Прафесар гідратэхнічнага факультэта ўніверсітэта Цінхуа Дуань Юньлін паспяхова распрацаваў тэхналогію развядзення крэветак на сушы, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Дуань Юньлін, вядомы эксперт у галіне інжынерных канструкцый, які прымаў удзел у праектах гідраэлектрастанцыі «Тры цясніны» і сістэмы водазабеспячэння Цяньцзіня «Паўночны Кітай», вырашыў кардынальна змяніць напрамак сваёй дзейнасці незадоўга да выхаду на пенсію. Ён асвоіў зусім новую для сябе вобласць — развядзенне крэветак у засушлівым Нінся-Хуэйскім аўтаномным раёне (Паўночна-Заходні Кітай).
Гісторыя гэтага незвычайнага праекту пачалася з таго, што ўлады павета Хэлань у Нінся-Хуэйскім АР звярнуліся да прафесара за дапамогай. Мясцовыя фермеры спрабавалі вырошчваць беланогіх крэветак, але сутыкаліся з нізкай выжывальнасцю і праблемамі ачысткі вады. Будучы экспертам у галіне водаачысткі, Дуань Юньлін вырашыў дапамагчы.
Пачатак быў няпростым. У 2019 годзе пасля трох месяцаў упартай працы камандзе ўдалося вырасціць усяго тры кілаграмы крэветак. Галоўная перашкода для даследчай групы — складанасць ачысткі вады і падтрымання неабходных умоў для вырошчвання беланогай крэветкі ў наземных рэзервуарах.
Прарывам стала інавацыйная тэхналогія апрацоўкі вады, заснаваная на выкарыстанні нітрыфікуючых бактэрый у спалучэнні з біяфлакуляцыяй. Каманда распрацавала замкнёную сістэму цыркуляцыі вады, што аказалася асабліва важным для засушлівага рэгіёна.
Летась вынікі перасягнулі ўсе чаканні: прадукцыйнасць дасягнула 1500 кілаграмаў крэветак з аднаго му (каля 0,067 га ), а сярэдняя вага адной крэветкі павялічылася з 37 да 64 грамаў. Праект не толькі забяспечыў мясцовых жыхароў высакаякаснай прадукцыяй, але і садзейнічаў росту іх даходаў.
Каманда Дуань Юньліна таксама арганізавала серыю навучальных праграм, падрыхтаваўшы мясцовых спецыялістаў у галіне аквакультуры. «Мы спраектавалі сучасны завод з цалкам аўтаматызаванай сістэмай аквакультуры ў закрытай прасторы і ў перспектыве плануем наладзіць круглагадовую вытворчасць без удзелу чалавека», — адзначыў прафесар.