Многія, выязджаючы на прыроду, баяцца ўкусу кляшчоў. І нездарма, бо гэтыя членістаногія часта пераносяць смяротна небяспечныя захворванні: энцэфаліт, хваробу Лайма, эрліхіёз і інш. Здавалася б, яшчэ холадна, асцерагацца няма чаго. Але гэтыя шкодныя насякомыя ўжо прачынаюцца, расказала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна ВОЛКАВА:
— Сёння на тэрыторыі Беларусі рэгіструецца 12 відаў кляшчоў. Перыяд іх актыўнасці складае 10 месяцаў: з лютага па лістапад. Гэтыя павукападобныя з’яўляюцца пры тэмпературы ад 0 да +5° С. Наяўнасць паразітаў залежыць ад клімату. Павялічваецца колькасць цёплых дзён — пашыраецца і перыяд жыццядзейнасці кляшчоў. Цяпер вылучаецца два пікі актыўнасці членістаногіх: з канца мая да пачатку чэрвеня і з канца жніўня да пачатку верасня.
Як адзначыла Таццяна Валер’еўна, страхі, што клешч упадзе на вас з дрэва, беспадстаўныя. Самкі кляшчоў (а кусаюцца толькі яны) не паднімаюцца вышэй чым метр ад узроўню зямлі. Членістаногае жыве ў нізіннай расліннасці і валодае спецыяльнымі кручкамі на лапках, якімі і зачапляецца за ногі ахвяры. Таму на дачных участках рэкамендуецца скошваць траву і прыбіраць апалае лісце.
Што датычыцца захворванняў, якія пераносяць кляшчы, то, згодна з адпаведнымі даследаваннямі, амаль 35 % асобін паразіта нясуць адзін або некалькі патагенаў. У 1,8 % членістаногіх быў зарэгістраваны вірус клешчавога энцэфаліту, які выклікае запаленне абалонак галаўнога мозгу, паралічы і іншыя незваротныя для здароўя чалавека наступствы.
Але ўкусу кляшча можна пазбегнуць, упэўнена загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення, урач-эпідэміёлаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Улада ЗАПОЛЬСКАЯ.
— Памылкова лічыць, што заразіцца ад кляшчоў можна толькі ў лесе ці на дачы, — папярэджвае яна. — Больш за 15 % укусаў адбываецца на тэрыторыі населеных пунктаў, зон адпачынку і паркавых участках. Каб пазбегнуць непажаданых наступстваў, варта правільна падбіраць вопратку. Неабходны рэчы светлых тонаў, галаўны ўбор, высокі абутак. Варта выключыць наяўнасць адкрытых участкаў цела.
Як адзначыла Таццяна Валер’еўна, страхі, што клешч упадзе на вас з дрэва, беспадстаўныя. Самкі кляшчоў (а кусаюцца толькі яны) не паднімаюцца вышэй чым метр ад узроўню зямлі. Членістаногае жыве ў нізіннай расліннасці і валодае спецыяльнымі кручкамі на лапках, якімі і зачапляецца за ногі ахвяры. Таму на дачных участках рэкамендуецца скошваць траву і прыбіраць апалае лісце.
Супраць укусаў кляшчоў могуць таксама дапамагчы спецыяльныя рэпеленты, якімі трэба апырскваць не толькі сябе, але і хатніх жывёл. Кожныя 30–40 хвілін варта праводзіць узаемаагляды адзення, а дома праверыць цела. Калі ўсё ж такі не ўдалося пазбегнуць укусу, то варта ў найбліжэйшы час выдаліць членістаногіх альбо самастойна, альбо звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя. Галоўнае — захаваць цэласнасць кляшча і поўнасцю дастаць яго са скуры.
Месца ўкусу можна апрацаваць спіртавым растворам. Калі выдалілі кляшча самастойна, то варта як мага хутчэй звярнуцца да медыцынскіх супрацоўнікаў для агляду і прыняцця далейшых прафілактычных мер, — расказала ўрач-эпідэміёлаг.
Для дарослых і дзяцей распрацавана сістэма вакцынацыі, якая складаецца з дзвюх прышчэпак. Першую лепш рабіць восенню, а другую — праз паўгода. Ёсць і больш экстранная сістэма правядзення вакцынацыі, якая доўжыцца прыкладна 14 дзён. Але прышчэпкі ў любым выпадку лепш рабіць загадзя.
Хоць апошнім часам надвор’е даволі халоднае і хмарнае, сапраўдная вясна ўжо на падыходзе: хутка зноў будзе цёпла і сонечна. Але не трэба забываць, што да цяпла і сонца павылазяць усякія істоты, здольныя нанесці шкоду нашаму здароўю. Так што элементарная асцярога тут не перашкодзіць.
Марыя САМАЛЬ