Top.Mail.Ru

Падрабязнасці кадравага чацвярга ў Палацы Незалежнасці

Прапаганда добрага і агітацыя за лепшае


Сярод прызначаных — міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», гендырэктары прадпрыемстваў «Белкамунмаш» і «Лідсельмаш», кіраўнікі Петрыкаўскага і Ашмянскага райвыканкамаў. Акрамя таго, у рабочым парадку прызначаны кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі, структурных падраздзяленняў Адміністрацыі Прэзідэнта, дэпартаментаў міністэрстваў і дзяржаўных камітэтаў, старшыні камітэтаў дзяржаўнага кантролю абласцей. Узгоднены кандыдатуры новага члена Гродзенскага аблвыканкама, а таксама асоб, якія займаюць квотныя пасады ў міждзяржаўных органах.  

Усяго ў кадравым спісе — 17 прозвішчаў. Асабіста ад Прэзідэнта пажаданні перад новым этапам прафесійнай дзейнасці атрымалі шасцёра прызначаных на новыя пасады.  

«У параўнанні з іншымі дзяржавамі ў нас тут парадак. І прыстойны» 

Звяртаючыся да новага міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максіма Лысенкі, які дагэтуль займаў пасаду першага намесніка кіраўніка ведамства, Прэзідэнт агучыў прапанову падключыць да Мінпрыроды Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, якая непасрэдна падпарадкоўваецца кіраўніку дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час інспекцыя ім была створана для таго, каб навесці парадак у краіне. «Мяне вельмі непакоіла сітуацыя з браканьерствам, — удакладніў беларускі лідар. — Браканьерства ў нас квітнела і пахла, як у народзе кажуць. За гэты час ужо іншая праблема з’яўляецца (гэта я бачу ў сродках масавай інфармацыі перш за ўсё): у нас столькі жывёл развялося, што праблемы ўзніклі на дарогах».

Але пытанне, па словах кіраўніка дзяржавы, не ў тым, што інспекцыя сёння непатрэбна і яе, як некаторыя гавораць, «зліваюць» у Мінпрыроды. «Нічога падобнага, — заўважыў Прэзідэнт. — Паступова, як мы і дамаўляліся, як былі пастаўлены мною ўмовы, не робім рэзкіх рухаў, калі бачым, што дзесьці трэба штосьці або кагосьці аб’яднаць. І ніякага „зліву“ тут адбывацца не павінна. Гэта па-першае. Па-другое, мы яшчэ абмяркуем гэта пытанне: як „за“, так і „супраць“ шмат людзей, пярэчаць некаторыя. Зразумела, я дзялю на тры або, можа быць, нават на больш, калі пярэчаць тыя, хто сёння працуе ў інспекцыі». 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што інспекцыя як выконвала, так і будзе выконваць сваю ролю — няважна, у складзе якой структуры яна будзе знаходзіцца: у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя або яна напрамую будзе падпарадкавана Прэзідэнту. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што напрамую падпарадкоўваць гэту структуру Прэзідэнту няма неабходнасці. «Бо там у нас парадак, — патлумачыў ён. — Так, ёсць розныя факты, і браканьерства, тут няма пра што нават гаварыць, але ў параўнанні з іншымі дзяржавамі, у тым ліку „квітнеючага“ Захаду, у нас тут парадак. І прыстойны». 

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў: дзе б ні была б гэта інспекцыя — у складзе Мінпрыроды або іншага ведамства, ці будзе існаваць як самастойнае падраздзяленне, яна будзе займацца сваімі пытаннямі. «Я ад гэтага не адступлю, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вы ведаеце мае адносіны да прыроды, да жывёльнага свету, жывёл увогуле. Яны павінны мець права на жыццё». 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка арыентуе на тое, што ўсё павінна быць па законе. «Калі ў нас шмат жывёл — гэта добра, — лічыць ён. — Я ведаю, што такое паляўнічыя: ім паесці не дай або выпіць толькі (але не закусіць), і яны будуць паляваць дзень і ноч. Вельмі добра ведаю гэта. Сам паляўнічы па дакументах, але я ні разу нікога не забіваў і не здабываў. Як паляўнічыя гавораць: „Мы не забіваем, мы здабываем дзічыну“. Для мяне гэта ўсё роўна. Таму інспекцыя павінна быць інспекцыяй, нават калі яна будзе ў вашым міністэрстве».  


«Усё-такі вы ў тэме» 

Па словах Прэзідэнта, яго насцярожвае работа Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. «І вы як чалавек, які непасрэдна займаецца гэтымі пытаннямі, нясеце за гэта адказнасць, — папярэдзіў новага кіраўніка ведамства Аляксандр Лукашэнка. — Я звычайна не прызначаю намеснікаў міністрамі або іншымі кіраўнікамі, бо калі я не задаволены (або ўвогуле наша грамадства) работай таго або іншага ведамства, гэта значыць, што не толькі кіраўнік вінаваты, але і намеснік. Але ў дадзеным выпадку я некалькі адступаю ад гэтай практыкі, прызначаючы вас міністрам». 

Беларускі лідар патлумачыў, чаму рызыкнуў першага намесніка прызначыць міністрам. «Усё-такі вы ў тэме, — удакладніў ён. — Прыйдзе новы кіраўнік — трэба ўнікаць у сітуацыю. Але калі інспекцыя будзе ў складзе вашага міністэрства, то вам не трэба адцягвацца на міністэрства, каб увайсці (у справы. — „Зв.“). І больш увагі ўдзяліць прыйдзецца інспекцыі». 


Кіраўнік дзяржавы больш схільны да таго, што Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, каб не перасякаліся функцыі, падключыць да Мінпрыроды. «Нічога страшнага не адбудзецца, калі інспекцыя будзе ў складзе міністэрства, і ніхто там не пацерпіць (функцыі, паўнамоцтвы і іншае), вялікія паўнамоцтвы ў іх застануцца, — заўважыў Прэзідэнт. — Але ўсё-такі вам як чалавеку, дасведчанаму ў праблемах гэтага міністэрства, будзе лягчэй у гэтым аб’яднаным міністэрстве працаваць».


«Павінен быць на зямлі парадак!»

Па словах кіраўніка дзяржавы, яго не задавальняе работа Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. «Павінен быць на зямлі парадак! — паставіў задачу Прэзідэнт новаму кіраўніку. — Гэта — перш за ўсё. У прыродзе павінен быць парадак, але і вынікі па іншых кірунках павінны быць. Я ваша міністэрства не вельмі заўважаю. Толькі ад выпадку да выпадку, шчыра прызнаюся». 

Мінпрыроды беларускі лідар назваў найважнейшым міністэрствам. Па яго словах, Беларусь — гэта астравок стабільнасці і, галоўнае, прыроды, любові да прыроды. «Людзі нашы павярнуліся да прыроды, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Не ўсе. Заўсёды нешта бывае не так. Але людзі любяць Беларусь, любяць прыроду». 

У якасці прыкладу неабыякавага стаўлення да прыроды кіраўнік дзяржавы прывёў бурную рэакцыю людзей у сацыяльных сетках, калі дзесьці высеклі або спілавалі пэўнае дрэва.

«Хаця павінны разумець, што дрэвы, як і людзі (яны нараджаюцца, растуць, потым старэюць), і калі своечасова дрэва не прыбраць, яно загіне, — патлумачыў Прэзідэнт, дадаўшы, што раніцай старшыня Мінгарвыканкама дакладваў яму аб тым, што людзі заўважылі, як у сталічным парку „Мядзвежына“ спілілі некалькі старых дрэў. — Ад гэтага нікуды не дзенешся, але тысячы-тысячы саджанцаў высадзілі ў гэтым парку. І добры парк для людзей». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, новы міністр павінен гэта разумець і вельмі акуратна падыходзіць да названай тэмы. Але, «гадзіць у прыродзе», як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, недапушчальна. «У нас такіх шмат, — удакладніў ён. — Асабліва ў сельскай гаспадарцы. То жыжа пацякла вясной у раку або ў возера, то браканьеры сеткі паставілі ў азёрах або рэках, або са зброяй ходзяць па лесе і страляюць налева, направа. Гэтым вам усё роўна прыйдзецца займацца. Вы міністр, і вы павінны бачыць усё. І не проста хадзіць, галаву апусціўшы, а патрабаваць з адпаведных людзей. Гэта міністэрства міністэрстваў. Для вас, акрамя Прэзідэнта і Госпада Бога, нікога існаваць не павінна».  


«Давядзеццца займацца прапагандай добрага і агітацыяй за лепшае» 

Дырэктарам — галоўным рэдактарам установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» прызначана Вольга Ануфрыева, якая дагэтуль узначальвала Выдавецкі дом «Звязда». 

Гаворачы аб ключавым перыядычным выданні медыяхолдынга — газеце «Беларусь сегодня», Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта газета прэзідэнцкага ўзроўню. «Яна першая з першых, — адзначыў беларускі лідар. — Я не хачу прынізіць ролю „Звязды“, нашага беларускамоўнага выдання. Заўсёды вельмі акуратна адносіўся да гэтага. Заўсёды раніцай на стале ў мяне ваша творчасць. Я вельмі спадзяюся, што вы з гэтым справіцеся. Тым больш што кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі, нашы творчыя міністры рэкамендуюць і не супраць (прызначэння. — „Зв.“) Вольгі». 

Прэзідэнт удакладніў, што не толькі «Звязда», але перш за ўсё і «Беларусь сегодня», заўсёды ў яго на стале. «Не скажу, што я кожную газету прачытваю, бо ёсць шмат чаго чытаць, але я праглядаю тэматыку, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Тым больш, я ж чалавек праінфармаваны і знаёмы з тымі пытаннямі, якія вы ўзнімаеце, у асноўным». 

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што і на Вользе Ануфрыевай, і на прадстаўніках іншых сродкаў масавай інфармацыі ляжыць адказнасць у цэлым за грамадства. 

«Акрамя сваёй работы, вам давядзецца працаваць з людзьмі, інфармаваць іх, агітаваць, прапагандаваць — не трэба гэтага баяцца, — парэкамендаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы прапагандуем лепшае, я ўжо пра гэта гаварыў. Мы агітуем за нармальны лад жыцця, які існуе, дзякуй богу, у Беларусі. Мы нічому тут не здрадзілі і не памянялі да горшага. Як і міністрам, так і вам, давядзецца гэтым займацца — прапагандай добрага і агітацыяй за лепшае». 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсе — ад Прэзідэнта да журналістаў — ідэалагічныя работнікі. «Мы гэтага не хаваем, — заўважыў ён. — Так павінна быць. Няма чаго тут хаваць. Напэўна, вас крытыкуюць, называюць прапагандыстамі, бо зайздросцяць і баяцца. Але добра: баяцца — значыць, усё да лепшага». 

Звяртаючыся да міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама да дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», Аляксандр Лукашэнка сказаў, што вялікіх прэтэнзій да іх не мае. «Ідзіце і працуйце, — паставіў задачу беларускі лідар. — Поспехаў!»


«Работы ў Петрыкаве дастаткова, і паказаць сябе таксама ёсць дзе» 

Датычацца кадравыя рашэнні таксама мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Петрыкаўскі райвыканкам узначаліў Яўген Шкробат (дагэтуль з’яўляўся першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жыткавіцкага райвыканкама). Старшынёй Ашмянскага раёна прызначаны Андрэй Клышэўскі, які да нядаўняга часу з’яўляўся намеснікам старшыні гэтага ж райвыканкама. У зоне яго адказнасці знаходзіліся пытанні будаўніцтва і ЖКГ. 

Звяртаючыся да старшыні Петрыкаўскага райвыканкама, Прэзідэнт нагадаў, што часта бывае на Петрыкаўшчыне, а таму гэты раён і, адпаведна, яго кіраўніцтва заўсёды будзе на вачах беларускага лідара. «Вельмі ўважліва назіраю ўвогуле за палешукамі і развіццём Палесся, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта калісьці было маім болем. Цяпер я рады, што ўсё-такі людзі там жывуць больш-менш прыстойна». 


Прэзідэнт нагадаў, што былы кіраўнік Петрыкаўскага раёна быў прызначаны на пасаду старшыні Мазырскага райвыканкама. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, работа ў раёне папярэднім кіраўніком праведзена значная, таму новы кіраўнік прыходзіць не на пустое месца. «Вы ідзяце на раён, які ўжо сябе зарэкамендаваў, і кіраўнік у тым ліку, — удакладніў ён. — Таму адпачываць там не давядзецца, а спытаем значна больш і мацней, чым у Жыткавічах. Вопыт у вас ёсць, раёны побач, землі прыкладна аднолькавыя. Петрыкаў — вельмі прыстойны горад, горад шахцёраў. Нам давядзецца яго развіваць».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна наведаў Петрыкаўскі раён і застаўся задаволены тым, як развіваецца і горад, і раён. У прыватнасці, у ходзе вялікай камандзіроўкі на Гомельшчыну беларускі лідар знаёміўся з ходам пасяўной.  

«І Петрыкаў, і Жыткавічы сёлета нядрэнна пасеялі, ды і надвор’е гэтаму спрыяла, — канстатаваў ён. — Усё ж такі ў нас там пясчаная ў асноўным глеба, асабліва ў Петрыкаве, але дажджы падтрымалі нашы пасевы. І калі вы там падкармілі добра мінеральнымі ўгнаеннямі і арганікай гэтыя глебы, то ўраджай павінен быць нядрэнны. Але гэта мы паглядзім восенню. Работы ў Петрыкаве дастаткова, і паказаць сябе таксама ёсць дзе. Таму лёгкага жыцця я вам там не абяцаю». 

«Раёны хоць і далёкія ад Гродна, але яны не павінны быць горшыя» 

Звяртаючыся да Андрэя Клышэўскага, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Ашмянскі раён — адзін з тых, што знаходзяцца ў аддаленні ад абласнога цэнтра. Прэзідэнт заўважыў, што па гэтай прычыне кіраўніцтва вобласці рэдка наведвае такія рэгіёны.  

«Такая „хвароба“ ў нас у кожнага старшыні ёсць, — канстатаваў ён. — Калі гэта, дапусцім, Брэсцкі аблвыканкам, то не заўсёды яны бывалі ў больш аддаленых, усходніх раёнах Брэсцкай вобласці. Калі Магілёўская вобласць, то Бабруйскі рэгіён, Крычаў, Клічаў, Глуск — быццам бы „чужыя“ раёны. Дакладна гэтаксама і ў Віцебскай вобласці. Віцебск, вакол Віцебска і землі нядрэнныя, талачынскія. А вось туды, на паўночны захад — не заўсёды (даязджае кіраўніцтва вобласці. — «Зв.»). Я гэтыя праблемы ведаю яшчэ з савецкіх часоў. Тое ж самае і ў Мінскай вобласці». 

«Вельмі многае будзе залежаць ад старшыні райвыканкама, — лічыць Прэзідэнт. — Я сабе стаўлю задачу там часцей бываць, але не заўсёды атрымліваецца, шчыра скажу. Але гэты недахоп я выпраўлю. Таму вы там варушыцеся, і суседу свайму (размова аб суседніх раёнах. — „Зв.“) гаварыце, што гэта раёны хоць і далёкія ад Гродна, але яны не павінны быць горшыя, чым рэгіён непасрэдна вакол Гродна і Гродзенскага раёна». 

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна наведаў Гродзеншчыну. У прыватнасці, ацаніў справы ў сельскай гаспадарцы. «Віды на ўраджай вельмі добрыя, — канстатаваў ён. — Ну і дажджоў вы прасілі... У цябе ж у Ашмянах дажджоў будзе дастаткова, там нават з лішкам часам бывае. Але ў вас яны лішнія не будуць». 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў новага старшыні Ашмянскага райвыканкама станам спраў у АПК і ў чарговы раз папярэдзіў, што не трэба спяшацца пры аб’яднанні гаспадарак. «Трэба вельмі акуратна, асцярожна, — парэкамендаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я параўноўваю з фермерскімі гаспадаркамі. Там і 50, і 150 гектараў, але многія працуюць эфектыўна». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба ствараць базу, якая дазволіць працаваць эфектыўна і сельгасарганізацыям. «Малочнатаварныя комплексы, цялятнікі гэтыя, прафілакторыі, і клапаціцца, каб ад гэтай зямлі мы атрымлівалі адпаведны вынік», — звярнуў увагу Прэзідэнт, дадаўшы, што гэта датычыцца і свінагадоўлі, і птушкагадоўлі. «Мы ведаем, што для гэтага трэба, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба развіваць гэтыя гаспадаркі». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба быць вельмі асцярожнымі з аб’яднаннямі і ні ў якім разе нічога не рабіць штучна. «Я памятаю па сваёй рабоце: людзі хочуць бачыць кіраўніка кожны дзень, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А калі там цэлы раён у раёне, тады навошта старшыня райвыканкама там? Шмат пытанняў. Але галоўнае, што кіраўнік часта не бачыць людзей. Таму калі аб’ядноўваеце буйныя гаспадаркі, то там павінен быць свой кіраўнік, можа, нават свае балансы, разліковыя рахункі ў яго ў банку павінны быць — гэта ўжо ваша справа. А што цэнтралізоўваць, там разбірайцеся, але будзьце вельмі акуратнымі. Нам трэба гэта бачыць, кантраляваць, і ўрад павінен гэта разумець».  


«Якасць — пытанне нумар адзін» 

Новыя кіраўнікі — і ў найважнейшых дзяржаўных арганізацыях. Міхаіл Сымановіч узначаліў ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш». Дагэтуль ён з’яўляўся намеснікам генеральнага дырэктара прадпрыемства па эканоміцы і фінансах. Гендырэктарам ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Лідсельмаш» прызначаны Эдуард Шаль (папярэдняя пасада — дырэктар ААТ «Лідаграпраммаш»).  

Прэзідэнт пацікавіўся станам спраў на лідскіх прадпрыемствах сельскагаспадарчага профілю. Новы кіраўнік далажыў, што, у прыватнасці, на «Лідсельмашы» вырабляюцца бульбакапалкі і бульбасаджалкі, зернесушыльныя комплексы поўнага цыклу, радыятары. На «Лідаграпраммашы», па словах Эдуарда Шаля, вытворчасць ажыццяўляецца па чатырох асноўных кірунках: на прадпрыемстве вырабляюцца сеялкі ўсіх відаў, косы, самаходныя апырсквальнікі, каменяўборачная тэхніка. 

«Усё гэта нам патрэбна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але задача адна — рабіць сваё. 100 % павінна быць лакалізацыя (на першым этапе — 90 %). Усё павінна быць беларускае. І самае галоўнае — якасць». 


Прэзідэнт падкрэсліў, што за невыкананне гэтых патрабаванняў спытаюць строга. Беларускі лідар заўсёды трымае на кантролі гэту тэму, патрабуе з урада выканання дадзеных даручэнняў забяспечваць належную якасць прадукцыі, што выпускаецца.  

Асабліва гэта датычыцца тэхнікі, у тым ліку вытворчасці МАЗ. «Калі мы ідзём у Афрыку і канкурыруем з амерыканцамі, расіянамі, кітайцамі, то трэба выйграваць, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Пакуль выйграём. Але ні ў якім разе нельга апускаць гэту планку. Чаго б нам гэта ні каштавала, якасць — пытанне нумар адзін».


«Трэба рухацца наперад і бачыць будучыню» 

Аналагічныя патрабаванні Прэзідэнта датычацца і прадукцыі «Белкамунмаша». Гендырэктар далажыў аб лінейцы транспартнай тэхнікі, якая вырабляецца на прадпрыемстве.  

«Попыт на тралейбусы вашы ёсць?» — пацікавіўся беларускі лідар. — На трамваі не меншы, так?»

«Па трамваях мы вельмі сур’ёзную канкурэнцыю складаем нашым суседзям — Расійскай Федэрацыі, — адзначыў Міхаіл Сымановіч. — Бо мы выйграём за кошт цаны». 


Прэзідэнт пацікавіўся, ці бачыць кіраўнік прадпрыемства будучыню менавіта за электробусамі. 

«Калі будзе далей развівацца сістэма назапашвання, батарэі, — будучыня ў гэтага транспарту ёсць, — звярнуў увагу гендырэктар „Белкамунмаша“. — Цяпер вага батарэі ўплывае на пасажыразмяшчальнасць. Калі мы хочам, каб электробус ехаў 500 кіламетраў, ён павязе мала людзей, бо батарэя будзе цяжкая. Адпаведна, калі хочам, каб гэта машына ехала і была лёгкая, патрэбна тэхналогія распрацоўкі батарэй, сістэм назапашвання». 

«Гэта значыць, вы намякаеце, што не ўсё тут залежыць ад вас?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. 

«На дадзеным этапе развіцця, напэўна, так, — заўважыў Міхаіл Сымановіч. — Мы выкарыстоўваем апошнія тэхналогіі. Думаю, што хутка свет ступіць наперад і з’явяцца тэхналогіі больш лёгкіх батарэй. Тады гэты транспарт будзе сапраўды транспартам будучыні».  

Такія батарэі, па словах новага кіраўніка прадпрыемства, павінны з’явіцца ў найбліжэйшыя 10 гадоў, і «Белкамунмаш» павінен быць тэхнічна гатовы да іх хуткага ўкаранення. Ён расказаў, што ў цяперашні час на прадпрыемстве выкарыстоўваюць не толькі гатовыя батарэі, вырабленыя ў Кітаі, але і самастойна збіраюць іх з ячэек. Цяпер падышлі да ўкаранення тэхналогіі зборкі лягчэйшых батарэй. 

«Вось вы самі сабе і паставілі задачу, — канстатаваў беларускі лідар. — Ні ў якім разе не спыняйцеся. Вы малады чалавек адносна, чаго вам спыняцца. Вам трэба рухацца наперад у гэтым плане».

Па словах Прэзідэнта, сёлета складваюцца спрыяльныя ўмовы надвор’я для многіх відаў сельгасработ, у прыватнасці, для ўкосу траў і нарыхтоўкі кармоў. «Учора па палях ездзіў там побач, дзе звычайна займаюся сельскай гаспадаркай, эксперыментую, — расказаў ён. — Люба-дорага паглядзець. Год добры, травы вельмі добрыя. Прыемна паглядзець на ўраджай».  

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы арыентуе на стварэнне і ўласных прэсаў-падборшчыкаў, якія дазволяць захаваць ураджай. Аналагічныя патрабаванні — да вытворчасці айчыннага рабатызаванага даільнага апарата.  

«Калі мы зробім гэты даільны апарат, робат — гэта вялікая справа, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але галоўнае, што праграмнае забеспячэнне зрабілі. Квакалі-ахалі: „Мы не можам“. Усё мы можам. Айцішная краіна, ганарыліся гэтым, і не можам? Задачу паставілі, маладыя хлопцы на „Гарызонце“ з 15 аперацый 10 робяць. Сёлета яны павінны завяршыць і апарат такі зрабіць. Для нас гэта важна, каб з Бабруйска або з Ліды, вашых прадпрыемстваў, вахтавым чынам не вазіць людзей, і вам не прыйшлося туды ездзіць і даіць гэтых кароў, бо моладзь не вельмі імкнецца на фермы. Стане пытанне. А ўсе хочуць есці, і малочныя прадукты. Таму давялося заняцца і гэтым пытаннем». 


Дакладна так жа, па словах беларускага лідара, краіна і далей будзе рухацца. «Трэба рухацца наперад і бачыць будучыню», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.  

Акрамя таго, у рабочым парадку кіраўнік дзяржавы прызначыў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Лівія па сумяшчальніцтве Яўгена Сабалеўскага, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Афганістане па сумяшчальніцтве — Аляксандра Агароднікава, начальнікам Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС — Аляксандра Іваніцкага.  

Прэзідэнт таксама даў згоду на прызначэнне Віктара Шчэцькі першым намеснікам міністра прамысловасці, Аляксандра Постнікава — намеснікам міністра транспарту і камунікацый, Генадзя Аксціловіча — начальнікам галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Юрыя Хамутоўскага — начальнікам упраўлення рэгіянальнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта, Алега Садоўскага — старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці, Аляксея Іглікава — членам Гродзенскага аблвыканкама, Надзеі Юрашэвіч — намеснікам начальніка Арганізацыйна-аналітычнага дэпартамента Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Вольгі Васілеўскай — намеснікам начальніка Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.  

Вераніка Канюта

Даслоўна 

«Неабходна выкараніць фармалізм у пытанні навядзення парадку на зямлі» 

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім ЛЫСЕНКА, задачы кіраўніком дзяржавы пастаўлены перад ведамствам дакладныя і канкрэтныя. «Як сказаў Прэзідэнт, гэта адно з найважнейшых міністэрстваў, але яго работы пакуль не відаць, таму трэба ісці наводзіць парадак», — канстатаваў кіраўнік Мінпрыроды. 
Па яго словах, неабходна выкараніць фармалізм у пытанні навядзення парадку на зямлі. «Цяпер уносяцца змяненні ў шэраг нарматыўных прававых дакументаў, каб каардынацыя па навядзенні парадку была больш дакладнай», — канкрэтызаваў Максім Лысенка.  


Пытанне абыходжання з адходамі — тое, на чым таксама ў бліжэйшы час будзе сканцэнтравана ўвага Мінпрыроды. «Трэба максімальна працаваць з юрыдычнымі асобамі і насельніцтвам, каб уключыць другасныя матэрыяльныя рэсурсы, перапрацоўваць адходы вытворчасці, — удакладніў ён. — Тыя ж перапрацоўшчыкі павінны падыходзіць больш адказна да сваёй дзейнасці. Напэўна, нам трэба сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі падумаць над стратэгіяй работы па пытаннях абыходжання з адходамі. Патрэбна яе крыху памяняць, і мы ў гэтым кірунку ўжо працуем».
Адным з важных кірункаў дзейнасці ведамства, па словах Максіма Лысенкі, з’яўляецца геолагаразведка. Ён адзначыў, што работа па здабычы нафты і іншых прыродных рэсурсаў будзе прадоўжана ў яшчэ больш узмоцненым тэмпе. Адным з даручэнняў беларускага лідара, як дадаў кіраўнік ведамства, з’яўляецца прапрацоўка пытання аб далучэнні да Мінпрыроды Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце.

«На ўзроўні нашага холдынга мы ўсё гэта будзем развіваць» 

Сфера прафесійнай дзейнасці для дырэктара — галоўнага рэдактара ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» Вольгі АНУФРЫЕВАЙ, якая дагэтуль узначальвала Выдавецкі дом «Звязда», застаецца ранейшай, але ёсць і сур’ёзныя змяненні.  

«Зыходзячы хаця б з таго, што аб’ём (задач. — „Зв.“) крыху большы, і адказнасць, адпаведна, узрастае, — удакладніла кіраўнік медыяхолдынга. — Успрымаю ўсё пазітыўна. Тыя задачы, якія агучыў Прэзідэнт, мы будзем выконваць разам з нашымі калегамі. Калектыў, які ўзначаліла, добра ведаю: ён вельмі працаздольны, таленавіты. Думаю, што разам мы справімся з тымі задачамі, якія перад намі стаяць».  

Вольга Ануфрыева заўважыла, што журналісты прэзідэнцкага пула добра ведаюць пасылы кіраўніка дзяржавы, іх танальнасць. «Прэзідэнт сказаў, што мы ўсе нясём адказнасць за грамадства ў цэлым, — канкрэтызавала дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома „Беларусь сегодня“. — Мы ў добрым сэнсе прапагандысты: прапагандуем усё добрае, што ёсць у нас, і даносім да грамадства ўсе нашы дасягненні. Адпаведна, і на ўзроўні нашага холдынга мы ўсё гэта будзем развіваць. Традыцыі ёсць, яны добрыя, закладзеныя маімі папярэднікамі, таму толькі наперад, толькі разам». 

«Мы бачым вялікі патэнцыял трамвайнай тэхнікі на экспартным рынку» 

Генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» Міхаіл СЫМАНОВІЧ адзначыў, што прадпрыемства засяродзіць увагу на новых відах прадукцыі. Адным з перспектыўных прадуктаў, работа над масавым укараненнем у вытворчасць якога ўжо вядзецца, ён назваў трохсекцыйны трамвай, які можа рухацца ў двух напрамках, не разварочваючыся на трамвайным кальцы. Па меркаванні гендырэктара, гэты від трамвая можа легчы ў аснову развіцця прадпрыемства на гады наперад. 

«Мы бачым вялікі патэнцыял трамвайнай тэхнікі на экспартным рынку, — звярнуў увагу Міхаіл Сымановіч. — Цяпер актыўна прапрацоўваем рынак Казахстана: ужо завяршылі адзін кантракт па пастаўцы трамвайных вагонаў у Паўладар. Таксама была пастаўка вагонаў і ва Усць-Каменагорск». 

Аднак асноўным экспартным напрамкам прадукцыі прадпрыемства застаецца расійскі рынак. Як удакладніў кіраўнік прадпрыемства, каля 90 % экспартных паставак прадукцыі «Белкамунмаша» накіроўваецца менавіта туды. «Там мы адчуваем сябе дастаткова ўпэўнена, — канстатаваў Міхаіл Сымановіч. — Мы добра ведаем нашых асноўных канкурэнтаў, іх перавагі і недахопы. Мы пастаўляем даволі шмат сваёй тэхнікі ў такія буйныя гарады, як Санкт-Пецярбург, Краснадар. Нашу тэхніку там добра ведаюць, таму мы і ў далейшым будзем актыўна працаваць у гэтым напрамку. Гэта наш ключавы рынак, і наша прысутнасць там — гэта стратэгічная мэта».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю