Нягледзячы на дажджы і даволі халоднае вяснова-летняе надвор’е, на рыначных прылаўках — мора ягад. Клубніцы, паводле нашых назіранняў, бяруць цяпер часцей за астатнія. Зразумела, самы сезон.
Духмяныя, прывабныя, розныя па формах і памеры...
А ці смачныя і колькі каштуюць? Зацікавіліся карэспандэнты «Звязды» і адправіліся на рынкі, каб даведацца.
З 10 гадзін раніцы на сталічным Камароўскім рынку каля прылаўкаў з садавіной, гароднінай і ягадамі чэргі. Прытым гэта не толькі бабулі ды дзядулі, але і маладыя людзі з шоперамі. Абышоўшы некалькі радоў, бачым, што хтосьці з прадаўцоў спецыялізуецца на продажы ў цэлым ягад і садавіны, хтосьці — выключна на клубніцах і чарэшні (каля іх асабліва шмат людзей).

Дзе натоўп — туды накіраваліся і мы. У чарзе знаёмімся з 24-гадовай Марыяй, якая загадзя прыгатавала невялікае пластмасавае вядзерца — туды запланавала насыпаць набытую ягаду, каб не патаўклася. «Купляю тут клубніцы штогод, — кажа суразмоўніца. — Жыву недалёка, хвілін 15 пешшу, таму і пытання нават не паўстае, дзе свежыя ягады набываць. Планую браць па сярэдняй цане — рублёў за 12».
«Ці смачныя тут?» — пытаецца жанчына, падышоўшы да гэтага гандлёвага пункта. Адказваем станоўча, бо ўжо пачаставаліся ўсімі — ягады не разлезлыя, салодкія, прывезеныя, дарэчы, з Гродна. Прадавец расказала, што папулярнасцю карыстаюцца тры сорты: «Сунічны», «Азія» і «Румба» — каштуюць яны ад 9 да 14 рублёў за кілаграм. Дарэчы, «сунічныя» аказаліся самымі таннымі не толькі тут, але ўвогуле на рынку — іх кошт вагаецца ад 8,5 да 12 рублёў. Прадавец запэўніла, што дробны памер і знешняя неідэальнасць ніяк не ўплываюць на смак ягад гэтага сорту і людзі бяруць з ахвотай. Аднак, кажа яна, гэта не самыя салодкія. Тут прадаюцца клубніцы ў латках і паасобку, цана на якія стартуе ад 12 рублёў. Не танна, але ж... «Як цукеркі!» — звяртаецца да нас прадавец. Брэсцкія грунтавыя ягады каштуюць ад 15 рублёў за кілаграм — сярэдніх памераў, даволі салодкія.


Найбольш дарагія ягады тыя, знешні выгляд якіх набліжаны да ідэальнага: буйныя па памеры, адна да адной, як кажуць. Дыяпазон цэн на такія ягады адпаведна вышэйшы — ад 17 да 23 рублёў. «Крыху падняліся цэны на клубніцы ў параўнанні з мінулым годам, — расказвае прадавец. — Нічога дзіўнага: ягад мала. Вясновыя замаразкі знішчылі палову пасадак. А каб выратаваць тое, што ёсць, гаспадарам давялося працаваць і не спаць начамі. Але наш спажывец любіць родную прадукцыю, гатовы за яе плаціць, і вы гэта бачыце».
І сапраўды, ягады ёсць на любы густ і кашалёк, прычым пераважна беларускай вытворчасці — з Іванава і Бярозы Брэсцкай вобласці, з самога Брэста і Гродна. А роднае і праўда смачнейшае.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара і БелТА
Дарэчы
Закупляюць не танней, чым прадаецца на рынку
Сёлета на клубніцах можна добра зарабіць і здаўшы ягады нарыхтоўшчыкам. Як паведаміла прэс-сакратар Белкаапсаюза Таццяна Ляшкевіч, на 16 чэрвеня закупачная цана на таварныя ягады склала ў межах ад 8 да 14 рублёў за кілаграм у залежнасці ад якасці, памеру, сорту і кан’юнктуры рынку. «На 13 чэрвеня арганізацыямі спажывецкіх кааперацый нарыхтавана 44 тоны клубніц», — паведаміла яна.
У тэму
На папулярным брэсцкім рынку «Лагуна» цэны на клубніцы 17 чэрвеня вагаліся ў дыяпазоне ад 15 да 20 рублёў за кіло ў залежнасці ад памераў і выгляду ягады. На Цэнтральным рынку ў Гродне сярэдні стартавы кошт 13 рублёў. Ёсць варыянты за 16, 17 і нават за 23 рублі. Апошняя асабліва буйная. У Гомелі сярэднія кошты: 15–18 рублёў за кілаграм, пабітыя градам ягады прадавалі за 10 рублёў. Кошт буйных і адборных — 20–22 рублі. У Магілёве клубніцы прадаюць па 15 рублёў.
У Віцебску — ад 10 да 18. На Чкалаўскім рынку «паўночнай сталіцы» ў выхадныя — ад 15,90 да 19,90 рубля за кілаграм. Мясцовую дамашнюю можна было купіць за 14,50 за паўкіло.