Доля легкавых аўтамабіляў кітайскіх марак на ўнутраным рынку Кітая вырасла з 40,3% у 2013 годзе да больш чым 77% у ліпені 2026 года — гэта гістарычны прарыў. За маштабным уздымам кітайскага аўтапраму стаіць не проста поспех асобных мадэляў, а фарміраванне жыццяздольнай мадэлі развіцця галіны — новага фармату кітайскай аўтамабільнай прамысловасці, які змяняе логіку сусветнага аўтапраму, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Раней эвалюцыя аўтамабіляў вызначалася развіццём рухавіка і каробкі перадач. Сёння ўзровень тэхналагічнай дасканаласці задаюць акумулятар, электрарухавік, электронныя сістэмы кіравання, вылічальная магутнасць чыпаў і інтэлектуальныя алгарытмы. Кітайскія кампаніі трывала ўтрымліваюць лідарства ў гэтых тэхналогіях.
Аўтамабілі на новых крыніцах энергіі ператварыліся ў платформу для інавацый, якая аб’ядноўвае паўправаднікі, штучны інтэлект, новыя матэрыялы і іншыя перадавыя галіны. Кампанія BYD дамаглася звышхуткай зарадкі — зараз зарадзіць аўтамабіль можна гэтак жа хутка, як і заправіць. Найноўшыя акумулятарныя тэхналогіі CATL дазваляюць дасягнуць пікавай хуткасці зарадкі ў 15C: менш чым за 3 хвіліны зарад можна падняць з 10% да 80%. Сістэма аўтаномнага кіравання Huawei Qiankun эвалюцыянавала да рэжыму руху па розных тэрыторыях без прывязкі да лічбавых карт.
На суперзаводах такіх кампаній, як Seres, BYD і Xiaomi, традыцыйны шум вытворчасці змяніўся зладжанай працай больш за 3000 прамысловых робатаў. Прэс для інтэграванага ліцця вагой 9800 тон дазваляе фармаваць дзясяткі дэталяў за адну аперацыю, а сістэма лічбавых двайнікоў забяспечвае скразны кантроль якасці і поўны нагляд за прадукцыяй.
«Прамысловы мозг» выступае ў ролі цэнтра прыняцця рашэнняў: на адной і той жа лініі можна збіраць адразу некалькі мадэляў аўтамабіляў, забяспечваючы вытворчасць без складскіх запасаў. У ланцужку паставак некаторыя ключавыя пастаўшчыкі інтэграваныя прама ў зону фінальнай зборкі — гэта значна паскарае рэакцыю на змены і павялічвае эфектыўнасць.
Кітай валодае самай развітой у свеце экасістэмай інтэлектуальных падключаных аўтамабіляў. У рэгіёне дэльты ракі Янцзы ўсе камплектуючыя для новага аўтамабіля можна сабраць у межах 4 гадзін. Яшчэ больш істотныя змены звязаны з аб’яднаннем ланцужку інавацый, вытворчага ланцужку, фінансавага ланцужку і ланцужку кадраў.
Кампанія Chery развівае інавацыйнае асяроддзе, у яго рамках стварыла шэраг спецыялізаваных лабараторый, якія ўзаемадзейнічаюць з вядучымі ўніверсітэтамі свету. Тэхналагічныя гіганты — Huawei, ByteDance і іншыя — удзельнічаюць у працэсе ў якасці пастаўшчыкоў: яны ўкараняюць у аўтапрам базавыя лічбавыя тэхналогіі — вялікія моўныя мадэлі, аперацыйныя сістэмы і іншыя. Традыцыйныя аўтавытворцы і тэхналагічныя кампаніі працуюць у адзінай інавацыйнай сетцы, раскрываючы свае моцныя бакі і нанова вызначаючы межы аўтамабільнай галіны.
Аўтамабільная вытворчасць прайшла стагадовы шлях — ад канвеернай лініі Форда да сістэмы беражлівай вытворчасці Toyota. Сёння кітайская мадэль «прамысловы мозг + завод будучыні» ў спалучэнні з міжгаліновай экасістэмай спрыяе ўсебаковаму росту агульнай прадукцыйнасці фактараў вытворчасці. Гэта дапамагае кітайскім аўтамабільным брэндам здзейсніць эфектны пераход ад ролі «даганяючых» у галіне да ролі тых, хто задае стандарты і вызначае яе развіццё.
Мікалай ЛІТВІНАЎ