Днямі ў горадзе Юньчэн, што ў правінцыі Шаньсі на поўначы Кітая, тэмпература паветра паднялася вышэй за 37 градусаў па Цэльсіі. На дахах аднаго з жылых комплексаў запусцілі сістэму «штучнага дажджу». Звыштонкія пырскі вады, якія распыляюцца на адкрытым паветры, забяспечваюць хуткае і эфектыўнае астуджэнне ў гарачае надвор’е, перадае «Сіньхуа».
Як сцвярджаюць эксперты, распыленне звыштонкіх кропель вады з даху будынка падчас спякоты дазваляе за некалькі хвілін знізіць тэмпературу паверхні зямлі і паветра прыкладна на 10 градусаў Цэльсія — проста як сцэна з фільма. Відэаролікі з работай сістэмы туманаўтварэння высокага ціску разышліся па сацыяльных сетках. Інавацыйны падыход да астуджэння з дапамогай падобнай сістэмы атрымаў мноства станоўчых водгукаў ад замежных карыстальнікаў сеткі.
Насамрэч гэтая сістэма была афіцыйна ўведзена ў эксплуатацыю ў горадзе Юньчэн яшчэ ў жніўні 2024 года. Па даных дэвелопера жылога комплексу, на дахах 7 шматпавярховак устанавілі прыкладна па 200 фарсунак высокага ціску на кожны будынак. Яны распыляюць ваду ў выглядзе дробнадысперснага туману. Адзін цыкл распылення доўжыцца каля 10 хвілін. Калі мікракроплі выпараюцца, яны паглынаюць цеплыню з навакольнага паветра, і яго тэмпература ў раёне комплексу падае.
Як паведаміў супрацоўнік кіруючай кампаніі гэтага комплексу, жыхарам не трэба даплачваць, таму што ўсе звязаныя з гэтым выдаткі ўжо ўключаны ў плату за абслугоўванне прыдамавой тэрыторыі. Апроч астуджэння, такая туманападобная вільгаць дапамагае прыбіць да зямлі гарадскі пыл і смог, адначасова ўвільгатняючы паветра і арашаючы зялёныя насаджэнні.
Перанясём увагу на другі бок Кітая. Размешчаны на паўднёвым захадзе краіны Чунцын празвалі «горадам-печчу» з-за гарачага лета, але гэтым летам на вуліцах больш прахалодней, чым можна было б уявіць. Справа ў тым, што ў горадзе запушчаны праект «Астуджальныя платформы»: на некаторых аўтобусных прыпынках у Чунцыне зараз устаноўлены кандыцыянеры, якія дапамагаюць пераадольваць наступствы анамальнай спякоты на вуліцы. Варта націснуць кнопку, і тут жа з’яўляецца астуджальная смуга, якая імгненна змяншае тэмпературу ў зоне чакання на 3-8 градусаў, пры гэтым энергаспажыванне складае ўсяго адну дзясятую ад традыцыйных бытавых кандыцыянераў.
А ў метро Чунцына ў адным саставе можна выбраць вагон з двух варыянтаў тэмпературы. У вагонах з «моцным астуджэннем» тэмпература ўстаноўлена на адзнацы 25 градусаў, а ў вагонах са «слабым астуджэннем» — на 27 градусаў. Указальнікі на платформе дапамагаюць пасажырам абраць тое, што ім больш падыходзіць у адпаведнасці з запатрабаваннямі. Акрамя таго, на станцыях метро арганізаваны зоны для адпачынку, абсталяваныя лаўкамі і аптэчкамі.
У цэнтральным дзелавым цэнтры горада Чунцын Цзянбэйцзуй, дзе знаходзіцца месца зліцця рэк Янцзы і Цзялінцзян, сістэма «кандыцыянеры з вадзяным астуджэннем» забірае ваду з рэк для адводу цяпла з памяшкання. Цеплаабмен адбываецца без страт энергарэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя, што дае магчымасць усяму раёну Цзянбэйцзуй скараціць выкіды вуглякіслага газу на прыблізна 60 тысяч тон у год.
Такія крэатыўныя высокатэхналагічныя метады астуджэння, як кітайскія «Штучны дождж» з даху і «Астуджальныя платформы», пры неабходнасці могуць эфектыўна прымяняцца ва ўсім свеце.