Top.Mail.Ru

Кітайская вытворчасць матацыклаў выходзіць на новы ўзровень

На чэмпіянаце свету па супербайку (WSBK) у Партугаліі кітайскі вытворца матацыклаў ZXMOTO атрымаў дзве перамогі запар. Гэта перапыніла шматгадовае дамінаванне еўрапейскіх, амерыканскіх і японскіх брэндаў, пацвердзіўшы выхад прамысловасці КНР на якасна новы ўзровень, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн». 


Кітай даўно ўтрымлівае статус найбуйнейшага ў свеце вытворцы і спажыўца матацыклаў. Аднак на працягу дзесяцігоддзяў топавыя гонкі заставаліся вотчынай сусветных гігантаў: ключавыя тэхналогіі — высокапрадукцыйныя рухавікі і сістэмы дакладнай наладкі — доўгі час былі недасягальныя для кітайскіх марак.

Перамога ZXMOTO — не выпадковасць, а заканамерны вынік шматгадовых уласных распрацовак. Гоначная мадэль 820RR-RS абсталявана шасцівосевай сістэмай кіравання IMU уласнай распрацоўкі. Рухавік, рама і электроніка гэтай мадэлі наглядна дэманструюць канкурэнтныя перавагі кітайскай «разумнай» вытворчасці.

З моманту заснавання ў 2024 годзе кампанія ZXMOTO ўсяго за два гады выйшла на сусветны ўзровень. Гэты імклівы ўзлёт стаў магчымы дзякуючы магутнай прамысловай базе Чунцына — «сталіцы аўтамабіляў і матацыклаў» на паўднёвым захадзе Кітая. Наяўнасць больш за 40 прадпрыемстваў па выпуску гатовай прадукцыі і звыш 400 буйных пастаўшчыкоў камплектуючых забяспечваюць узровень лакалізацыі вытворчасці больш за 90 %.

Пасля перамогі заснавальнік ZXMOTO Чжан Сюэ заявіў: «Любую дэталь матацыкла пры наяўнасці чарцяжа ў Кітаі вырабяць стопрацэнтна, прычым не горш, чым у Еўропе, ЗША ці Японіі». Гэта выказванне адлюстроўвае ўпэўненасць прадпрымальніка ў магчымасцях цэласнай вытворчай сістэмы краіны.

Трыумф ZXMOTO стаў адлюстраваннем маштабнай прамысловай трансфармацыі. Чунцын прайшоў шлях ад капіравання і простай зборкі да стварэння высокатэхналагічнай, электрыфікаванай і інтэлектуальнай прадукцыі. Гэты поспех сімвалізуе агульны вектар развіцця кітайскай індустрыі — упэўнены рух наперад па ланцужку дабаўленай вартасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю