Top.Mail.Ru

Кірмаш гудзеў рознагалоссем

Кірмаш гудзеў рознагалоссем. Яўхім прайшоўся паміж радамі, падзівіўся багаццю тавару і яго цэнам. Падняўшы каўнер у сваім старым кажуху, падаўся да людскога натоўпу, які сабраўся ў сярэдзіне базарнай плошчы. Адтуль даносілася галасы, смех.


Ладна апрануты цыган з залатымі зубамі і пярсцёнкамі на пальцах спрабаваў уперці старому дзеду парваны хамут:

— Бяры, дзед! Далібог успомніш мяне добрым словам. Хамут амаль што новы. Супоню заменіш, войлак паправіш, скуру падшыеш — будзе як з крамы. Я б не прадаваў, ды грошы вельмі патрэбны.

Яўхім паскроб кадык, збіў правай рукой шапку-вушанку на патыліцу.

— Кажаш, грошы патрэбны? — перапытаў ён цыгана і тут жа выцягнуў з кішэні кажуха тоўста напакаваны капшук, расшпіліў.

— Вой як патрэбны! — вытарашчыў вочы цыган.

— Ну дык махнёмся шубамі, — засмяяўся Яўхім, — Я табе свой кажух з гэтым вось капшуком і грашыма, а ты мне сваю шубу. Ён паклаў пры ўсіх капшук у кішэню кажуха.

— Здурнеў чалавек на старасці! — загулі людзі ў натоўпе.

Цыган доўга не разважаў. Кінуў Яўхіму сваю трусіную шубу, учапіўся аберуч у парваны кажух і ніяк не хацеў адпускаць. Яўхім прымерыў — як на яго шыта. Падзякаваў цыгану за падарунак і знік у людскім натоўпе. А праз некалькі хвілін пачуўся на плошчы цыгановы лямант:

— Па-адмануў! Вы ўсе бачылі? — звяртаўся ён да прысутных.

Тут і высветлілася, што ў тым кажуху кішэняў зусім не было — парваныя. Праз дзірку Яўхім і паклаў капшук з грашыма ў кішэню пінжака, які быў пад кажухом. Во ж хітрун!

Зыгмунд Дзякевіч, Воранаўскі раён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю