Top.Mail.Ru

Кнігавыдаўцы аналізуюць тэндэнцыі кніжнага рынку

І ў гэтым ім дапамагае Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, дзе праходзяць сацыялагічныя даследаванні чытацкіх інтарэсаў і магчымасцяў. Кнігі выходзяць і прадаюцца на працягу года, і прасоўваць іх трэба ўвесь час, а не толькі на спецыялізаваных мерапрыемствах. Пра гэта ішла гаворка паміж спецыялістамі галіны на семінары-практыкуме, які быў прысвечаны асаблівасцям кніжнага рынку Беларусі, тэндэнцыям яго развіцця і перспектывам: трэба разумець, на што арыентавацца ў рабоце. У прыватнасці, як прадаваць кнігі на маркеплэйсах, падзяліліся досведам расійскія калегі.


Кніжная сфера трансфармуецца. Адбіваецца ўплыў лічбавых тэхналогій, змяненне спажывецкіх звычак насельніцтва, аб’яднанне бізнесу і творчасці, растуць фарматы электронных і аўдыякніг, развіваюцца разнастайныя сэрвісы і анлайн-платформы, змяняюцца спосабы дыстрыб’юцыі. Варта прыцягнуць найлепшыя кадры ў галіну, данесці каштоўнасць кнігі да маладога пакалення і сфарміраваць у вачах патэнцыяльнай аўдыторыі вобраз кніжнай індустрыі як сучаснай, тэхналагічнай, паспяховай.

— Кніга — не проста тавар, а інструмент развіцця асобы, гэта інтэлектуальны падмурак і адзін з элементаў захавання, данясення і ўплыву на інфармацыйны складнік краіны, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусі Дзяніс Езерскі.

Летась дзейнасць па выпуску выдавецкай прадукцыі ажыццяўлялі 233 выдаўцы. У 2025-м у Беларусі выпушчана 7137 найменняў кніг і брашур агульным тыражом каля 18,2 мільёна экзэмпляраў.

— Дзяржаўная падтрымка крытычна важная, на наш погляд, для захавання развіцця кніжнай галіны, што дасць магчымасць зменшыць сабекошт кніжнай прадукцыі і зрабіць яе больш даступнай для спажыўца, — падкрэсліў Дзяніс Езерскі. — І, што немалаважна, у доўгатэрміновай перспектыве гэта паспрыяе захаванню культурнай і інтэлектуальнай спадчыны краіны.


Якім чынам захады па падтрымцы кніжнай галіны ўплываюць на канчатковы вынік — інтарэс да кніг і іх продажы — сведчаць у тым ліку вынікі работы кніжных выставак-кірмашоў.
Паводле даных, у першы дзень работы ХХХІІІ Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш наведала больш за 11 тысяч чалавек. Сярод іх правялі даследаванне сацыёлагі профільнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук па заказе Міністэрства інфармацыі. Амаль 37 % апытаных наведваюць выстаўку-кірмаш рэгулярна, і гэтая аўдыторыя пашыраецца год ад года. Мужчыны схільныя часцей наведваць міжнародную кніжную выстаўку, чым жанчыны. Прыкладна 35 % тых, хто наведаў кірмаш у першы дзень, прызналіся, што яны тут упершыню. Сярод матываў прыйсці дамінуюць жаданне пашырыць веды і магчымасць даведацца пра кніжныя навінкі. Расце колькасць тых, каго прыцягваюць сустрэчы з канкрэтнымі аўтарамі.

Наведвальнікі адзначалі і магчымасць набыць кнігі па выдавецкім кошце (гэты паказчык набліжаеца да 40 % ад усіх апытаных). Традыцыйна дамінуе мастацкая літаратура — сярод больш чым 50 % наведвальнікаў, прычым яе больш ахвотна набываюць жанчыны. Гістарычная літаратура і навукова-папулярныя кнігі больш запатрабаваныя ў мужчын. Традыцыйна карыстаецца ўвагай навучальная, адукацыйная літаратура для дзяцей і падлеткаў.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю