Упершыню міжнародны музычны фестываль «Славянскі базар» прайшоў у Віцебску з 18 па 23 ліпеня 1992 года. У дырэкцыі маштабнага форуму мастацтваў расказалі БелТА, якім было дэбютнае свята культуры і творчасці брацкіх народаў.
На першым «Славянскім базары» ў Віцебску ў 1992 годзе прадставілі эмблему фестывалю — кветку васілька, якая распусцілася на нотным стане, нечым нагадваючая мікрафон. Яе стварыў маскоўскі мастак Аляксандр Грым. Васілёк затым стаў галоўным сімвалам маштабнага форуму мастацтваў і атрымаў пастаянную прапіску на афішах.
Са сцэны Летняга амфітэатра 18 ліпеня ў 22.00 першыя вядучыя фестывалю, дзеячы культуры Беларусі, Расіі і Украіны, аб’явілі аб старце «Славянскага базару». Сярод папулярных артыстаў, якія выступалі на канцэрце адкрыцця, быў ансамбль «Сябры», ВІА «Арыэль» (іх хітом была кампазіцыя «Порушка-Параня»), а таксама нямала зорак эстрады з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. А тое, з якой цеплынёй гледачы прымалі артыстаў, стала яшчэ адной душэўнай традыцыяй.
У віншавальнай тэлеграме культурнаму форуму прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын назваў фестываль «першым», хоць тады ў яго не было нумара, і гэта аказалася своеасаблівым прароцтвам. Сярод ключавых мерапрыемстваў праграмы свята мастацтваў былі гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, канцэрты Дня Рэспублікі Беларусь, Дня Расіі і Дня Украіны, конкурс маладых выканаўцаў, а таксама канцэрт «Джаз апоўначы».
Самыя шматлікія дэлегацыі на віцебскім фестывалі прадстаўлялі Беларусь, Расію і Украіну, у іх склад уваходзілі па 300 чалавек. Творчае свята прыняло ў цэлым больш за тысячу гасцей і ўдзельнікаў, уключаючы прадстаўнікоў Грузіі, ЗША, Канады, а таксама Аўстраліі.
У 1992 годзе Летні амфітэатр, які тады яшчэ не абзавёўся дахам над глядзельнай залай (пазней у народзе яна атрымае назву «кепка Лужкова»), стаў пляцоўкай для дзевяці канцэртаў, трох выстаў і пяці прэс-канферэнцый.
Першы ў гісторыі фестывалю кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў адкрыўся 19 ліпеня. Размяшчаўся ён у гістарычнай частцы горада — на вуліцы, якая цяпер з’яўляецца пешаходнай (вуліцы Суворава) і таксама ў фестывальныя дні нязменна становіцца пляцоўкай, дзе збіраюцца майстры традыцыйных рамёстваў.
Самым масавым з мерапрыемстваў на першым фестывалі стала тэатралізаванае народнае гулянне «Вогнішча дружбы ў Купальскую ноч».
Журы конкурсу маладых выканаўцаў у 1992 годзе ўзначаліў Уладзімір Мулявін. У яго склад увайшлі і такія мэтры айчыннага мастацтва, як кампазітар Ігар Лучанок, дырыжор Міхаіл Фінберг, музыкант і кампазітар Эдуард Ханок, саліст, а цяпер кіраўнік ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка. Галоўная ўзнагарода конкурсу ў той год не прысуджалася нікому з маладых артыстаў, а першую прэмію заваявала прадстаўніца Украіны Алекса Бераст.
На першым «Славянскім базары» ўдзельнікі атрымалі акрэдытацыю, якая дазваляла ім наведваць усе фестывальныя пляцоўкі. Карткі адрозніваліся колерам і дазвалялі вызначыць, хто гэта. Напрыклад, у членаў журы конкурсу бэйдж быў салатавым, у прадстаўнікоў СМІ — цёмна-зялёным або сінім, у артыстаў — шакаладнага адцення.
У форуму мастацтваў была і свая газета. Яе першы нумар выйшаў тыражом 8 тыс. экзэмпляраў, і ў далейшым гэты рэкорд так і не быў пабіты.
У час фестывалю дырэкцыя прапаноўвала жадаючым прайсці анкетаванне. За тое, што фестывалю ў будучым быць, выступілі 85 працэнтаў рэспандэнтаў. Прыкладна такая ж па колькасці аўдыторыя адзначыла, што «Славянскі базар» падарыў ім выдатны настрой. Больш за ўсё даспадобы гледачам прыйшліся канцэрты зорак эстрады, конкурс маладых выканаўцаў, фальклорны карнавал і кірмаш рамеснікаў, а таксама Нацыянальны дзень Расіі. А яшчэ анкетуемыя падкрэслілі, што фестываль дазволіў ім значна лепш пазнаць культуру славянскіх народаў.