Жыхарам вёскі Цзіньмі ў павеце Чжашуй, што ў правінцыі Шэньсі (Паўночна-Заходні Кітай), удалося больш чым удвая павялічыць свае даходы дзякуючы вырошчванню драўняных грыбоў (муэр), перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Жыхарам вёскі Цзіньмі ў павеце Чжашуй, што ў правінцыі Шэньсі (Паўночна-Заходні Кітай), удалося больш чым удвая павялічыць свае даходы дзякуючы вырошчванню драўняных грыбоў (муэр), перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Горная вёска Цзіньмі славіцца вытворчасцю знакамітых на ўсю краіну чжашуйскіх драўняных грыбоў. Аднак да 2018 года жыццё мясцовых жыхароў нельга было назваць заможным. «Сяляне сеялі кукурузу і пшаніцу — сабе на ежу хапала, а грошай у кішэнях не было», — згадвае намеснік сакратара партыйнай ячэйкі вёскі Чэнь Мінмін.
У 2018 годзе ў Цзіньмі вырашылі зрабіць стаўку на вырошчванне грыбоў. Амаль тры месяцы сельскія кіраўнікі пераконвалі жыхароў здаць у арэнду 65 му (4,33 га) зямлі пад грыбную базу — людзі апасаліся, што іх праца акажацца марнай. У першы год рызыкнулі толькі 12 гаспадарак.
Пералом наступіў пасля першага ж ураджаю: удзельнікі праекта атрымалі не толькі арэндную плату за зямлю, але і заробак ад падзённай працы, даходы ад продажу, а таксама дзяржаўныя субсідыі. Услед за імі пацягнуліся і фермеры, якія сумняваліся.
48-гадовы Сяа Цінсун стаў адным з першых, хто паспрабаваў сябе ў новай справе. У 2019 годзе ён вырасціў 30 тысяч пакетаў з грыбніцай і зарабіў звыш 20 тысяч юаняў. Сёння ён кіруе ўжо чатырма цяпліцамі на 100 тыс. пакетаў, а яго гадавы даход перавышае 100 тыс. юаняў.
Цяпер на змену ручной працы прыйшлі «разумныя» цяпліцы з аўтаматычным кантролем тэмпературы, вільготнасці і паліву — кіраваць усёй базай сёння можа ўсяго адзін аператар. Да 2025 года аб’ём вытворчасці ў Цзіньмі вырас да 6 млн пакетаў, а гадавы кошт прадукцыі дасягнуў 18 млн юаняў.
Драўняныя грыбы з Чжашуя карыстаюцца попытам не толькі ў Кітаі, але і за мяжой. У ліпені мінулага года першая тона прадукцыі была адпраўлена марскім транспартам у Дубай — мясцовы брэнд упершыню выйшаў на рынак Блізкага Усходу.
Сёння асартымент уключае чорныя, жоўтыя, залацістыя і чырвоныя драўняныя грыбы, а лінейка глыбокай перапрацоўкі налічвае звыш 100 найменняў у 28 катэгорыях. За шэсць гадоў сярэднедушавы даход жыхароў вёскі вырас больш чым удвая.
Мікалай ЛІТВІНАЎ