Традыцыйна да чырвонай даты ў календары ў Магілёўскай вобласці праводзіцца шэраг прыемных мерапрыемстваў — уручаюцца ключы ад новых кватэр, адкрываюцца пасля капрамонту і мадэрнізацыі сацыяльныя і вытворчыя аб’екты, з’яўляюцца пляцоўкі для актыўнага адпачынку і заняткаў спортам. Усе гэтыя падзеі суправаджаюцца цёплымі віншаваннямі, канцэртнымі нумарамі, святочным рытуаламі. У Чавусах, напрыклад, 6 лістапада адбылося ўрачыстае прыняцце новых членаў у рады Камуністычнай партыі Беларусі.
Таксама сёння плануецца адкрыццё новай спартыўнай пляцоўкі ў аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёна. Такі падарунак жыхарам робіць Прэзідэнцкі спартыўны клуб. А заўтра, непасрэдна ў дзень свята, у Крычаве будуць уручаць ключы ад арэндных кватэр навасёлам шматкватэрнага дома па вуліцы Камсамольскай. Большасць з навасёлаў — маладыя спецыялісты сфер адукацыі, культуры, аховы здароўя.

У Бабруйскім раёне да свята прымеркавалі адкрыццё новай ветстанцыі, на абслугоўванні якой сем сельскагаспадарчых арганізацый, птушкафабрыка, вытворчы ўчастак Бабруйскага камбіната хлебапрадуктаў, сялянска-фермерскія і асабістыя падсобныя гаспадаркі. Аднапавярховы корпус плошчай больш за 250 квадратных метраў пабудаваны з нуля. Кабінеты аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем, для персаналу прадугледжаны зручныя бытавыя памяшканні, ацяпляецца будынак за кошт электрычнасці.
— Адкрываць значныя сацыяльныя і інфраструктурныя аб’екты да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі — важная гістарычная традыцыя, якая сёння набывае новы сэнс і дорыць станоўчыя эмоцыі, — падкрэсліў старшыня Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Каўранін. — І мы адкрываем не проста ветстанцыю, а сучасны будынак, дзе камфортна размесцяцца калектыў, аптэка і неабходныя службы.
Цудоўным падарункам да свята стаў мадэрнізаваны вытворчы ўчастак у Быхаўскім раёне ад найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы вясёлкавай фарэлі — рыбнай гаспадаркі «Лахва». Цяпер тут перапрацоўваецца 500 тон рыбы ў год, але мадэрнізацыя дазволіць павялічыць перапрацоўку ў 5 разоў.
— Сёння ў вобласці працуе сапраўдны рыбны холдынг, які складаецца з дзвюх гаспадарак — фарэлевай гаспадаркі «Лахва» і рыбгаса «Палуж», — адзначыў падчас адкрыцця абноўленага ўчастка дырэктар рыбнай гаспадаркі «Лахва» Юрый Куксянкоў. — Налета мы выходзім на магутнасць 2,5 тысячы тон, стаіць задача перапрацоўваць каля 10 тон рыбы ў дзень. Ахалоджаную рыбу будзем ствараць на рыбгасе «Палуж», а тут — гатовы прадукт.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА