У цэхах кампаніі «Вэньхуа» па вытворчасці вучэбна-канцылярскіх тавараў у пасёлку Хуантань горада Інчэн завяршаецца чарговая адгрузка флуарэсцэнтнага мелу ў Еўропу. «Нашы бацькі развозілі мел па школах на калёсах. Мы ж прадаем яго па ўсім свеце праз інтэрнэт», — кажа дырэктар прадпрыемства Лю Сяафэн.
Вытворчасць мелу ў Інчэне налічвае ўжо сем дзесяцігоддзяў: яшчэ ў 1950-х гадах мясцовыя жыхары асвоілі выраб прадукцыі з прыроднага гіпсу. Аднак пасля 2000 гады рынак насыціўся, і збыт рэзка скараціўся.
Змяніць сітуацыю дапамог пераход у анлайн: вярнуўшыся з Шэньчжэня на малую радзіму ў 2006 годзе, Сяафэн пачаў гандляваць мелам на электронных пляцоўках і ў выніку аб’яднаў больш за 50 сямейных вытворчасцей. Сёння гадавы аб’ём продажаў складае прыкладна 1 млрд. штук.
У 2021 годзе ўлады павета стварылі галіновую асацыяцыю, якая ахапіла больш за 150 кампаній. Хуантань укараніў мадэль «кампанія + хатнія майстэрні», пры якой адзіны закупшчык бярэ на сябе збыт прадукцыі сямейных падрадаў. Вакол асноўнага промыслу сфармаваўся паўнавартасны вытворчы ланцужок — ліцейныя, пакавальныя, транспартныя і друкаваныя прадпрыемствы. Сёння галіна забяспечвае занятасць больш як 4 тысячы чалавек.
Нараўне з пашырэннем каналаў збыту мясцовыя вытворцы актыўна абнаўляюць асартымент. Кампанія «Саньцзі» наладзіла выпуск спецыяльнага мелу для вулічнага графіці і малявання, а таксама дзіцячых крэйдаў-канструктараў. На Міжнароднай выставе канцылярскіх тавараў у Нінбо, якая адбылася ў сакавіку гэтага года, прадпрыемства падпісала больш за 10 папярэдніх кантрактаў, сума найбуйнейшага з якіх перавысіла 3 млн. юаняў. Гадавая выручка кампаніі ўжо перасягнула адзнаку ў 10 млн. юаняў.
У цэлым прадпрыемствы Інчэна асвоілі сотні найменняў у пяці катэгорыях — ад мелу, які свеціцца ў цемры, да антыбактэрыяльнага мелу, упэўнена замацаваўшыся на сусветным рынку школьных і творчых прылад.
Мікалай ЛІТВІНАЎ