У горадзе Мааньшань, што ў правінцыі Аньхой (Усходні Кітай) паспяхова прайшлі выпрабаванні падводнай лодкі «Вялікая чорная рыба», створанай 60-гадовым фермерам Чжан Шэн’у. Самаробная субмарына важыць больш за 5 тон і можа апускацца на глыбіню да 8 метраў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Чжан Шэн’у з вёскі Чжанду ўсё жыццё захапляўся вынаходніцтвам. Ён працаваў цесляром, зваршчыкам, займаўся рачнымі перавозкамі, а пасля пабудаваў пясчаную прыстань у родным пасёлку. У 2014 годзе, убачыўшы па тэлевізары сюжэт аб самаробнай падводнай лодцы, ён загарэўся ідэяй стварыць уласную субмарыну.
Першую падводную лодку даўжынёй 6 метраў і вагой 2 тоны Чжан Шэн’у пабудаваў за паўгода, выдаткаваўшы 5000 юаняў. Вынаходства прынесла яму патэнт на карысную мадэль, але мела праблемы з герметычнасцю. Удасканаленая субмарына абышлася ў 40 тысяч юаняў. Яе даўжыня складае 7 метраў, вышыня — 1,8 метра, лодка разлічана на двух чалавек. Для стабільнасці ў дно заліта 2 тоны бетону, устаноўлены дзве баластныя цыстэрны. Новая лодка здольная развіваць хуткасць да 4 вузлоў і заставацца пад вадой без працякання паўгадзіны.
За дзесяцігоддзе ўпартай працы ў галіне стварэння падводных лодак Чжан Шэн’у адчуў сапраўдную радасць ад інжынернай творчасці. Фермер-вынаходнік плануе стварыць яшчэ большую субмарыну і спадзяецца прывіць дзецям цікавасць да тэхнікі.