Top.Mail.Ru

Кірмаш вакансій для пажылых і інвалідаў сабраў дзясяткі сталічных работадаўцаў

2 кастрычніка ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта правёў ужо традыцыйны «Рэспубліканскі кірмаш вакансій для пажылых і інвалідаў». Адгукнулася каля 40 наймальнікаў.


Удзельнікі кірмашу — прамысловыя прадпрыемствы, транспартныя арганізацыі, фірмы гандлю і грамадскага харчавання, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу — выступілі са шматлікімі прапановамі для людзей старэйшага ўзросту і абмежаваннямі па здароўі. Усяго, паводле слоў арганізатараў, было выстаўлена каля 2000 прапаноў працаўладкавання. Прычым большасць работадаўцаў — дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы, якія шукаюць вопытных, адказных і матываваных спецыялістаў.

Начальнік аддзела кадраў інструментальна-штампавага завода МАЗ Аляксандр КАРЦЕЛЬ расказаў: «Вытворчасць у нас спецыфічная: шануецца досвед, без якога амаль немагчыма стаць сапраўдным спецыялістам. Шлях да прафесіі доўгі і складаны, і далёка не кожны гатовы яго прайсці. На канвееры ўсё значна прасцей: некалькі разоў паказаў — і чалавек ужо можа стаяць на лініі і выконваць адну і тую ж аперацыю. А ў слесара-інструментальшчыка задачы шматгранныя, работа патрабуе рэдкіх ведаў і навыкаў. Таму наша прадпрыемства прадстаўлена сёння тут, на кірмашы вакансій — прапануем працаўладкаванне людзям сярэбранага ўзросту. Дарэчы, на нашым заводзе сёння працуе каля 600 чалавек. З іх 23 % — гэта пенсіянеры. Для параўнання, моладзі да 30 гадоў — усяго 19 %».

У рамках мерапрыемства спецыялісты камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне растлумачылі заканадаўчыя тонкасці: якая фінансавая падтрымка належыць беспрацоўным, якія правы мае пенсіянер, ці можна атрымаць субсідыі на адкрыццё ўласнага бізнесу. Кансультацыя суправаджалася магчымасцю задаць пытанні і тут жа атрымаць на іх зразумелыя адказы. Нямала ўвагі надалі і неабходным для працаўладкавання навыкам: складанню рэзюмэ, каб яно не згубілася ў электронных базах і зрабіла ўражанне на працадаўцаў, карыстанню інфармацыйным парталам дзяржаўнай службы занятасці.

Па такую кансультацыю прыйшла і Людміла РАМАНАВА, якая жадае знайсці працу сакратаром ці адміністратарам: «З работы сышла часова, а цяпер прыйшла шукаць новае месца. Ніколі б і не падумала, але аказалася, што тэлефанаваць працадаўцам і прапаноўваць сваю кандыдатуру не так ужо і проста. Тое ж самае з інтэрнэт-платформамі: я ўжо сутыкнулася з адмовамі тры ці чатыры разы. Думаю, прычына ва ўзросце: у рэзюмэ бачаць дату нараджэння і далей нават не чытаюць. Фатаграфію таксама ўспрымаюць з падазрэннем: маўляў, зроблена шмат гадоў таму, — падзялілася жанчына. — Цяпер страшна адгукацца на вакансіі ў інтэрнэце. Думаю, кірмаш у гэтым пытанні зручнейшы: можна адразу пагаварыць з людзьмі, даведацца, у чым будзе заключацца праца, якія прапаноўваюцца ўмовы». З гэтым згодная і Галіна ВАШКЕВІЧ, якая прыйшла сюды ў пошуках падпрацоўкі: «Даведалася пра гэты кірмаш вакансій у інтэрнэце, вырашыла прыйсці, паспрабаваць. Дома сумна сядзець, асабліва цяпер, калі дні кароткія. Хочацца і сярод людзей пабыць, і крыху падзарабіць. Я 46 гадоў прапрацавала ў цырульні, потым уладкавалася гардэробшчыцай. Але гэта сезонная работа — у маі ўсё закрылася, і цяпер я зноў шукаю нешта прыдатнае».

У мінулым годзе ў рамках агульнарэспубліканскага кірмашу вакансій для людзей старэйшага ўзросту і інвалідаў адбылося 129 мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Іх наведалі каля 5,5 тысячы чалавек, кожны трэці быў працаўладкаваны.

Аміна НАЗАРАВА

Фота: Віктар ІВАНЧЫКАЎ




arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю