Рэалізацыя жывых кветак да 8 Сакавіка будзе ажыццяўляцца ў спецыялізаваных магазінах і павільёнах, у буйных гандлёвых аб’ектах і на спецыялізаваных вулічных пляцоўках на ўсёй тэрыторыі Магілёва, паведамілі ў Магілёўскім гарвыканкаме.
Намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама Таццяна Савіцкая расказала, што спецыяльныя месцы для вулічнага гандлю кветкамі арганізаваны паблізу гандлёвых цэнтраў, прыпыначных пунктаў, на рынках і на іншых санкцыянаваных вулічных пляцоўках горада. Рэалізацыю кветак будуць ажыццяўляць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Такі падыход дазволіць кожнаму жыхару падабраць букет з жывых кветак побач з домам без лішняга марнавання часу. Пачатак продажаў запланаваны на 5 сакавіка.
Таксама ў гандлёвых аб’ектах камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Магілёўзелянбуд», размешчаных па адрасах: вул. Сурганава, д. 70, вул. Першамайская, д. 67, і вул. Маўчанскага, д. 3.
«Прадпрыемствам нарыхтавана каля 7,5 тыс. цюльпанаў. А ўвогуле ў нас больш за 15 тыс. кветак: ружы, хрызантэмы, эустомы, гваздзікі, дыантусы, герберы, гіпсафілы, куставыя ружы і інш. У асартыменце ёсць расліны ў гаршках уласнай і імпартнай вытворчасці», — пералічыла начальнік аддзела маркетынгу і збыту «Магілёўзелянбуд» Аксана Саўчанка.
Цэнавая палітыка сёлета застаецца дэмакратычнай. Так, кошт аднаго цюльпана складзе каля Br5. Цэны на іншыя віды кветак будуць вар’іравацца ў залежнасці ад сорту і краіны паходжання. Спецыялісты запэўніваюць, што кожны жыхар зможа падабраць букет на любы кашалёк.