Падарунак да свята дэсантнікаў.
Калі ў абаронцы Айчыны ёсць надзейны, моцны тыл — ён ідзе на службу з асаблівым натхненнем. Для ваеннаслужачых вайсковай часці 89417 гэтая ісціна здабыла асаблівае значэнне — сёння 51 сям’я атрымала ключы ад утульных, камфортных «аднапакаёвак», «двушак» і «трошак» у новенькай шматпавярхоўцы Мар’інай Горкі. Павіншаваць навасёлаў прыехалі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка і камандуючы войскамі сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка.

Сучасная пяціпавярхоўка прыгожа вылучаецца на фоне сваіх «субратаў»: яркі фасад у цёплых танах, акуратныя панарамныя балконы, а ў двары — сапраўдныя ўмовы для дзяцей: горкі, арэлі, міні-спартыўны комплекс. Ёсць і зоны адпачынку з лавачкамі. Вось яна — камфортная прастора для камфортнага жыцця!
Як падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця дома старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка, ваеннаслужачым неабходна ствараць годныя ўмовы для жыцця: «Вы з’яўляецеся абаронцамі Айчыны, надзейнай апорай нашай дзяржавы, яе незалежнасці і суверэнітэту. І, безумоўна, для вас і вашых сем’яў неабходна ствараць годныя ўмовы для жыцця. І тут аснова — жыллё. Сімвалічна, што яно ў вас з’явілася напярэдадні свята Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. Ад усёй душы вас віншую з такой знамянальнай падзеяй. Упэўнены: гэты дом стане надзейным тылам, напоўненым шчасцем, цеплынёй і сямейнымі ўзаемаадносінамі».

Хай у дамах навасёлаў гучыць дзіцячы смех, — пажаданне камандуючага войскамі сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёра Вадзіма Дзенісенкі: «Калі дома ўсё добра, спакойна, калі сям’я жыве ў камфортных умовах, дзеці ў школе, у садку, жонка працуе, то можна ісці спакойна, выконваць любыя задачы, служыць. А 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння пастаянна ў камандзіроўках, на ўсіх палігонах краіны, яны ўсюды перамяшчаюцца. Таму было важна стварыць ім камфортныя ўмовы». Паводле яго слоў, у апошнія гады нямала ваеннаслужачых Мар’інай Горкі палепшылі жыллёвыя ўмовы. Вялікія планы і на перспектыву — запланавана будаўніцтва кааператыўнага, арэнднага жылля.
Пасля ўрачыстага адкрыцця госці азнаёміліся з умовамі пражывання. Толькі паспелі падняцца на другі паверх — як іх тут жа «перахапіла» сям’я Каненя. Старшы інструктар па спорце атрада вайсковай часці 89417 Канстанцін і яго жонка Надзея не хаваюць: сёння адзін з самых шчаслівых дзён у іх жыцці, калі не лічыць з’яўлення на свет дачушкі Міланы. «Да гэтага два гады здымалі аднапакаёвую кватэру: вядома, умовы былі сціснутыя... Зараз зусім іншая справа: тры пакоі, у дачкі, нарэшце, з’явіцца, свой! Яна шчаслівая: разам ужо мэблю прыглядаем! — расказвае маці Надзея. — Дарэчы, пераехалі не вельмі далёка ад нашай былой здымнай кватэры, таму школу дачцэ мяняць не прыйдзецца. І сам мікрараён добра ведаем: дзе бальніца, паліклініка, крамы».

Надзея ўдакладніла: жыллё, ключы ад якога яны сёння атрымалі, — арэнднае: «Але ж кватэру можна будзе выкупіць па выслузе гадоў, так што яна цалкам стане нашай!» Прасторная гасціная з вялікімі вокнамі, сучасная кухня, дзве спальні. Сюды так і просіцца які-небудзь стыльны гарнітур, на сценах не хапае мілых сямейных фатаграфій. Канстанцін і Надзейа кажуць у адзін голас: «Усё будзе!».
«Ужо ведалі, што прыкладна ў сярэдзіне года пераедзем сюды, таму паціху закупляліся мэбляй. Засталося толькі зрабіць генеральную ўборку, і можна завозіць канапы, шафкі, тэхніку». На пытанне, як плануюць спраўляць наваселле, муж і жонка Канені адказалі не адназначна: хутчэй за ўсё, застолле будзе ў першай палове жніўня. Над пачастункам для гасцей яны пакуль не думалі — часу няма. Зрэшты, гэтую частку пытання ўзяў на сябе губернатар — Аляксей Кушнарэнка падарыў сям’і вялікі прадуктовы кошык. У ім сабрана самая смачная прадукцыя вядомых брэндаў Мінскай вобласці — ёсць усё для шчодрага застолля! «Смачнага, камфортнага і шчаслівага вам жыцця на доўгія гады», — пажадаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.
У адказ Надзея запрасіла гасцей да стала. У душэўнай гутарцы гаспадары кватэры падзяліліся, як плануюць уладкаваць кватэру, расказалі, у якую школу будзе хадзіць Мілана. А ў размове з журналістамі Надзея прызналася, што плануе яшчэ як мінімум адзін раз стаць мамай: «Хочам з мужам хлопчыка! Жылплошча зараз дазваляе, так што задача нумар „адзін“ — пераехаць. Нумар „два“ — падарыць Міланцы браціка!»
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота БелТА.