Тэму, выбраную для Адзінага дня інфармавання, які праходзіў 19 сакавіка па ўсёй краіне, цяжка пераацаніць. Гэта адзін з прыярытэтаў, атрымаўшых адабрэнне ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Усебеларускім народным сходам. На некаторых сустрэчах на прадпрыемствах і ва ўстановах пабывалі карэспандэнты «Звязды».
Досвед, памяць і перспектыва
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан ПАРХАМОВІЧ сустрэўся з працоўнай моладдзю Веткаўскага раёна — аднаго з найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але нягледзячы ні на якія цяжкасці, дзякуючы каласальнай падтрымцы Прэзідэнта і шэрагу дзяржпраграм ён працягвае жыць і развівацца.

Руслан Віктаравіч заклікаў моладзь актыўней прапаноўваць ініцыятывы па захаванні памяці пра чарнобыльскую трагедыю, бо людзі, якія перажылі тыя падзеі і ўклалі каласальныя сілы ў адраджэнне сваіх тэрыторый, сыходзяць, а іх вопыт не павінен быць забыты. Ён таксама цікавіўся ў маладых людзей іх бачаннем заахвочвання моладзі да жыцця ў раёнах і сельскай мясцовасці.
Драйверы росту
На сустрэчу з калектывам ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат» прыехаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін БУРАК. Адным з цэнтральных пытанняў стала абмеркаванне драйвераў эканамічнага росту і павышэнне эфектыўнасці вытворчасці.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі важнасць укаранення інавацыйных тэхналогій і мадэрнізацыі вытворчых працэсаў. Асаблівая ўвага была ўдзелена развіццю сацыяльнай інфраструктуры. Ва ўмовах сучаснага свету, які хутка змяняецца, забеспячэнне высокага ўзроўню жыцця людзей становіцца прыярытэтнай задачай.
Адкрыты дыялог паказаў, што развіццё рэгіёнаў патрабуе комплекснага падыходу, які ўключае эканамічныя, сацыяльныя і інфраструктурныя аспекты. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць устойлівага развіцця і павысіць узровень жыцця ў кожным рэгіёне, падкрэсліў Канстанцін Бурак.
Сістэмная работа
Магілёўскі металургічны завод — вельмі важнае для рэгіёна прадпрыемства. Да і наогул любое прадпрыемства для краіны — перш за ўсё развіццё. На гэта звярнуў увагу і
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей НАЛІВАЙКА, які пабываў на гэтым заводзе.

— Усе ведаюць, якую ўвагу ўдзяляе наш Прэзідэнт развіццю рэгіёнаў. Гэта не сітуатыўнае нейкае азарэнне, а сістэмная работа. Як прыклад — праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны, дзе ствараюцца прэферэнцыі, будуецца жыллё, — сказаў Сяргей Налівайка.
Закрануў ён і сённяшні стан Магілёўскага металургічнага завода. Ва ўмовах санкцыйнага ціску канкурэнтаздольнасць прадпрыемства знізілася, і у выніку ўзніклі пытанні па вытворчасці і збыце прадукцыі. Памочніку Прэзідэнта было цікава даведацца, чым дыхае калектыў, які настрой пануе сярод супрацоўнікаў, ці ёсць нейкая праграма і стратэгія развіцця, у якой частцы дзяржава можа падтрымаць прадпрыемства.
Дзяржава не можа існаваць без вёскі
З калектывам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Ушацкага раёна сустрэўся міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ. Ён адзначыў, што развіццё рэгіёнаў сапраўды з’яўляецца асновай развіцця дзяржавы, якая трымае курс на змяншэнне дыферэнцыяцыі паміж рэгіёнамі, сталіцай, буйнымі гарадамі, устараненне дысбаланса, які ёсць адносна занятасці, зарплат, даступнасці паслуг і іншых умоў.

Сёння ў краіне 118 раёнаў, 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадскога тыпу і каля 23 тысяч сельскіх населеных пунктаў, дзе засяроджана сапраўднае жыццё. Прыблізна 79 % насельніцтва жыве ў гарадах. Тым не менш Андрэй Лабовіч нагадаў, што ў сваім звароце з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: дзяржава не можа існаваць без вёскі. Таму стварэнне ўмоў для ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый — адна з найважнейшых стратэгічных задач дзяржавы.
Здароўе заўсёды ў прыярытэце
У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучую пяцігодку асаблівая ўвага ўдзелена развіццю сферы аховы здароўя. Медыцына павінна быць якаснай і даступнай незалежна ад месца пражывання чалавека, заявіў міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ, якога сустракалі ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы.

Падчас размовы з медыкамі ўзнімаліся пытанні самарэалізацыі жанчын, замацаванасці маладых спецыялістаў. Міністра праінфармавалі аб ходзе будаўніцтва новага корпуса Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы — работы на аб’екце ў самым разгары.
Паводле нашых карэспандэнтаў