Забеспячэнне правапарадку і грамадскай бяспекі, работа ўчастковых камісій, тэхнічнае аснашчэнне выбарчых участкаў... Гэтыя і іншыя пытанні па падрыхтоўцы і правядзенню электаральнай кампаніі абмеркавалі на пасяджэнні Гомельскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Як адзначыў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла, усе аб’екты для галасавання абсталяваны сродкамі відэафіксацыі: 471 участак абсталяваны сістэмай відэаназірання з падключэннем да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, на выбарчых участках і прылеглых тэрыторыях усталявана больш як 5,2 тысячы відэакамер. Усе аб’екты абсталяваны ручнымі сродкамі трывожнай сігналізацыі.
— Праведзены камісійныя абследаванні ўсіх выбарчых участкаў і прылеглых тэрыторый на адпаведнасць патрабаванням грамадскай бяспекі, — падкрэсліў Аляксандр Шастайла. — У межах выканання задач па прызначэнні супрацоўнікамі, якія будуць задзейнічаны ў ахове грамадскага парадку ў месцах галасавання, праведзены вучэбна-трэніровачныя заняткі па дзеяннях пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі, адпрацаваны розныя варыянты дзеянняў пры раптоўных зменах абстаноўкі, — дадаў кіраўнік ведамства ў рэгіёне.
Таксама праваахоўнікамі арганізавана правядзенне ва ўстановах адукацыі тлумачальных бясед па папярэджанні парушэнняў выбарчага заканадаўства і масавых мерапрыемстваў. Ахова грамадскага парадку на выбарчых участках будзе весціся ў кругласутачным рэжыме. У перыяд галасавання да нясення службы далучацца члены добраахвотніцкіх дружын.
Па словах начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама, сёння працягваецца маніторынг сеткі інтэрнэт, у тым ліку сацыяльных сетак для выяўлення негатыўнай інфармацыі, якая можа паўплываць на ход выбарчага працэсу і стан правапарадку. Аляксандр Шастайла запэўніў, што органы ўнутраных спраў вобласці маюць неабходныя сілы і сродкі для забеспячэння грамадскага парадку і гатовы да рэагавання ў любых умовах.
У рэгіёне ў тым ліку адпрацаваны дзеянні пры надзвычайных сітуацыях, рэалізуецца комплекс мер па пажарнай бяспецы. Як падкрэсліў начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзічкоўскі, на ўсіх аб’ектах, дзе размешчаны выбарчыя ўчасткі, праведзены наглядна-прафілактычныя мерапрыемствы. На кожным выбарчым участку службу будуць несці работнікі МНС.
Ацэнку гатоўнасці да правядзення галасавання ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне на пасяджэнні даў старшыня Гомельскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Пётр Кірычэнка.
— Мерапрыемствы, якія былі запланаваны, выкананы. У цэлым можна гаварыць, што зараз выбарчая кампанія ўступае ў фінальную стадыю. Ужо праз тыдзень пачнецца датэрміновае галасаванне. Утвораны і актыўна працуюць участковыя камісіі. З пачатку студзеня ўжо вядзецца агітацыйная работа, давераныя асобы кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь таксама актыўна ўдзельнічаюць. Да прыкладу больш за 20 мерапрыемстваў праведзена даверанымі асобамі дзеючага Кіраўніка дзяржавы. Актыўна праводзяць сустрэчы і давераныя асобы іншых кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Усе мерапрыемствы праходзяць у адпаведнасці з зацверджаным планам Цэнтральнай выбарчай камісіі, парушэнняў няма. Варта адзначыць канструктыўны характар бягучай выбарчай кампаніі, — звярнуў увагу Пётр Кірычэнка.
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»