Кітайскі прыгранічны горад Хэйхэ на поўначы Кітая скаваны моцнымі маразамі. Скарыстаўшыся перавагамі сваіх зімовых рэсурсаў, стаў сапраўдным глабальным выпрабавальным палігонам, куды сцякаецца ўся сусветная аўтамабільная індустрыя. Дзякуючы суроваму прыроднаму клімату на Хэйхэ прыпадае 85% унутранага і 45% сусветнага рынку паслуг па зімовых выпрабаваннях аўтамабіляў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Згодна са статыстыкай, у выпрабавальны сезон 2024-2025 гг. Хэйхэ прыняў 147 аўтавытворцаў і навукова-даследчых устаноў, у тым ліку такіх гігантаў, як FAW, SAIC, BYD і Tesla. Колькасць пратэставаных тут аўтамабіляў за гэты перыяд дасягнула 4000 адзінак, а колькасць тэхнічнага персаналу —5000 чалавек. Індустрыя выпрабаванняў прынесла Хэйхэ прамы даход у памеры 170 млн юаняў, а таксама стымулявала рост даходаў у сумежных сферах — пражывання, харчавання і турызму — на суму каля 430 млн юаняў.
Па меры распаўсюджвання аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі крытычна важным становіцца тэсціраванне запасу ходу батарэй і пускавых характарыстык ва ўмовах нізкіх тэмператур. Па даных «Справаздачы аб якасці аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі ў халодных рэгіёнах за 2024-2025 гг.», парк такіх аўтамабіляў у халодных рэгіёнах Кітая ў 2024 годзе склаў каля 9,8 млн адзінак, што складае 31,3 % ад агульнанацыянальнага парку. Аднак доля парку аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі ў правінцыях з халодным кліматам у цэлым застаецца невысокай. Таму выпрабаванні пры нізкіх тэмпературах вельмі важныя для праверкі работы аўтамабіляў у экстрэмальных умовах і забеспячэнні іх бяспекі і надзейнасці ў рэальнай эксплуатацыі.
Хэйхэ адрозніваецца працяглай зімой, калі мінімальная тэмпература можа дасягаць мінус 48 °C. Гэтая ўнікальная, экстрэмальная сцюжа, якая не ствараецца ў штучных умовах, ператварае рэгіён у прыродную лабараторыю для праверкі бяспекі і надзейнасці аўтамабіля
Росквіт індустрыі аўтамабільных выпрабаванняў не толькі ажывіў мясцовую эканоміку, але і стымуляваў мадэрнізацыю інфраструктуры. У традыцыйна нізкі сезон нумары ў мясцовых гатэлях карыстаюцца ажыятажным попытам, а інжынеры на ўласным досведзе адзначаюць, што з кожным годам паляпшаюцца такія спадарожныя сэрвісы, як зарадныя станцыі для электрамабіляў.
Акрамя таго, Хэйхэ выходзіць за рамкі сезонных абмежаванняў: тут вядзецца будаўніцтва першага ў Азіі ўсесезоннага выпрабавальнага палігона для нізкатэмпературных тэстаў плошчай 260 тысяч кв. метраў. Яго ўвод у эксплуатацыю запланаваны на чэрвень 2026 года. Гэты аб’ект дазволіць праводзіць выпрабаванні круглы год у любое надвор’е, сфарміраваўшы поўны цыкл тэсціравання — ад экстрэмальнага холаду у натуральным асяроддзі да нізкатэмпературнага мадэлявання ў памяшканні.
Такім чынам, Хэйхэ паспяхова пераўтварыў сваю прыродную перавагу ў рухаючую сілу эканамічнага развіцця, даўшы яркі прыклад паспяховай трансфармацыі для іншых паўночных гарадоў.
Мікалай ЛІТВІНАЎ