спікера Палаты прадстаўнікоў, належыць кінафотафонадакументалістыцы, дакументальным кадрам. Нароўні з мастацкімі фільмамі іх неабходна паказваць моладзі.

Ігар Сергяенка таксама заўважыў, што кветкі ад дэпутатаў сёння ляглі да помніка ў дажджлівае, пахмурнае надвор’е.
— А ўяўляеце, як было ваяваць, наступаць і ў мароз, і ў сцюжу, у золь, у акопах, фарсіраваць, усталёўваць водныя пераправы, ісці наперад — на вялікім энтузіязме і на сіле волі, на любові да Радзімы, патрыятызме — і каваць гэтую Перамогу, — рэзюмаваў спікер Палаты прадстаўнікоў.
Помнік на месцы масавага пахавання ўяўляе сабой манументальную скульптуру журботнай жанчыны на бетонным падмурку з рэльефным надпісам. Па прыблізных падліках, тут было пахавана каля 10 тысяч чалавек. У 2005 годзе парк Чалюскінцаў быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Рашэннем Мінскага гарвыканкама ў 2018 годзе брацкай магіле з манументам «Журботная маці» прысвоены статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА