Top.Mail.Ru

Кітайска-беларуская выстаўка працуе ў Мінску

Апора ў традыцыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае на выставачны праект «Мастацтва шаўковага шляху: душа рамяства, адлюстраванні над аблокамі», які знаёміць гледачоў з творчымі традыцыямі майстроў Паднябеснай, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне ўжо на працягу тысячагоддзяў. 

Ужо ў самым старажытным тэксце аб жывапісе — «Одзе пра Палац нябеснага ззяння» Вань Янь Шоў (паэт перыяду праўлення дынастыі Хан) — галоўнай задачай мастацтва вызначаецца маральнае выхаванне грамадзяніна. А ў «Нататках аб катэгорыях старога жывапісу» Сэ Хэ выпрацоўваюцца шэсць законаў жывапісу, згодна з якімі твор павінен адпавядаць прынцыпам дасканаласці формы і зместу. 

Творчасць у разуменні кітайцаў — акт унутранага духоўнага росту, абсалютнай гармоніі свету. Той, хто спасцігае мастацтва, выхоўвае сябе як асоба і як грамадзянін. Адсюль задача мастацтва — фарміраванне пэўнай ідэалагічнай свядомасці, духоўнай высакароднасці насельніцтва праз адкрыццё сэрца, якое ў кітайскай традыцыі з’яўляецца сховішчам не толькі пачуццяў, але і розуму. 

У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея дэманструюцца ўзоры традыцыйнага жывапісу і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя сучаснымі майстрамі Кітая. Выстаўка ўражвае тэматычнай разнастайнасцю. Тут можна ўбачыць і міфалагічныя вобразы (Чэн Юйцуань «Медны танец цы-люй», Чжэн Гамінь «Будай»), і сакральныя прадметы (шлюбныя каралі нявесты, скрынка для захоўвання шпілек), і работы, прысвечаныя гістарычным і культурным дзеячам Кітая (Ауян Чжэньюй «Цянь Сюэсэнь, які сядзіць», Пан Юлун «Лі Бо», Хэ Юньмін «Канфуцый»). Усе яны выкананы пад уплывам тысячагадовай гісторыі і шматвяковых традыцый з самых розных матэрыялаў: вытанчаная кераміка, разьба па дрэве, шоўкавыя вышыўкі, упрыгожанні з нефрыту, каменныя статуі і шмат іншага. У кітайскай традыцыі нават побытавыя рэчы надзяляліся глыбокім сэнсам. 

Прыцягваюць увагу і жывапісныя творы ў пазнавальнай усходняй стылістыцы. Як вядома, традыцыйны кітайскі жывапіс вылучае чатыры асноўныя жанры: шаньшуй (горы і вада), хуа-няо (кветкі і птушкі), жэнь-у (людзі) і дао-шы хуа (рэлігійны жывапіс). У экспазіцыі НММ прадстаўлены першыя два жанры, якія даюць больш творчай свабоды і прасторы для фантазіі. Усе карціны выкананы ў пастэльных адценнях. Майстры нібы запрашаюць наведвальнікаў не проста глядзець, а сузіраць — павольна, удумліва, адкрываючы сэрца насустрач гармоніі сусвету. 

Тут няма лінейнай перспектывы, да якой мы прывыклі ў еўрапейскім жывапісе, — замест яе пануе так званая «паралельная перспектыва», дзе кожны план існуе асобна, а разам яны ствараюць адчуванне бясконцасці прасторы. Глядач нібы падымаецца разам з падарожнікам па горнай сцежцы, перажываючы змену пары года, святла і настрою. 

Арганізатары выстаўкі падкрэсліваюць, што мэта праекта — не толькі паказаць прыгажосць мастацтва Паднябеснай, але і наладзіць дыялог паміж культурамі Беларусі і Кітая. Падчас работы экспазіцыі праводзяцца тэматычныя экскурсіі, дзе наведвальнікі змогуць не толькі ўбачыць творы, але і даведацца пра філасофскія канцэпцыі, якія стаяць за кожным мазком пэндзля, за кожнай лініяй разьбы. 

Выстаўка працуе да 30 кастрычніка. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю