Top.Mail.Ru

Кліент не заўсёды мае рацыю: прафсаюз дапамог адмяніць вымову цырульніку

У Мінскую абласную арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання звярнуўся работнік арганізацыі сферы бытавога абслугоўвання Мінскай вобласці з просьбай аказаць прававую дапамогу ў частцы адмены дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе вымовы, якая, на яго думку, была прыменена неабгрунтавана.



Для вывучэння сітуацыі прававы інспектар працы абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Марына Церашкова правяла маніторынг выканання заканадаўства аб працы непасрэдна ў арганізацыі.

Як высветлілася, прычынай канфлікту стала працоўная сітуацыя. Падчас аказання паслугі цырульнік даў кліенту прафесійныя рэкамендацыі па догляду за скурай галавы і валасамі. Аднак парады спецыяліста выклікалі незадаволенасць наведвальніка, пасля чаго скарга паступіла наймальніку. У выніку работніку была аб’яўлена вымова за парушэнне правілаў унутранага працоўнага распарадку пры зносінах з кліентамі.

Падчас маніторынгу прафсаюзны юрыст устанавіла шэраг важных абставін. У арганізацыі дзейнічалі правілы ўнутранага працоўнага распарадку, якія змяшчалі дадатковыя абмежаванні ў частцы зносін работнікаў з кліентамі і адрозніваліся ад тыпавога дакумента. Пры гэтым наймальнік не змог пацвердзіць факт азнаямлення работніка са згаданымі патрабаваннямі пад подпіс, што з’яўляецца парушэннем працоўнага заканадаўства.

Па выніках маніторынгу прафсаюз выдаў наймальніку рэкамендацыю аб устараненні выяўленых парушэнняў. Аргументы прававога інспектара былі прыняты да ўвагі, і загад аб прыцягненні работніка да дысцыплінарнай адказнасці быў адменены.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю