Ад халадзільнікаў і кандыцыянераў да экскаватараў і сонечных панэляў — кітайская электрамеханічная прадукцыя працягвае ўмацоўваць свае пазіцыі на сусветным рынку. Гэтаму садзейнічаюць высокая якасць прадукцыі, дзяржаўная падтрымка, удасканаленне сэрвіснага абслугоўвання і развіццё знешнегандлёвых платформ, «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Сёлета ў першым паўгоддзі экспарт электрамеханічнай прадукцыі з Кітая дасягнуў 9,36 трлн юаняў, павялічыўшыся на 20,1% у гадавым вылічэнні. На гэтую катэгорыю прыпала 63,5% агульнага аб’ёму кітайскага экспарту, што на 3,5 працэнтнага пункта вышэй за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.
З сакавіка 2025 года экспарт электрамеханічнай прадукцыі з Кітая ўстанаўлівае новыя рэкорды. Рост паставак сведчыць аб пашырэнні міжнароднага попыту на кітайскае абсталяванне і высокатэхналагічную прадукцыю.
Замежныя спажыўцы ўсё часцей адзначаюць практычнасць, надзейнасць і тэхналагічнасць кітайскай прадукцыі. За гэтым стаяць строгія стандарты якасці, пастаянныя тэхналагічныя інавацыі і развітая сістэма вытворчай кааперацыі. Адным з ключавых фактараў поспеху кітайскіх прадпрыемстваў стала лакалізацыя. Пашырэнне замежнага попыту, асабліва на фоне інфраструктурнага будаўніцтва ў розных краінах, стварае дадатковыя магчымасці.
Платформы знешняга гандлю, такія як аlibaba.com, прапануюць прадаўцам паслугі па персаналізацыі лагатыпаў і ўпакоўкі, а таксама рашэнні па лакальным складзіраванні за мяжой. Мытныя органы ўдасканальваюць механізмы суправаджэння экспарцёраў, паскараюць афармленне грузаў, аказваюць кансультацыйную падтрымку і дапамагаюць у атрыманні міжнародных сертыфікатаў. Усё гэта накіравана на тое, каб кітайскія кампаніі маглі больш эфектыўна раскрываць свой экспартны патэнцыял.
Мікалай ЛІТВІНАЎ