Top.Mail.Ru

Кіраўніцтва Савета Рэспублікі азнаёмілася з дзейнасцю Беларускай АЭС

Старшыня Савета Рэспублікі разам з членамі Прэзідыума наведалі флагман айчыннай энергетыкі — Беларускую атамную электрастанцыю. Гэта без перабольшання найбуйнейшы для краіны высокатэхналагічны праект, які адпавядае самым сучасным патрабаванням бяспекі. У ходзе візіту парламентарыі азнаёміліся з унікальнымі тэхналогіямі і шматузроўневай сістэмай забеспячэння бяспекі БелАЭС, а таксама пагутарылі з працоўным калектывам.



«Атамная станцыя — гэта перш за ўсё бяспека»

Візіт парламенцкай дэлегацыі стартаваў з наведвання вучэбна-трэніровачнага цэнтра. Сімвалічна, што ў гэты дзень станцыю з прафарыентацыйнай экскурсіяй таксама наведвалі навучэнцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА пагутарыла з маладымі людзьмі, адзначыўшы важнасць таго, што новае пакаленне на свае вочы можа ўбачыць гэты грандыёзны праект, які стаў сімвалам суверэннай Беларусі.

Пасля азнаямлення з вытворчымі пляцоўкамі БелАЭС Старшыня Савета Рэспублікі правяла сустрэчу з працоўным калектывам прадпрыемства. Наталля Качанава падрабязна расказала аб асноўных кірунках дзейнасці Савета Рэспублікі, а таксама адказала на пытанні, якія паступалі ад прадстаўнікоў працоўнага калектыву. Работнікаў БелАЭС цікавілі тэмы развіцця турызму, уступная кампанія, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны кіраўнік, міжнародны парадак дня і многае іншае. На ўсе пытанні былі дадзены разгорнутыя і кампетэнтныя адказы. Спікер Савета Рэспублікі падзякавала работнікам БелАЭС за іх неацэнны ўнёсак у забеспячэнне энергетычнай бяспекі краіны.

У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла: «Беларуская атамная станцыя — гэта наш гонар, грандыёзнае збудаванне і высокатэхналагічны праект, якім мы ганарымся па праве. З’яўленне такога аб’екта дапамагае айчыннай эканоміцы развівацца яшчэ больш паспяхова».

Спікер звярнула ўвагу, што з будаўніцтвам АЭС стаў актыўна развівацца і сам Астравец. Яна выказала ўпэўненасць, што горад будзе прырастаць і новымі праектамі, і колькасцю насельніцтва. Наталля Качанава канстатавала, што тут створаны добрая інфраструктура і бяспечныя ўмовы для працы: «Атамная станцыя — гэта перш за ўсё бяспека. У першую чаргу — энергетычная бяспека краіны. Таму тут асаблівая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, якія працуюць на гэтай станцыі».

«Тут павінны быць прафесіяналы высокага ўзроўню»

Наталля Качанава ўдакладніла, што спецыялістаў для Беларускай АЭС рыхтуюць айчынныя ВНУ і іншыя навучальныя ўстановы. «Але тут павінны быць прафесіяналы высокага ўзроўню, таму што вялікая адказнасць. І тут створаныя выдатныя ўмовы для падрыхтоўкі спецыялістаў для работы на гэтым важным аб’екце», — дадала спікер.

Старшыня Савета Рэспублікі назвала па-сапраўднаму мудрым рашэнне кіраўніка дзяржавы аб будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю Беларускай атамнай станцыі. 

«Тады былі розныя размовы пра тое: трэба будаваць ці не трэба... Было шмат нядобразычліўцаў і з боку нашых заходніх суседзяў, — нагадала Наталля Качанава. —Але сёння яны ўсе плануюць будавацьатамныя станцыі, таму што гэта экалагічна чысты від электраэнергіі, гэта энергетычная бяспека краіны». Яна выказала ўпэўненасць, што далейшае развіццё Беларускай АЭС таксама яшчэ наперадзе.

Спікер падзякавала энергетыкам за дасведчанасць і прафесіяналізм у вырашэнні самых розных пытанняў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Астравецкі раён


Даслоўна

Генеральны дырэктар Беларускай АЭС Сяргей Бабовіч у размове з журналістамі акцэнтаваў, што сёлета на прадпрыемстве адзначаюць пяцігоддзе з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю першага энергаблока. «І да Дня Незалежнасці 2 ліпеня першы энергаблок выпрацаваў 40 мільярдаў кілават-гадзін. Атрымаўся такі сімвалічны падарунак краіне да свята, — канкрэтызаваў генеральны дырэктар. — Сумарна двума энергаблокамі выпрацавана ўжо больш за 63 мільярды кілават-гадзін. 

Сёння асноўная задача заключаецца ў тым, каб па плане пераводзіць сеткі на тую нагрузку, якую хочуць нашы кліенты».

Сёння на прадпрыемстве працуюць больш за 2,7 тысячы чалавек. «Мы ўкамплектаваныя персаналам, і гэта вельмі важна, — лічыць кіраўнік арганізацыі. — У нас ёсць добры навучальны цэнтр, які ўвесь час працуе з нашым персаналам для таго, каб мы не спыняліся на адным узроўні, каб узровень кваліфікацыі нашых супрацоўнікаў павышаўся, і мы рухаліся толькі наперад».

Менавіта таму Беларуская АЭС цесна супрацоўнічае з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. «Мы хочам, каб лепшая моладзь, якая сёння ёсць у краіне, прыходзіла працаваць да нас, — падзяліўся генеральны дырэктар. — Таму мы актыўна запрашаем маладых людзей да нас на экскурсіі, знаёмім іх з работай БелАЭС. Нам важна ўжо на ўзроўні школы, ВНУ рыхтаваць маладых людзей да працы на станцыі. Увесь свет сёння змагаецца за моладзь, і мы не адстаём ад гэтага».

Гаворачы аб планах на будучыню, Сяргей Бабовіч закрануў тэму будаўніцтва трэцяга энергаблока. Паводле яго слоў, цяпер па гэтым пытанні вядуцца актыўныя перагаворы з расійскім бокам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю