Кітай — найбуйнейшы ў свеце вытворца і спажывец шкла. Цяпер краіна забяспечвае больш за 60 % сусветнага аб’ёму вытворчасці ліставога шкла, хаця ў 1949 годзе яго доля складала толькі 1,7 %. За гэтым каласальным ростам стаяць дзесяцігоддзі тэхналагічных прарываў і ўпартай працы, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Па звестках Кітайскай асацыяцыі будаўнічых і аддзелачных матэрыялаў, у мінулым годзе аб’ём продажаў тэхнічнага шкла вырас на 46 % у параўнанні з 2020-м, перавысіўшы паказчык ліставога шкла-сырцу прыкладна ў чатыры разы. На Кітайскай міжнароднай выставе тэхналогій шкляной прамысловасці, якая прайшла ў красавіку ў Шанхаі (Усходні Кітай), асаблівую ўвагу прыцягнула інавацыйная прадукцыя групы Yaohua Glass. Заснаваная ў 1922 годзе як першы ў Азіі завод бесперапыннай машыннай вытворчасці шкла, кампанія стала «калыскай» кітайскай шкляной індустрыі.
На новай базе Yaohua Glass у Цыньхуандаа (правінцыя Хэбэй, Паўночны Кітай) плошчай больш за 40 гектараў працуюць вытворчыя лініі магутнасцю 950 і 600 тон у суткі. Спецыялізаваная лінія выпускае высокадакладнае шкло таўшчынёй ад 1,6 мм для аўтамабільнага ветравога шкла. Аўтаматызаваная сістэма кантролю якасці функцыянуе кругласутачна, выяўляючы больш за 20 тыпаў дэфектаў.
Гісторыя Yaohua Glass адлюстроўвае шлях развіцця ўсёй галіны. У 1949 годзе ў Кітаі працавалі толькі тры адпаведныя прадпрыемствы з гадавым аб’ёмам вытворчасці 912 тысяч вагавых скрынь. У перыяд 14-й пяцігодкі (2021—2025 гг.) вытворчасць ліставога шкла стабільна складала каля 1 млрд вагавых скрынь у год — рост больш чым у тысячу разоў.
Важнай вяхой стаў 1971 год. Пасля таго як замежныя кампаніі адмовіліся прадаць Кітаю вытворчыя тэхналогіі, кітайскія спецыялісты за шэсць гадоў самастойна распрацавалі «Лаянскую тэхналогію вырабу ліставога шкла на расплаве металу», якая ўвайшла ў тройку вядучых сусветных метадаў вытворчасці паліраванага шкла.
Сёння галіна паскарае пераход да высокіх тэхналогій. Кампанія Guangxin Technology ў Цзаачжуане (правінцыя Шаньдун, Усходні Кітай) стварыла шкло для смарт-гадзіннікаў, якое паглынае больш за 99,9 % святла і павышае суадносіны сігнал/шум у 20 разоў у параўнанні з замежнымі аналагамі. Дакладнасць вымярэння пульсу і насычэння крыві кіслародам значна ўзрасла, а аўтаномнасць прылад павялічылася з 1-2 да 7 і больш дзён.
Кітайскае шкло пакарае і космас. У інерцыяльнай навігацыйнай сістэме зонда «Цяньвэнь-2», запушчанага ў маі 2025 года, прымяняецца спецыяльнае кварцавае шкло, якое абараняе гіраскоп ад радыяцыі і забяспечвае дакладнасць вымярэння паскарэння апарата.
Паралельна галіна ўкараняе інтэлектуальныя і экалагічныя рашэнні. На заводзе Beibo ў Цяньцзіні (Паўночны Кітай) аўтаматызацыя павысіла прадукцыйнасць на 30 %. Трохмернае шкло памерам 3×6 метраў фармуецца і гартуецца ўсяго за 10 хвілін з допускам менш за 2 мм. Энергазберагальная трансфармацыя і пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі дазволілі знізіць вугляродаёмістасць вытворчасці ліставога шкла больш як на 4 % у параўнанні з 2020 годам.