Top.Mail.Ru

Кітайскія зумеры фарміруюць новую «філасофію» працаўладкавання

Фрылансеры-праграмісты ў лічбавых супольнасцях, гарадская моладзь, якая кіруе кавярнямі ў вёсках, блогеры, якія вандруюць па свеце ў аўтадамах, — гэтыя калісьці нішавыя прафесіі сёння становяцца для кітайскай моладзі ідэальным спосабам знайсці баланс паміж працай і жыццём, перадае «Сіньхуа».



Па меры паглыблення аптымізацыі і мадэрнізацыі вытворчай структуры расце попыт на высокакваліфікаваныя кадры ў новаствораных сферах, і ўяўленні аб працаўладкаванні ў студэнтаў пакалення Z (якія нарадзіліся ў перыяд 1995—2009 гг.) таксама перажываюць глыбокія змены.

Імкнучыся да стабільнасці працы, прадстаўнікі пакалення Z пры гэтым усё больш зважаюць на шанцы для асабістага развіцця і чалавечае стаўленне з боку кампаніі, шануюць самарэалізацыю і рост уласнай каштоўнасці.

Згодна з вынікамі апытання, прадстаўленымі ў «Дакладзе аб выбары лепшых работадаўцаў Кітая 2025 года», тры найбольш важныя характарыстыкі добрай работы, на думку студэнтаў, — гэта добры сацыяльны пакет, канкурэнтаздольная заработная плата, а таксама дастатковыя магчымасці для навучання і развіцця.

Пры гэтым у студэнтаў пакалення Z стабільнасць працы па ступені важнасці прыкметна саступае такім фактарам, як сацыяльны пакет, узровень заработнай платы і магчымасці для развіцця, займаючы толькі 4-е месца.

Студэнтка другога курса магістратуры Фуданьскага ўніверсітэта па імені Сяо’е рыхтуецца да пошуку працы. Для яе важней за ўсё, каб прадпрыемства давала дастатковыя магчымасці для навучання і развіцця. «Наша эпоха змяняецца занадта хутка. Мы паступова прывыкаем да нявызначанасці, і асвойваць як мага больш навыкаў — вось што ўсяляе ўпэўненасць больш, чым так званая «стабільнасць працы», — сказала дзяўчына.

У дакладзе таксама адзначаецца, што найбольш важнымі характарыстыкамі ідэальнага работадаўцы, на думку студэнтаў, з’яўляюцца павага да супрацоўнікаў, пазітыўная і здаровая працоўная атмасфера, добрыя перспектывы даходу, поўны сацыяльны пакет і выкананне абяцанняў перад супрацоўнікамі.

Генеральны дырэктар анлайн-рэкрутынгавай платформы Zhaopin Кан Янь адзначыў, што зумеры імкнуцца не толькі да годнага матэрыяльнага жыцця, але і да самарэалізацыі і прафесійнага росту праз працу. Паводле яго слоў, каб прыцягваць таленавітых маладых спецыялістаў, прадпрыемствам неабходна прыкладаць намаганні для павышэння зарплаты і ўдасканалення сацыяльнага пакета, а таксама стварэння сістэмы прафесійнага навучання.

Варта адзначыць, што ў студэнтаў пакалення Z пры працаўладкаванні змяніўся таксама падыход да выбару горада — замест ранейшага прынцыпу «горад дзеля працы» прыйшоў новы — «горад дзеля жыцця». Прывабнасць горада для талентаў сёння шмат у чым вызначаецца не толькі кар’ернымі перспектывамі, але і зручнасцю транспарту, экалагічнай камфортнасцю пражывання і якасцю грамадскіх паслуг.

У апытанні аб перавагах студэнтаў пры выбары гарадскіх агламерацый для працаўладкавання, прадстаўленым у «Дакладзе аналізу па вялікіх даных аб гарадах Кітая 2025 года», лідзіруюць рэгіён дэльты ракі Янцзы, рэгіён Пекін—Цяньцзінь—Хэбэй, рэгіён Вялікага заліва Гуандун—Сянган—Аамэнь. Дзякуючы сваім перавагам у такіх сферах, як эканамічная актыўнасць, прамысловыя рэсурсы і магчымасці для працаўладкавання, яны дэманструюць заўважны эфект прыцягнення для маладых талентаў.

«Пекін, Нанкін, Ханчжоу — гэта мае прыярытэтныя гарады для працаўладкавання. Эканамічнае развіццё — важны элемент пры пошуку працы, але для мяне таксама вельмі важная гісторыка-культурная атмасфера горада», — сказала студэнтка трэцяга курса Ляанінскага ўніверсітэта Сяосу.

Прафесар Усходне-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта Цзян Сюэфэн лічыць, што кітайскія зумеры выраслі ў эпоху Інтэрнэту і ва ўмовах «інфармацыйнага выбуху» сфарміравалі ўнікальныя спосабы атрымання інфармацыі. Яны востра адчуваюць эмацыянальную каштоўнасць і «эканоміку лайкаў», а іх крытэрыі выбару працы, ацэнкі прыбытку і грамадскага прызнання перажываюць глыбокія змены. Як лічыць Цзян Сюэфэн, толькі дзякуючы намаганням сістэмы адукацыі, узаемадзеянню навучальных устаноў з прадпрыемствамі і палітычнай падтрымцы з боку ўрада можна стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб кожны малады чалавек змог рэалізаваць сябе.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю