Top.Mail.Ru

«Класная» прэм’ера, ці Падарунак усім настаўнікам

З пачаткам навучальнага года класныя кіраўнікі ўжо задумваюцца, на якія фільмы можна будзе схадзіць усім класам гэтай восенню. І каб доўга шукаць цікавую і карысную карціну не прыйшлося, пра гэта ўжо паклапаціліся беларускія кіношнікі, зрабіўшы шыкоўны падарунак усім настаўнікам да Дня ведаў — гаворка пра доўгачаканую прэм’еру «Класная».



Карціна распавядзе пра выпускніцу БДПУ Таццяну Васілеўскую, якую размеркавалі ў аграгарадок Міжрэчча, дзе яна стала класнай выпускнога класа. У кожнага з вучняў свае праблемныя моманты... Падлеткі не гатовы прыняць замену сваёй былой любімай класнай, якая была вымушана пайсці на пенсію. Маладой настаўніцы давядзецца пераадолець уласныя сумненні, нявопытнасць, а з боку вучняў — скепсіс і кпіны, каб стаць сапраўднай класнай.

Still 2025-08-19 151356_1.411.1.jpg

У фільме ўзялі ўдзел як маладыя, так і вопытныя артысты. Сярод іх — Ірына Мароз, Аляксей Анісеня, Цімафей Кочнеў, Кірыл Малышаў, Віктар Рыбчынскі, Святлана Нікіфарава, Ірына Нарбекава, Тамара Міронава і нават міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі.

Да прэм’еры «Класную» паказалі фокус-групе і журналістам. Здымачная група з ахвотай згадвала, як стваралася кіно. Асабліва цяжкімі былі дзве сцэны: самая масавая, дзе бралі ўдзел каля 200 чалавек, і тая, дзе адзін з герояў праваліўся пад лёд (зразумела, яе здымалі з удзелам каскадзёраў пры захаванні ўсіх правілаў бяспекі). Найбольш кранальнымі назвалі адну з фінальных сцэн, дзе завуч школы чытае верш, а таксама танец класнай са сваім калегам, які падтрымліваў яе на працягу ўсёй гісторыі.

«Сцэнарый перапісвалі дванаццаць разоў дзеля таго, каб фільм сапраўды стаў якасным. На маю думку, ён атрымаўся яркім, дынамічным, не заштампаваным, — расказаў рэжысёр кінастужкі Кірыл ХАЛЕЦКІ. — Мне здаецца, што гэта гісторыя зачэпіць гледачоў, бо яна — з жыцця. Я з цікавасцю буду прысутнічаць на прэм’еры, каб паглядзець, як успрымуць гледачы нашу карціну. Перакананы, што на яе трэба пайсці сем’ямі, цэлымі класамі».

На прэс-праглядзе «Класнай» прысутнічала і дырэктар СШ № 73 г. Мінска Ірына РОДЗІК, чыя задума і легла ў аснову фільма. «Два гады таму я ўдзельнічала ў нарадзе ў Прэзідэнта, дзе гаварылася аб якасці адукацыі. Абмяркоўваючы гэтую тэму з калегамі, вывад у нас быў такі: у адукацыі ключавая фігура — настаўнік, і, на жаль, нярэдка ў маладых спецыялістаў няма аўтарытэту, каб вучні іх слухалі, таму многія адпрацоўваюць і сыходзяць з прафесіі, не вытрымліваючы маральных цяжкасцяў. Што і падштурхнула да думкі стварыць фільм пра настаўніка, бо гэта прафесія пра прызванне. І ідэю падтрымалі на самым высокім узроўні! Вельмі важна, што цяпер у нас з’явілася сваё добрае кіно пра школу».

Still 2025-08-19 151356_1.542.1.jpg

Выканаўца галоўнай ролі класнага кіраўніка Ірына Мароз прызналася, што пасля гэтай работы будзе яшчэ больш паважаць працу настаўніка — не такую простую, як можа здавацца на першы погляд. «Мне, як настаўніцы, прыйшлося паразмаўляць з кожным падлеткам за кадрам, каб знайсці агульную мову, — дзеліцца Ірына. — Акрамя таго, я цяпер разумею, наколькі цяжка супакоіць школьнікаў пасля перапынкаў». Дарэчы, для актрысы роля адметная тым, што гэта яе першы поўны метр, дзе яна ўвасабляе менавіта галоўнага персанажа. А яшчэ ў «Класнай» знялася яе маленькая дачка.

Still 2025-08-19 151356_2.32.1.jpg

Падводзячы вынікі гэтай работы, генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый СЯМЁНАЎ акцэнтаваў увагу на тым, што гэта сапраўды доўгачаканая прэм’ера. А самае галоўнае — фільм «Класная» выконвае вельмі важную місію: павысіць прэстыж прафесіі педагога. «У нас склалася насамрэч класная каманда. Была праведзена вялікая праца, — перакананы Дзмітрый Сямёнаў. — Першымі карціну паглядзелі педагогі, якіх мы запрасілі ў рамках фокус-групы, таму станоўчыя водгукі ёсць — і гэта вельмі радуе. Атрымалася сапраўды якаснае і цікавае кіно. Мяркую, дзякуючы таму, што мы працавалі ў шчыльнай звязцы з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры. Па ацэнках першых гледачоў у нас атрымаўся сапраўдны сямейны фільм, душэўны, цікавы, шчыры, кранальны... Можна пералічваць яшчэ шмат эпітэтаў, але лепш самім яго ацаніць. Запрашаем усіх у кінатэатры з 18 верасня!»

Падчас прэс-паказу Дзмітрый Сямёнаў таксама прызнаўся, што пасля яго самага першага прагляду фільма захацелася падзякаваць сваім настаўнікам за іх працу, пазваніць, сказаць добрыя словы. Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» лічыць, што, хутчэй за ўсё, такая рэакцыя будзе ў многіх, хто прыйдзе на гэту карціну ў кінатэатры, бо атрымалася сапраўды душэўнае кіно, якому верыш.

Ірына ПРЫМАК

Фота кінастудыі «Беларусьфільм».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю