Невялікі рачны рак — аснова вялікай індустрыі. У 2025 годзе сукупны кошт галіны развядзення ракаў у павеце Сюі, што ў правінцыі Цзянсу (Усходні Кітай), перавысіў 40,8 млрд юаняў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Вёска Хунху ў павеце Сюі доўгія гады пакутавала ад частых паводак і беднасці: мясцовыя жыхары ледзь зводзілі канцы з канцамі, вырошчваючы пшаніцу і рыс. Змены пачаліся ў 2017 годзе, калі тут укаранілі сістэму сумеснага вырошчвання рысу і ракаў: малькоў запускаюць у сакавіку, ураджай збіраюць у красавіку, а пасля ўборкі рысу палеткі выкарыстоўваюць для зімоўкі ракаў.
У 2019-м 29-гадовы Ван Хуадун, ураджэнец вёскі Хунху, пакінуў работу ў сферы нерухомасці і вярнуўся ў родныя краі, а праз год узначаліў мясцовы парткам. Ён запрасіў спецыялістаў па рыбаводстве, наладзіў ачыстку вады і заняўся развіццём галіны.
Ключавым прарывам стала вывядзенне ў кастрычніку 2024 года першага ў Кітаі сертыфікаванага селекцыйнага сорту рака «Сюі № 1»: пасля 12 гадоў работы і шасці пакаленняў селекцыі новая парода набірае таварную вагу на 18 % хутчэй, чым звычайна, ужо да 50-га дня, адрозніваецца больш буйным хвастом і устойлівасцю да хвароб. Сёння малькоў «Сюі № 1» пастаўляюць у Хайнань, Гуансі-Чжуанскі і Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномныя раёны.
Аб’яднаўшыся з суседняй вёскай Сюйцзуй, Хунху стварыла кампанію і зарэгістравала брэнд «Дугуаньтан», развіваючы турыстычны кірунак каля возера: сямейныя паркі для лоўлі ракаў, карпаратыўныя мерапрыемствы і фермерскія рэстараны ператварылі выпадковых турыстаў у пастаянных гасцей.
З 2022 года тут працуе вясковы цэнтр аптовага гандлю рачнымі ракамі з гадавым абаротам 50 млн юаняў. Завод і шмат’ярусныя халадзільныя магутнасці з тэмпературай мінус 25 °C дазваляюць перапрацоўваць і захоўваць прадукцыю, пастаўляючы яе ў Нанкін, Шанхай і іншыя гарады.
У выніку 92 % ворных земляў вёскі заняты сістэмай «рыс-ракі», прыбытак з аднаго му (0,06 га) вырас да 4500 юаняў, створана больш за 200 новых працоўных месцаў для вяскоўцаў.
Зараз рачны рак стаў візітнай карткай павета Сюі. Тут штогод праводзіцца фестываль рачных ракаў, які прыцягвае турыстаў з усіх куткоў Паднябеснай, і не толькі.
У мінулым годзе ў павеце плошча развядзення ракаў дасягнула 66,67 тыс. гектараў, а адпаведныя даходы склалі 32,5 % у структуры дабрабыту мясцовых сельскіх жыхароў.
Мікалай ЛІТВІНАЎ