Міністэрства прыродных рэсурсаў КНР апублікавала даклад, у якім асвятляецца новы прагрэс у выкарыстанні марской вады ў краіне, а таксама падкрэсліваюцца вялізныя запасы стратэгічных мінералаў, якія змяшчаюцца ў марской вадзе, і планы краіны па пашырэнні здабычы такіх рэсурсаў за кошт тэхнічнага прагрэсу, перадае «Сіньхуа».
Згодна з дакументам, Кітай паспяхова здабыў уран вагой у кілаграм з рэальнага акіянічнага асяроддзя. Акрамя таго, кітайскія навукова-даследчыя інстытуты, універсітэты і прадпрыемствы здзейснілі прарыў у фундаментальных тэорыях і ключавых тэхналогіях, якія датычацца здабывання літыю, урану, дэйтэрыю і іншых мікраэлементаў.
Сусветныя запасы ўрану ў марской вадзе ацэньваюцца прыкладна ў 4,5 мільярда тон, што больш чым у тысячу разоў перавышае вядомыя запасы на сушы. У дакладзе адзначаецца, што сектар апраснення і комплекснага выкарыстання марской вады ў Кітаі, які становіцца галіной стратэгічнага значэння, дынамічна развіваецца.
Як паведаміў Сян Вэньсі, дырэктар Інстытута апраснення і комплекснага выкарыстання марской вады, размешчанага ў горадзе Цяньцзінь (Паўночны Кітай), зараз у Кітаі налічваецца 167 праектаў па апрасненні марской вады агульнай прадукцыйнасцю звыш 3 мільёнаў тон у суткі. А гадавы аб’ём марской вады, якая выкарыстоўваецца для прамысловага астуджэння, дасягнуў 193,3 млрд тон, што на 86,4 працэнта больш, чым у 2020 годзе.
Як адзначыў Сян Вэньсі, у перыяд рэалізацыі 15-й пяцігодкі (2026-2030 гг.) Кітай будзе садзейнічаць мадэрнізацыі адпаведных тэхналогій і абсталявання, каб нарошчваць тэхналагічныя рэзервы для здабывання стратэгічных элементаў з марской вады.