Станаўленне незалежнай краіны — праз асобу
Прэзентацыя ангамоўнай версіі кнігі адбылася ў МЗС.

Англамоўная рэдакцыя кнігі выдадзена тыражом у 2 тысячы экзэмпляраў. Першымі азнаёміліся з выданнем беларускія дыпламаты. Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць штогадовы семінар кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі. І прэзентацыя стала яго цэнтральным мерапрыемствам.
З моманту з’яўлення кнігі на рускай мове да яе была вялікая цікавасць на знешнім контуры, таму пераклад на англійскую мову стаў заканамерным і неабходным крокам, адзначыў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.
Паводле яго слоў, нельга было пакінуць без увагі цікавасць замежнай аўдыторыі да феномена беларускай дзяржавы — незалежнай, сацыяльна-арыентаванай — і да асобы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, з якім непарыўна звязана гісторыя станаўлення і развіцця Рэспублікі Беларусь
Прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант падкрэсліла, што вопыт Беларусі, у тым ліку палітычны, на сучасным этапе вельмі запатрабаваны і абавязкова трэба яго паказваць, дзяліцца ім на як мага больш шырокую аўдыторыю. «Прызначэнне, сутнасць і неабходнасць выдання іншамоўных версій кнігі — менавіта ў гэтым. Калі праз біяграфію нашага Прэзідэнта, праз яго жыццёвы шлях, яго асобу, якая цікавіць і сяброў, і ворагаў, мы паказваем шлях суверэннай Беларусі — нашы першыя, самыя складаныя і самыя, напэўна, важныя 30 гадоў», — сказала Наталля Эйсмант.

«Мы зрабілі, таму што нельга было не зрабіць, — дадала яна. — Але наколькі яна будзе запатрабавана, наколькі правільна ўспрынята — гэта, вядома, залежыць ад вас. Вы дакладна будзеце адчуваць, як і дзе трэба, каб гэта кніга прагучала».
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў звярнуў увагу, што з’яўленне іншамоўнай версіі — адказ на запыт ад патрыётаў замежжа, які ўзнік адразу пасля таго, як выйшла кніга на рускай мове. З’явілася рэдакцыя на англійскай мове, і, верагодна, у будучыні могуць з’явіцца версіі на іншых мовах. Якіх менавіта — трэба вызначыцца ў тым ліку пры садзейнічанні дыпкорпуса.

«Нават у тых краінах, якія мы можам аднесці да дружалюбных, якія па-сяброўску ставяцца да нашай краіны і Прэзідэнта, аб’ектыўнай інфармацыі аб Беларусі не так шмат. Яна ўзнікае сітуацыйна, падзейна, — адзначыў Уладзімір Пярцоў, звяртаючыся да дыпламатаў. — Гэту інфармацыйную сцяну вам даводзіцца прабіваць кожны дзень, праводзячы сустрэчы з дыпламатычнымі, палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі, грамадскімі элітамі ў краінах знаходжання, непасрэдна працуючы з пярэчаннямі, разбіваючы фэйкі і стэрэатыпы».
«Упэўнены, што кніга будзе вам годнай дапамогай у той няпростай рабоце, якую вы праводзіце, каб тыя самыя эліты, якія займаюць недружалюбную пазіцыю ў адносінах да нашай краіны, азнаёміўшыся з дакументальна-біяграфічным нарысам, змаглі б змяніць сваё стаўленне да нашай краіны і нашага Прэзідэнта і стаць нашымі калі не саюзнікамі, то тымі людзьмі, якія не будуць садзейнічаць прыняццю чарговых „пакетаў“ і стварэнню чарговых з’едлівых выказванняў», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

«Праз гэту кнігу можна будзе паказаць, як наш Прэзідэнт за 30 з невялікім гадоў стварыў тую самую Рэспубліку Беларусь, якой мы ганарымся», — упэўнены Уладзімір Пярцоў.
Паводле БелТА