Правінцыя Гуйчжоу, якая традыцыйна адносіцца да эканамічна менш развітых правінцый на паўднёвым захадзе Кітая, сёння дэманструе нечакана высокія тэмпы развіцця індустрыі лічбавага інтэлекту: тут размяшчаюцца больш за 60 тысяч профільных прадпрыемстваў, сканцэнтраваны звыш 120 партнёраў экасістэмы Huawei Cloud і бурна развіваюцца такія новыя фарматы бізнесу, як разметка даных і ўвасоблены штучны інтэлект, перадае «Сіньхуа».
Гуйчжоу з’яўляецца першай у Кітаі дзяржаўнай комплекснай эксперыментальнай зонай вялікіх даных, інавацыйным раёнам развіцця лічбавай эканомікі, вузлавым пунктам нацыянальнай інтэграванай сеткі вылічальных магутнасцяў і дзяржаўным комплексным выпрабавальным раёнам элементаў даных. У апошнія гады гэтая правінцыя ў поўнай меры выкарыстоўвае свае параўнальныя перавагі, прыкладае намаганні для фарміравання новых канкурэнтных пераваг у сферы вылічальных магутнасцяў, паслядоўна выводзіць на рынак новыя прадукты ў сферы даных і актыўна распрацоўвае новыя сцэнарый іх прымянення.
Вылічальныя магутнасці з’яўляюцца ключавой прадукцыйнай сілай лічбавай эканомікі. Яшчэ ў 2014 годзе правінцыя Гуйчжоу адна з першых прыступіла да стварэння цэнтраў апрацоўкі даных (ЦАД) і ўвайшла ў топ рэгіёнаў свету па колькасці звышбуйных ЦАД. На сённяшні дзень у правінцыі будуюцца і эксплуатуюцца 50 ключавых цэнтраў апрацоўкі даных, 15 з іх атрымалі статус нацыянальных «зялёных» ЦАД. Больш за 90 працэнтаў рэсурсаў рэгіёна прадастаўляюцца карыстальнікам за межамі правінцыі Гуйчжоу.
«Доля інтэлектуальных вылічэнняў, узровень лакалізацыі і рэгіянальная канцэнтрацыя ў нас перавышаюць 90 працэнтаў», — заявіў кіраўнік правінцыйнага ўпраўлення па развіцці вялікіх даных Чжу Цзун’яа, дадаўшы, што Гуйчжоу, не маючы пераваг па паказчыках колькасці насельніцтва, плошчы зямель і аб’ёме эканомікі, тым не менш забяспечвае каля адной восьмай часткі ўсіх вылічальных магутнасцяў краіны.
Даныя параўноўваюць з палівам для лічбавай эканомікі, а таксама называюць «нафтай новай эры». Аднак яны не маюць каштоўнасці без цыркуляцыі. Спецыялісты па разметцы даных, якія выступаюць у ролі «настаўнікаў» для ШІ, з’яўляюцца ключавым звяном, якое забяспечвае прыдатнасць даных для практычнага выкарыстання. Сёлета Гуйчжоу плануе давесці колькасць спецыялістаў па разметцы даных да больш як 20 тысяч чалавек.
На мясцовых прадпрыемствах, напрыклад, у кампаніі Linghong Intelligent Technology, сотні маладых людзей сядзяць за камп'ютарамі і выконваюць работы па разметцы даных у такіх сферах, як інтэлектуальнае кіраванне і платформы электроннай камерцыі. Генеральны дырэктар кампаніі Чжэн Кэвэй сказаў, што ўсе замовы кампаніі паступаюць з іншых правінцый, а больш за 60 працэнтаў заказаў прыпадае на вытворцаў аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі.
У гэтым годзе ў Кітаі ўпершыню пастаўлена задача па стварэнні новых форм інтэлектуальнай эканомікі. У адказ на новыя тэндэнцыі развіцця Гуйчжоу не імкнецца ўліцца ў агульную гонку ў такіх сферах, як распрацоўка чыпаў і базавыя вялікія моўныя мадэлі, а, абапіраючыся на свае ўнікальныя перавагі, засяроджвае намаганні на развіцці чатырох ключавых галін, уключаючы вылічальныя магутнасці, апрацоўку даных, штучны інтэлект і электронную інфармацыю, каб штучны інтэлект прыносіў усё больш важкі плён у гэтай горнай правінцыі.
Мікалай ЛІТВІНАЎ