Выкладчык Учжунскага тэхнічнага каледжа ў горадзе Сучжоу (правінцыя Цзянсу, Усходні Кітай) Гун Сінь калісьці працаваў на заводскім канвееры, а сёння з’яўляецца прызнаным спецыялістам у галіне хлебапячэння, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн.
На сёлетнім 48-м чэмпіянаце свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills Гун Сінь прыняў у ім удзел у якасці кітайскага эксперта і кіраўніка трэнерскай групы па кампетэнцыі «Пякарская справа». Між тым, да дваццаці гадоў ён нават не ведаў, што існуюць міжнародныя спаборніцтвы па хлебапячэнні. Пасля заканчэння вучылішча Гун Сінь уладкаваўся на завод у Шэньчжэне (правінцыя Гуандун, Паўднёвы Кітай), дзе займаўся апрацоўкай USB-назапашвальнікаў і модуляў памяці. Аднойчы бацькі прапанавалі яму выбраць іншую прафесію, і Гун Сінь вырашыў стаць кандытарам-дэкаратарам. Пачаўшы асвойваць рамяство з нуля, з часам ён стаў кіраўніком кандытарскай. У кастрычніку 2015 года Гун Сінь звольніўся і пераехаў у Сучжоу, дзе пачаў выкладаць у каледжы.
Усяго праз некалькі месяцаў настаўнік прапанаваў яму пазмагацца за права ўдзелу ў 44-м чэмпіянаце WorldSkills, у праграму якога ўпершыню была ўключаная кампетэнцыя «Пякарская справа». Гун Сінь старанна рыхтаваўся, аднак на нацыянальным адборы сутыкнуўся з цэлым шэрагам нечаканасцяў: нязвыклымі вагамі, занадта буйным сітам і іншымі непрадбачанымі абставінамі. У выніку ён заняў шостае месца і не трапіў на сусветны чэмпіянат. Тым не менш эксперты звярнулі ўвагу на яго захопленасць прафесіяй і прапанавалі яму паспрабаваць свае сілы ў іншых спаборніцтвах.
У 2020 годзе на Кубку свету па хлебапячэнні ў Парыжы Гун Сінь прадставіў кампазіцыю «Пасол свету — музычная панда», сабраную больш як з 300 хлебных дэталяў усяго за восем гадзін. Зборная Кітая ўпершыню заваявала гэты кубак з моманту заснавання спаборніцтва ў 1992 годзе. Тады Гун Сіню было 25 гадоў.
Праз тры гады ў французскім Нанце адбыўся фінал дзявятага міжнароднага конкурсу па хлебапячэнні Mondial du Pain, які называюць «алімпіядай» пекараў. Зборная Кітая атрымала перамогу, а Гун Сінь атрымаў узнагароду за лепшы мастацкі хлеб. Сёння Гун Сінь рыхтуе новае пакаленне майстроў і ўваходзіць у лік самых маладых суддзяў міжнародных спаборніцтваў. Натхненне ён чэрпае ў падарожжах: у яго тэлефоне захоўваецца больш за 10 тысяч зробленых ім фатаграфій, якія становяцца крыніцай новых ідэй.
Мікалай ЛІТВІНАЎ