Top.Mail.Ru

Ключавыя акцэнты сустрэч з афрыканскімі дэлегацыямі ў Савеце Рэспублікі

Выйсці на ўзровень стратэгічнага партнёрства


Беларускія парламентарыі сустрэліся з дэлегацыямі Зімбабвэ і Танзаніі, падчас якіх былі абмеркаваны актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж краінамі, а таксама перспектывы супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. 

«Эканоміка — перш за ўсё»

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што Беларусь і Зімбабвэ звязваюць добрыя сяброўскія адносіны: «Перш за ўсё — у гэтым заслуга нашых прэзідэнтаў, якія робяць усё для таго, каб наша супрацоўніцтва было паўнавартасным, плённым і выйшла на ўзровень стратэгічнага партнёрства».

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваецца абсалютна па ўсіх напрамках. Спікер з задавальненнем адзначыла, што Зімбабвэ, нягледзячы на адлегласць, становіцца для нас блізкай, зразумелай краінай. «І наша супрацоўніцтва сёння дасягнула дастаткова сур’ёзнага ўзроўню. Паміж нашымі краінамі падпісана дарожная карта стратэгічнага супрацоўніцтва на 2026-2030 гады. І мы, парламентарыі, нацэлены на тое, каб гэта супрацоўніцтва працягвалася і было як мага больш эфектыўным», — заявіла Старшыня Савета Рэспублікі. 

Спікер дадала, што Прэзідэнт Беларусі заўсёды па-добраму гаворыць аб Зімбабвэ. «У яго склаліся добрыя, сяброўскія адносіны з Прэзідэнтам Зімбабвэ. І мы, вядома, сёння дакладна разумеем, што для таго, каб рэалізаваць усе пастаўленыя нашымі прэзідэнтамі задачы, мы павінны вельмі актыўна супрацоўнічаць», — акцэнтавала Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, сумесны тавараабарот паміж нашымі краінамі летась склаў 26 мільёнаў долараў, і гэтая лічба можа быць значна большай. Наталля Качанава падкрэсліла, што Беларусь — экспартаарыентаваная краіна, якая вырабляе добрую сельскагаспадарчую тэхніку. «У гэтым, напэўна, вы паспелі пераканацца, таму што мы ведаем, што праграма па механізацыі фермерскіх гаспадарак Зімбабвэ сёння выконваецца досыць паспяхова. Мы ведаем, што сёння Зімбабвэ забяспечыла сябе цалкам пшаніцай, нават ажыццявіла некаторыя пастаўкі на экспарт, — канкрэтызавала спікер. — Мы дакладна выконваем тыя дамоўленасці, якія датычацца трэцяй фазы механізацыі, і ва ўстаноўленыя тэрміны ўся тэхніка будзе пастаўлена вам у краіну». 

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што прадукты харчавання, якія вырабляюць у нашай краіне, карыстаюцца попытам на міжнародным рынку. Так, экспарт прадуктаў харчавання ў 2025 годзе дасягнуў рэкордных 10 мільярдаў долараў. Беларусь пастаўляе прадукты харчавання ў 116 краін свету.

Спікер падкрэсліла: «Эканоміка — перш за ўсё, а супрацоўніцтва павінна быць узаемавыгадным. І тое, што сёння нашы краіны так актыўна сталі працаваць у гэтым напрамку, — заслуга ўсёй вертыкалі ўлады, у тым ліку і дэпутацкага корпуса. Зусім нядаўна мы прымалі з афіцыйным візітам нашу калегу, спадарыню Чынамону (Старшыня Сената Парламента Рэспублікі Зімбабвэ Меймбл Чынамона. — „Зв.“). З ёй таксама абмяркоўвалі пытанні нашага ўзаемадзеяння. Мы гатовыя і нацэленыя на тое, каб усяляк садзейнічаць прасоўванню далейшага нашага супрацоўніцтва». 

Наталля Качанава назвала супрацоўніцтва паміж краінамі вельмі дабратворным, падкрэсліўшы, што Зімбабвэ і Беларусь наогул могуць служыць прыкладам у супрацоўніцтве для многіх краін афрыканскага кантынента.

«Дзякуючы беларускай тэхніцы мы можам збіраць ураджай значна хутчэй»

У размове з журналістамі намеснік міністра сельскай гаспадаркі, механізацыі і развіцця водных рэсурсаў Зімбабвэ Дэвід Марапіра падкрэсліў, што пагадненні, дасягнутыя паміж кіраўнікамі дзяржаў, паспяхова рэалізуюцца: «Больш за 3 тысячы трактароў і 100 камбайнаў цяпер працуюць на палях Зімбабвэ. Дзякуючы тэхніцы, якая пастаўляецца з Рэспублікі Беларусь, мы можам таксама вырабляць і новую прадукцыю». 

Прэзідэнт Зімбабвэ, паводле слоў Дэвіда Марапіры, робіць стаўку на развіццё сельскай гаспадаркі. «70 % насельніцтва нашай краіны жыве ў сельскай мясцовасці. І дзякуючы беларускай тэхніцы мы можам збіраць ураджай значна хутчэй, — адзначыў намеснік міністра. — Мы таксама экспартуем у Беларусь садавіну, і хацелі б пашырыць экспарт пастаўкі апельсінаў, манга, авакада і яблыкаў у вашу краіну. Таму мы вельмі рады, што супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваецца». 

Дэлегацыя Зімбабвэ ўжо паспела наведаць выстаўку «Белагра» і азнаёміцца з вытворчым патэнцыялам МТЗ. «Мы былі ўражаны высокай якасцю прадукцыі, якую можа прапанаваць Мінскі трактарны завод, убачылі для сябе цікавыя пазіцыі: абсталяванне для паліву ўраджаю і пагрузчыкі для дастаўкі прадукцыі з поля на ферму. Калі вернемся ў Зімбабвэ, праверым, наколькі дадзеная тэхніка падыходзіць для нашых умоў. Калі яна пройдзе выпрабаванні, то мы пашырым экспарт і будзем яшчэ больш беларускай тэхнікі пастаўляць на тэрыторыю Зімбабвэ». 

Акрамя таго, у Зімбабвэ імкнуцца пашырыць плошчу сельскагаспадарчых угоддзяў з 260 тысяч гектар да 500 тысяч гектар. «У нас амбіцыйныя планы, і мы плануем іх ажыццявіць, у тым ліку з дапамогай Беларусі», — рэзюмаваў Дэвід Марапіра.

***

У Савеце Рэспублікі таксама адбылася сустрэча з дэлегацыяй Танзаніі, у ходзе якой бакі абмеркавалі ключавыя аспекты далейшага супрацоўніцтва.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА


Тым часам 

Беларусь і Гана створаць сумесны камітэт па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Гэта прадугледжана адпаведнай пастановай Савета Міністраў, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Урад адобрыў праект пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Гана аб стварэнні сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Міністэрства замежных спраў упаўнаважана на правядзенне перагавораў па праекту і падпісанне дакумента пры дасягненні дамоўленасці. Дазволена пры неабходнасці ўносіць змены, якія не маюць прынцыповага характару.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю