Дзякуючы шырокаму асартыменту, уліку смакавых пераваг спажыўцоў і развітым каналам збыту кітайскія снэкі займаюць усё больш прыкметнае месца на сусветным рынку закусак, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Марскія далікатэсы
Далянь (правінцыя Ляанін, Паўночна-Усходні Кітай) славіцца шырокім асартыментам снэкаў з морапрадуктаў. На паліцах мясцовых крам сотні іх разнавіднасцяў: сушаныя кальмары, запечаныя рыбныя лустачкі, вострыя сушаныя крэветкі... У паветры лунае водар мора. З больш як 2000 найменняў снэкаў, прадстаўленых у адной з мясцовых крам, ад 800 да 1000 прыпадае на прадукцыю з морапрадуктаў. У турыстычны сезон продажы выраслі яшчэ на 5%.
Тым часам набірае абароты экспарт прадукцыі з Цындаа (правінцыя Шаньдун, Усходні Кітай). Адзін з мясцовых вытворцаў выйшаў на замежныя рынкі толькі ў чэрвені, аднак ужо за некалькі месяцаў яго экспартная выручка перавысіла 2 млн юаняў. Спецыяльна для рынку Паўднёва-Усходняй Азіі кампанія распрацавала лінейку прадукцыі з дабаўленнем кары і пікантных спецый.
За першыя сем месяцаў гэтага года правінцыя Шаньдун экспартавала гатовых морапрадуктаў на суму 5,2 млрд юаняў. На некаторых рынках рост экспарту дасягнуў 50%.
Цюаньчжоўскі смак
Калі снэкі з морапрадуктаў пакараюць «свежасцю», то фуцзяньскія цукеркі — «саладосцю». У Цзіньцзяне (правінцыя Фуцзянь, Паўднёва-Усходні Кітай) адзін з вытворцаў кандытарскіх вырабаў рыхтуе да адпраўкі чарговыя партыі прадукцыі: мяккія цукеркі з далікатным фруктовым смакам у парцыённых пакаваннях адправяцца ў краіны Азіі, а кіслейшыя і насычана-салодкія варыянты ў сямейных пакаваннях — у Еўропу і Амерыку. Для кожнага рынку — свая рэцэптура і фармат.
Па словах кіраўніка кампаніі, на замежныя рынкі ўжо прыпадае 70% агульнага аб’ёму продажаў. Колькасць краін, у якія вывозіцца прадукцыя, вырасла з 15 да 41, а экспартная выручка дасягнула 240 млн юаняў, павялічыўшыся амаль на 70% у гадавым вылічэнні.
Сёння 378 мясцовых прадпрыемстваў-экспарцёраў снэкаў сфарміравалі паўнацэнную галіновую экасістэму. Адной з мясцовых пякарняў удалося павялічыць экспарт на 400%, паслядоўна выйшаўшы на рынкі Новай Зеландыі, Філіпін і Тайланда.
За першыя сем месяцаў гэтага года аб’ём экспарту снэкаў праз мытню Цюаньчжоў склаў 2,14 млрд юаняў, павялічыўшыся на 22,7% у гадавым вылічэнні. Прадукцыя пастаўлялася больш як у 100 краін і рэгіёнаў.
Мікалай ЛІТВІНАЎ