Па ініцыятыве дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 3 сакавіка ў Авальнай зале Дома ўрада адбыўся маштабны рэспубліканскі форум «Жанчына і будучыня вёскі». На ім сабраліся прадстаўніцы ўсіх 118 раёнаў краіны, якія сваёй працай уносяць важкі ўклад у развіццё беларускай вёскі.
Каб падкрэсліць усебаковае прызнанне ўкладу жанчын у развіццё краіны на святочнае мерапрыемства ў Авальную залу былі запрошаны прадстаўніцы розных прафесій – настаўнікі, урачы, работніцы АПК і многія іншыя. Усіх іх аб'ядноўвае адно – яны нацэлены на тое, каб будучыня сельскай мясцовасці ў нашай краіне з кожным днём станавілася ўсё больш прывабнай.
«Устойлівае развіццё нашай краіны залежыць ад кожнага чалавека»
Адкрываючы форум, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ад імя дэпутацкага корпуса павітаў лепшых прадстаўніц 118 раёнаў краіны. Паводле слоў спікера, форум «Жанчына і будучыня вёскі», які праходзіць у абвешчаны Прэзідэнтам Год беларускай жанчыны, – неардынарная падзея. «Гэта не проста сустрэча. Гэта – дыялог пра будучыню нашай краіны, пра захаванне сэрца нашай краіны – сельскіх тэрыторый», – адзначыў Ігар Сергяенка.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў заявіў, што ведае многіх з прысутных дзякуючы матэрыялам у Інтэрнэце і СМІ. У кожнай з жанчын – сваё цікавае жыццё, гісторыя, унікальны вопыт. Некаторыя змянілі гарадскую мітусню на вясковую прапіску. Ёсць у гэтай зале і шматдзетныя мамы. Многія адзначаны дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі.
«Нягледзячы на тое, што вы прадстаўляеце розныя сферы, вас аб'ядноўвае адно – любоў і да нашай краіны, і да малой Радзімы, і імкненне зрабіць жыццё на вёсцы больш яркім, цікавым і камфортным, – акцэнтаваў увагу спікер. – Не сакрэт, што ў сельскай мясцовасці менавіта на жаночых плячах трымаецца работа перш за ўсё аграпрамысловага комплексу, сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры, гандлю, – усяго таго, што мы называем сацыяльнай сферай і, вядома ж, сельскіх выканаўчых камітэтаў, якія забяспечваюць усе адміністрацыйныя і арганізацыйныя пытанні ў вёсцы. Працуючы па розных кірунках дзейнасці, вы вельмі паглыбленыя ў спецыфіку праблем, якія ёсць на месцах, бачыце праблемы і выдатна разумееце, што ўстойлівае развіццё нашай краіны залежыць ад кожнага чалавека. І рытм бліжэйшых гадоў пазначаны выразна – гэта час канкрэтных спраў. Кожнага на сваім працоўным месцы. Вам ёсць, што прапанаваць грамадству і дзяржаве. Вы актыўныя людзі, якія здольныя аб'яднаць грамадства, знаходзіць баланс паміж традыцыямі і інавацыямі, што сёння прадэманстравана на выставе, фарміраваць ініцыятывы, якія ідуць ад зямлі, і самае галоўнае – іх рэалізоўваць на карысць краіне, малой Радзіме».
Ігар Сергяенка нагадаў, што гісторыя паказвае, – роля сельскай жанчыны кардынальна змянілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва выйшла за межы хатняй гаспадаркі, стала актыўнай удзельніцай грамадскага і палітычнага жыцця, калектывізацыі і вытворчасці, спалучаючы ролю работніцы, маці і будаўніка будучага грамадства. У гады Вялікай Айчыннай вайны жанчыны замянілі мужчын, якія пайшлі на фронт, аралі зямлю, сеялі, збіралі ўраджай, працавалі на трактарах і фермах. А сотні тысяч – праявілі гераізм, удзельнічаючы ў партызанскім руху, у падполлі, змагаючыся з ворагам на фронце практычна нароўні з мужчынамі.
«А пасляваеннаму аднаўленню вёскі мы абавязаны перш за ўсё нашым жанчынам! – падкрэсліў Ігар Сергяенка. – І сёння вам падуладныя ўсе прафесійныя вяршыні. Сёння беларускі складаюць больш за палову занятага сацыяльнага насельніцтва. Нашы суайчынніцы ўпэўнена дэманструюць і лідарскі патэнцыял. Толькі ў парламенце іх доля перавышае 35 %, што вышэй за сярэднесусветны паказчык. У цэлым удзельная вага жанчын-кіраўнікоў у Беларусі стабільна ўтрымліваецца на парытэтнай адзнацы ў 50 % – гэта нямала».
.jpg)
«Нашы карані – і духоўныя, і матэрыяльныя – у вёсцы»
Спікер Палаты прадстаўнікоў прывёў словы Прэзідэнта Беларусі, які неаднаразова адзначаў, што развіццё сельскіх тэрыторый – гэта не пытанне зручнасці ці моды, а аснова ўстойлівасці дзяржавы. «Нашы карані – і духоўныя, і матэрыяльныя – у вёсцы, – прывёў словы кіраўніка дзяржавы Ігар Сергяенка. – Устойлівасць светаадчування, упэўненасць беларуса ў сабе і ў сваёй будучыні вынікаюць з непарыўнай сувязі з яго малой Радзімай. Вёска – не проста ўчастак зямлі. Гэта цэлая цывілізацыя. Наша родная, беларуская».
Адсюль, паводле слоў Старшыні Палаты прадстаўнікоў, і задача для ўсёй вертыкалі ўлады і грамадзянскай супольнасці – стварыць такія ўмовы, пры якіх жыць і працаваць у аграгарадках і іншых малых населеных пунктах будзе камфортна, перспектыўна і апраўдана. «Асаблівы акцэнт у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучую пяцігодку зроблены на выраўноўванні эканамічных патэнцыялаў рэгіёнаў, зняцці дэмаграфічных, кадравых і інфраструктурных дыспрапорцый, – канкрэтызаваў спікер. – Вобразна кажучы, галоўная задача – зрабіць так, каб у агляднай перспектыве само паняцце вясковай глыбінкі сышло з лексікону беларусаў».
Ва ўсіх кутках нашай краіны магчымасці прафесійнай кар'еры і ўмовы жыцця павінны быць не горшымі, а, можа, і лепшымі, чым у буйных гарадах. «Таму і на Усебеларускім народным сходзе прагучала тэма вёскі, вакол якой цяпер выбудоўваецца разуменне будучыні краіны – ад эканомікі і харчовай бяспекі да раскрыцця чалавечага патэнцыялу і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці», – нагадаў Ігар Сергяенка.
Ён запрасіў удзельніц форуму да адкрытага дыялогу і падзякаваў за працу, актыўную жыццёвую пазіцыю. Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў упэўненасць, што форум «Жанчына і будучыня вёскі» стане чарговым доказам таго, што беларускія жанчыны ўяўляюць сабой уплывовую сілу, накіраваную на стваральную працу квітнеючай Беларусі.

«Наша задача – стварыць камфортныя ўмовы для жыцця і працы кожнага жыхара аграгарадка»
Удзельніцы форуму падзяліліся гісторыямі свайго поспеху і бачаннем шляхоў развіцця сельскіх тэрыторый у кантэксце рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. Сярод самых актыўных удзельніц – старшыня Александрыйскага сельсавета Алена Гвоздзева, якая прадставіла дэлегацыю Магілёўскай вобласці. Яна падрабязна расказала пра жыццё на Шклоўшчыне, клопаты і праблемы, якія хвалююць жыхароў рэгіёна. «Для кожнай з нас было важна падзяліцца меркаваннем, пачуць, як жывуць жанчыны ў іншых рэгіёнах не толькі краіны, але і кожнага маленькага нашага куточка, – канкрэтызавала яна. – Мы хацелі даведацца, як яны жывуць, якія іх хвалююць клопаты і праблемы, як яны з гэтым спраўляюцца. Ну і, вядома ж, даведацца, у чым сакрэт поспеху ў іх працы».
Паводле слоў Алены Гвоздзевай, усе чаканні ад маштабнага жаночага форуму апраўдаліся, а цёплая сустрэча прайшла на вышэйшым узроўні. «Я думаю, што правядзенне такіх выдатных форумаў стане добрай традыцыяй», – упэўнена старшыня сельсавета.
Для маленькіх населеных пунктаў асабліва актуальная праблема забяспечанасці жыллём, адтоку моладзі і кадраў. «Таму наша задача – стварыць камфортныя ўмовы для жыцця і працы кожнага жыхара аграгарадка і прыцягнуць да сябе маладых людзей для работы ў сельскай гаспадарцы», – падкрэсліла Алена Гвоздзева. Яна таксама расказала пра некаторыя аспекты работы старшыні сельсавета. «Гэта праца звязана з людзьмі, з мясцовымі жыхарамі, вырашэннем іх самых розных праблем, якія патрабуюць неадкладнага разгляду. І паколькі мы жывём у сельскай мясцовасці, у асноўным нашы праблемы і клопаты залежаць ад пары года. І медыцына, і гандлёвае абслугоўванне, і ўтрыманне дарог – з гэтымі і многімі іншымі пытаннямі людзі прыходзяць у сельсавет, – пералічыла Алена Гвоздзева. – Дарэчы, сёлета наш сельскі Савет заняў першае месца сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна. Таму мы сваёй працай даказалі, што мы ўсё ж такі можам спраўляцца з любымі задачамі».
Народны майстар Беларусі па саломапляценні Валянціна Занько прадстаўляла дэлегацыю Брэсцкай вобласці. Яна падкрэсліла, што магчымасці для самарэалізацыі ў сельскай мясцовасці сапраўды ёсць. Валянціна Занько жыве і працуе ў Ганцавіцкім раёне. Саломапляценнем займаецца больш за 20 гадоў, выбраўшы гэты кірунак асноўнай працай. Вынікі сваёй творчасці прадстаўляе на разнастайных выстаўках – міжнародных, абласных, рэспубліканскіх. А пачынала сваю дзейнасць майстрам-метадыстам у школе народнай творчасці. Цяпер – гэта дом народнай творчасці, якім яна кіруе з 2004 года.
Народны майстар Беларусі ўпэўненая, што і на вёсцы, вядома, можна рэалізавацца, што пацвярджае яе асабісты прыклад. «Я працую ў культуры, наша жыццё актыўнае. Мы не толькі займаемся саломапляценнем, але таксама канцэртнай дзейнасцю, працуем з дзецьмі падчас гуртковай работы, – расказала яна. – Работа ў культуры – гэта шырокі пласт. Таксама займаемся з дарослымі, пажылымі людзьмі, пенсіянерамі, якія прыходзяць на мерапрыемствы. Я думаю, ім вельмі падабаецца прыходзіць у наш няхай і маленькі, але ўтульны дом творчасці».
Што датычыцца форуму, народны майстар рада бачыць тут выдатных, таленавітых людзей. «Усе шчаслівыя, прыгожыя. Усё выдатна, – падзялілася яна. – Дзякуючы такім мерапрыемствам можна паглядзець, чым займаюцца таленавітыя людзі ў іншых рэгіёнах краіны, пагутарыць з прадстаўніцамі іншых сфер дзейнасці. А магчымасць такой камунікацыі і абмену вопытам сёння асабліва важная».

«Калі вёска цвёрда стаіць на нагах, тады і ў нашай краіне ўсё стабільна»
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Іван Маркевіч нагадаў, што ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку ў тым ліку ўваходзіць і сельская гаспадарка, аграрны сектар. «Таму мы і пачалі сённяшні форум з такой гістарычнай падзеі, куды з'ехаліся прадстаўніцы ўсіх рэгіёнаў краіны. Менавіта сельскіх рэгіёнаў – тых, якія вырабляюць, перапрацоўваюць прадукцыю і забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны, хто пастаўляе прадукцыю на экспарт».
Паводле слоў дэпутата, сельская гаспадарка развіваецца планава і вынікова. «Больш за 10 мільярдаў экспарту тавараў за 2025 год, больш за 11 мільёнаў тон збожжа ва ўсіх катэгорыях – значныя лічбы. І за гэтымі лічбамі стаіць праца кожнага чалавека. Задача форуму – паказаць, як неабходна працаваць у сучасных умовах, як удасканаліць нашу вёску, нашу сельскую гаспадарку, – канкрэтызаваў Іван Маркевіч. – Сёння мы ўсе аб'ядналіся, каб пераканацца, што патэнцыял ёсць. І самае галоўнае – нашы жанчыны, нашы рэгіёны на гэта настроены. Бо нездарма кажуць, што калі гарыць святло ў вёсцы, калі гаспадыня выпякае хлеб, калі жанчына дае ўтульнасць, гадуе дзетак, яна выхоўвае і перадае традыцыі, звычаі маладому пакаленню, тады вёска цвёрда стаіць на нагах. А калі вёска цвёрда стаіць на нагах, тады і ў нашай краіне ўсё стабільна».
Старшыня Пастаяннай камісіі асабліва адзначыў заслугу і ролю нашага Прэзідэнта. «Паглядзіце: перш, чым падысці да гэтых лічбаў, колькі было зроблена ў галіне сельскай гаспадаркі. Гэта і будаўніцтва жылля для сельскага насельніцтва, гэта і развіццё аграгарадкоў, гэта і крэдытаванне ў новыя тэхналогіі, у інавацыі. Кожная ўдзельніца форуму з рэгіёнаў выказала свае ідэі і прапановы: што трэба для таго, каб вёска будучыні развівалася», – падкрэсліў Іван Маркевіч.
Ён дадаў, што вектар сёння пераносіцца з горада ў вёску. «Задача, каб каля кожнага гарадка быў населены пункт, каб там жылі людзі, каб яны прыязджалі, акультурвалі вёску, займаліся агародніцтвам, і самае галоўнае – рабілі ўсё гэта з усмешкай, з радасцю, з добрым настроем», – рэзюмаваў Іван Маркевіч.

«Трэба ствараць роўныя магчымасці для выбару»
Выступаючы з заключным словам, Ігар Сергяенка адзначыў: «Мы сёння пачулі цікавыя гісторыі, прэзентацыі. Прадстаўнікі кожнай вобласці мелі магчымасць выступіць за цэнтральнай трыбунай Авальнай залы. Я ўважліва слухаў, глядзеў, рабіў пазнакі, хацеў вылучыць, хто ж лепшы… Вы ўсе ўзаемна дапаўнялі адна адну. Вось я гляджу на вашы ўсмешкі, на вашы твары. Вы прадстаўляеце розныя ўтульныя куткі нашай краіны. Па-свойму яны ўсе добрыя, па-свойму прыгожыя. Прадстаўляеце розныя сферы, розныя прафесіі. Вы — людзі розных узростаў. І ў кагосьці за плячыма сур'ёзны жыццёвы шлях, вялікая сям'я, дарослыя дзеці, а ў кагосьці яшчэ дзеці толькі падрастаюць. Але галоўнае тое, што вы ствараеце будучыню нашай краіны».
Ён адзначыў, што законы, якія прымаюцца ў краіне, а да гэтага абмяркоўваюцца дэпутатамі, сугучныя пытанням, якія прагучалі на форуме. «І я вам скажу, што многія пытанні вырашаюцца, – падкрэсліў кіраўнік Палаты прадстаўнікоў. – У розных рэгіёнах краіны, размаўляючы з маладымі спецыялістамі, чуеш самыя розныя меркаванні. Хтосьці хоча жыць і працаваць у вёсцы, хтосьці – у райцэнтры і гэтак далей. Трэба ствараць роўныя магчымасці для выбару моладзі. Усё павінна супадаць і з меркаваннем чалавека, і з неабходнасцю выконваць дзяржаўныя задачы. Таму мы, дэпутаты, адкрытыя для грамадства, мы служым людзям, мы камунікуем з выбаршчыкамі, выказваем інтарэсы нашых людзей. Мы заўсёды гатовыя пачуць усе прапановы, якія прагучалі і прагучаць у далейшым. Я заклікаю вас да дыялогу не толькі сёння, але і ў далейшым».
У размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў важнасць жанчын, якія жывуць і працуюць на вёсцы. «Мы падзякавалі за іх працу, за іх актыўную жыццёвую пазіцыю і, вядома ж, пачулі пытанні і пажаданні ў адрас дэпутацкага корпуса, – звярнуў увагу Ігар Сергяенка. – Мы жывём, думаем і працуем фактычна ў адным кірунку: як жыццё на вёсцы сёння зрабіць цікавым, камфортным, каб па ўмовах жыцця яно фактычна не адрознівалася ад жыцця ў горадзе, як зрабіць так, каб з вёсак не з'язджалі людзі, каб там затрымлівалася моладзь. Пра гэта сёння ішла размова».
Спікер падкрэсліў, што такія сустрэчы будуць працягвацца ў тым ліку і ў рэгіёнах. «Мы іх праводзім. І ўся інфармацыя, якая абагульняецца, а потым выкарыстоўваецца ў нашай дзейнасці пры распрацоўцы законапраектаў – мы вывучаем меркаванні на месцах. Што трэба дапрацаваць, што не будзе ўспрымацца грамадствам… І гэта ў тым ліку адна з асноўных задач, якія мы ставілі сёння пры падрыхтоўцы і правядзенні гэтага форуму, – канкрэтызаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. – Вядома ж, будзем працаваць і камунікаваць далей. Сёння гучалі цікавыя прапановы. Будзем рухацца далей». Паводле слоў Ігара Сергяенкі, менавіта дзякуючы такім актыўным жанчынам вёска жыве і развіваецца.
Фінальным акордам маштабнага мерапрыемства стаў святочны канцэрт. Перад удзельнікамі форуму выступілі зоркі беларускай эстрады. А ў фае Авальнай залы была арганізавана выстава «Пяшчота зямлі беларускай у жаночых далонях». Яе мэта – падкрэсліць ролю жанчын, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і сваім прыкладам спрыяюць развіццю вёскі.
Форум адбыўся ў адпаведнасці з рэспубліканскім Планам мерапрыемстваў па правядзенні ў 2026 годзе Года беларускай жанчыны. Арганізатарам выступіла Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы аблвыканкамаў і Міністэрства культуры.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА