Разам з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым у Пяршайскім лясніцтве працавалі намеснікі міністра, начальнікі дэпартаментаў, падраздзяленняў цэнтральнага апарату МУС, УУС Мінскага аблвыканкама, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў МУС. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў прэс-службе міліцэйскага ведамства.
Побач са старэйшымі таварышамі – прадстаўнікі маладога пакалення: курсанты, ліцэісты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў. Ініцыятыву праваахоўнікаў падтрымалі старшыня Валожынскага райвыканкама Віталь Бычкоўскі і работнікі лясгаса.
Аб'яднаўшы намаганні, людзі рознага ўзросту прадэманстравалі высокі ўзровень згуртаванасці і сапраўдную пераемнасць пакаленняў. Падобныя экалагічныя ініцыятывы служаць падмуркам для выхавання моладзі ў духу патрыятызму, умацоўваюць карпаратыўнасць ведамства і наглядна паказваюць клопат пра будучыню роднага краю. Гэта канкрэтнае і важкае дзеянне, накіраванае на ўмацаванне экалагічнай бяспекі дзяржавы.
Галоўным вынікам маштабнага працоўнага дэсанту стала ператварэнне тэрыторыі плошчай каля чатырох гектараў, дзе высаджана 23 тысячы саджанцаў хвоі і елкі.
Немалаважна, што мерапрыемствы па адраджэнні ляснога фонду, навядзенні парадку на зямлі міліцыянеры і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў МУС правядуць у кожным рэгіёне краіны.
Размаўляючы з журналістамі, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў адзначыў:
– Міністэрства ўнутраных спраў традыцыйна, двойчы на год, бярэ ўдзел у акцыі па абнаўленні лесу. Наша краіна – лёгкія Еўропы. У Беларусі вельмі шмат зялёных насаджэнняў, і гэта наша багацце. Выдатна разумеем, што будзе, калі не берагчы прыроду.
Кіраўнік міліцэйскага ведамства працягнуў:
– Кожны раз, прыязджаючы на Валожыншчыну, просім даць значны аб'ём работ. І зараз мы з задавальненнем прыехалі сюды кіруючым складам разам з нашымі курсантамі, ліцэістамі, выхаванцамі ваенна-патрыятычных клубаў.
Іван Кубракоў звярнуў асаблівую ўвагу на ідэалагічны складнік акцыі.
– Для нас, старэйшага пакалення кіраўнікоў, сённяшняя акцыя – унікальная магчымасць як папрацаваць разам, так і пагутарыць. Напрыклад, моладзь павінна займацца фізічнай працай. Я ўпэўнены, пройдуць гады, гэтыя хлапчукі і дзяўчынкі вернуцца сюды і ўспомняць, як высаджвалі маладыя хвоі і елкі. Хачу, каб хлопцы і дзяўчаты ганарыліся тым, што жывуць у цудоўнай краіне!
Дырэктар Валожынскага лясгаса Уладзімір Бацян падкрэсліў, што надзейная падтрымка ад міліцыянераў аказваецца лясніцтву з 2020 года, стаўшы добрай традыцыяй. Кіраўнік лясгаса выказаў шчырую ўдзячнасць міністру і ўсяму асабоваму складу ведамства за гэту сістэмную дапамогу. Ён высока ацаніў наладжанае ўзаемадзеянне і бездакорную якасць выкананых работ, падкрэсліўшы, што за гэты час вартавыя парадку высадзілі больш за 50 гектараў лясных культур. Безумоўна, супрацоўніцтва будзе працягнута!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота МУС