Top.Mail.Ru

«Кісларод» Веранікі Ракашэвіч

Адчуць бясконцасць быцця, заўважыць яго супярэчлівасць і «ўвайсці» ў плынь свядомасці можна на выстаўцы Веранікі Ракашэвіч «Кісларод» у Палацы мастацтва. Свабодная прастора і яркія экспрэсіўныя адценні ствараюць спрыяльную атмасферу для глыбокіх філасофскіх разважанняў і аналізу.


Мастачка з дзяцінства цікавілася жывапісам і яркімі колерамі, таму асноўным творчым кірункам яе дзейнасці стаў абстрактны экспрэсіянізм. Вераніка Ракашэвіч — удзельніца шматлікіх мастацкіх конкурсаў, выставак у Беларусі і за яе межамі. Праз метад спантаннай абстракцыі творца паказвае пераход да рэальнасці, якая візуалізуе не толькі эмацыянальны падыход, але і фізічны стан прыроды.

Выставачны праект «Кісларод» стварае прастору паветра і вады, плыні, якая неабходна чалавеку для адчування ўласнага існавання. Кісларод — важны элемент, які іграе цэнтральную ролю ў шматлікіх працэсах на нашай планеце. Ён сімвалізуе энергію і само жыццё на зямлі. Кісларод фарміруе асяроддзе, у якім чалавек адначасова можа адчуваць бясконцасць быцця і страх смерці.

У сваіх работах мастачка выкарыстоўвае пераважна сіні колер, каб падкрэсліць супярэчлівасць і зменлівасць жыцця. Аднак яркія колеравыя плямы ў творчасці Веранікі Ракашэвіч існуюць у прасторы белага, што дае адчуванне спакою і надае кіслароду неабходны для ўспрымання аб’ём. Асноўнай канцэпцыяй выстаўкі з’яўляецца цесная ўзаемасувязь усяго жывога на зямлі, менавіта таму ў творах мастачкі можна заўважыць прыродныя матывы. 

Вераніка Ракашэвіч у сваіх работах праз супярэчлівасць сіняга расказвае пра магчымасць усвядомленага запаволення ў часе і прасторы, пра складанасць і простасць усяго існага. Мастачка стварае свет, дзе кожны можа адчуць хваляванне ці спакой, рух ці спыненне. Сіні колер мае моцны псіхалагічны ўплыў і дапамагае сканцэнтравацца на ўласных пачуццях. Твор «Прырода сіняга» (2025), які быццам атачае выставачную прастору, уводзіць гледача ў медытатыўны транс, спрыяючы паглыбленню ў самыя патаемныя закуткі душы. У гэтай рабоце няма яркіх кантрастных колераў, якія характэрны для абстракцыянізму. Мастачка плаўна пераплятае сіне-фіялетавыя адценні, ствараючы фантастычную атмасферу і адсылаючы гледача да бясконцасці Сусвету. Складваецца ўражанне, быццам глядзіш на зорнае неба, якое вабіць сваёй глыбінёй.

Тым, хто любіць паразважаць над схаванымі сэнсамі, спадабаецца «Дыаксіген» (2024). Насычаны сіні колер ахоплівае ўсё, пакідаючы толькі маленькую рыску святла. Быццам праз тоўшчу вады прабіваецца сонечны праменьчык. Для кагосьці падобныя абстракцыі выглядаюць занадта проста, але ў гэтым і ідэя, каб у простым знайсці складанае.

Работы «Blue» (2023), «Эфір» (2024), «Сем нябёсаў» (2024), «Ocean II» (2025), «Кісларод» (2024) выкананы ў кірунку абстрактны экспрэсіянізм. Аб’ёмныя творы напоўнены паветрам і ствараюць лёгкую бязважкую атмасферу. Мастачка выкарыстоўвае розныя адценні сіняга: ад пяшчотна-блакітнага да сінявата-чорнага. Аднак з’яўляюцца і новыя колеры, якія адсылаюць да ўсеагульнага прыроднага пачатку, — зялёны, чырвоны, жоўты, ружовы. Аўтар звяртаецца да расліннасці, праз якую можна адначасова паказаць і крохкасць, і ўстойлівасць нашага свету. Асабліва гэта выяўляецца ў творы «Гарлачыкі», дзе на матавай воднай плыні неакуратнымі мазкамі размясціліся пяшчотныя кветкі. Яны быццам сцякаюць уніз і ў спалучэнні з воднай стыхіяй паказваюць вечную ўзаемасувязь паміж усімі элементамі на зямлі.

Экспрэсіяй і моцнай энергіяй вылучаецца работа «Blue» (2023). Хаатычныя павевы ветру пераплятаюцца ў адзіную хвалю і прыўносяць у выставачную прастору элемент спантаннасці і свабоды. Мастачка выкарыстоўвае мяккія сілуэты, бо кісларод — неабсяжная энергія, здольная змяніць свет.

Праз сінюю прастору воднай і паветранай стыхій глядач паступова набліжаецца да цэнтра экспазіцыі — твора «Last Love». Работа вылучаецца багаццем ружова-чырвоных адценняў і становіцца сэрцам праекта. Яна напаўняе выстаўку гарачай экспрэсіяй і адсылае да вытокаў чалавечых пачуццяў.

Падчас работы выстаўкі можна набыць паштоўкі з рэпрадукцыямі карцін, магніты і нават адзенне, выкананае ў «паветраным» стылі праекта.

Выстаўка працуе да 9 лютага.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю